Каля 500 праваслаўных вернікаў адмаўляюцца прыняць новыя пашпарты

Кастусь Бандарук, Прага Зь першага ліпеня гэтага году ў Беларусі перасталі дзейнічаць савецкія пашпарты, а таксама – беларускія з выявай “Пагоні”, і былі ўведзеныя новыя дакумэнты, з пэрсанальным нумарам. Аднак некаторыя людзі менавіта з прычыны гэтага нумару ня хочуць прыймаць новыя пашпарты. На падставе сваіх рэлігійных перакананьняў яны лічаць, што ў пэрсанальных нумарох прысутнічае лічба Антыхрыста: 666. Ці сапраўды пачынае спраўджвацца біблейскае прароцтва? Ці ў эпоху электронікі і рознамаітых лічбавых кодаў апраўданая боязь перад “пячаткай Антыхрыста”? Якая афіцыйная пазыцыя Царквы ў гэтым пытаньні?
Ужо здаўна па ўсім сьвеце шырока скарыстоўваюцца розныя электронныя карткі. Большасьць людзей маюць свае нумары банкаўскага рахунку, або страхавога полісу. Аднак у некаторых краінах, у прыватнасьці ў Беларусі, увядзеньне пэрсанальнага коду выклікала шмат пратэстаў па рэлігійных матывах, з боязі перад так званай “ пячаткай Антыхрыста”.

Наяўнасьць пашпарту неабходная ў шматлікіх сытуацыях: пры ўладкаваньні на працу, атрыманьні мэдычнай дапамогі, пры выплаце пэнсіі. Аднак не зважаючы на відавочныя нявыгады, некаторыя грамадзяне Беларусі адмаўляюцца ад новых пашпартоў. Як паведаміла нашаму радыё кіраўніца Дэпартамэнту ў справах грамадзянства і міграцыі Лідзія Іванчыкава, каля 500 праваслаўных вернікаў адмаўляюцца прыняць новыя пашпарты менавіта з рэлігійных матываў, то бок – з прычыны наяўнасьці ў іх асабістага коду.

Да гэтай групы належаць і два гомельскія настаўнікі – Ўладзімір Буханаў і Сьвятаслаў Шапавалаў. Летась яны спрабавалі атрымаць палітычны прытулак на Ўкраіне, нядаўна распачалі галадоўку і маюць намер працягваць яе да таго часу, пакуль ім ня выдадуць альтэрнатыўныя дакумэнты, без асабістых нумароў. Як разказала ў адной зь перадачаў “ Палітычнай геаграфіі” пэнсіянэрка зь вёскі Балоты Кобрынскага раёну, некаторыя вяскоўцы не бяруць новыя пашпарты, хаця бяз іх нельга атрымліваць пэнсію.

(Спадарыня Дамініка: ) “Гэтыя пашпарты мяняюць...Калі разабрацца, мы ўжо ня людзі, а ўжо быдла калгаснае. Гэта значыць, што я ўжо ня буду хрышчонай Дамінікай. У кампутар завядуць, і ўжо пайду паводле нумару... Ёсьць такія людзі, якія пашпартоў не памянялі, і іх пакрыўдзілі, ім ня выдалі пэнсіі. І я сама не памяняла. Хай мне ўжо і той пэнсіі не даюць... А мне ж той нумар непатрэбны. І кампутар не патрэбны. Тады сатану прымеш на сваю душу. У кампутар нас занясуць, а кампутар – гэта злы дух”.

Адкуль гэтая боязь перад нумарам, і пры чым тут сатана? Уся гісторыя пачалася ў 1997 годзе. Тады, у адказ на просьбу праваслаўнага архіепіскапа Нэктарыя, грэцкі кампутаршчык Фама Псарас паведаміў, што ў штрыхкодах “скарыстаныя тры патаемныя двайныя штрыхі, якія выпадкова азначаюцца лічбамі “6”. Нагадаю, што штрых-коды – гэта графічная выява лічбаў пэрсанальнага нумару ў выглядзе лініяў рознай таўшчыні.

Тэолягі адразу прыгадалі, што пра “лічбу Антыхрыста – 666” гаворыцца ў 13 разьдзеле Кнігі Адкрыцьця Яна Багаслова. “Усім, малым і вялікім, багатым і бедным, вольным і рабам – пакладзена будзе кляймо на правую руку іхнюю, альбо на лоб іхні, і што нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага...Хто мае розум, той хай палічыць лічбу зьвера, бо гэта лічба чалавечая: лічба ягоная шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць”. (Адкр.13, 16-18)

Тое, што менавіта з рэлігійных меркаваньняў некаторыя праваслаўныя вернікі адмаўляюцца ад новых пашпартоў, пацьвердзіў прадстаўнік Беларускага Экзархату РПЦ – архімандрыт Аляксей Шынкевіч.

(Шынкевіч: ) “Сапраўды, сярод вернікаў праблема асабістых нумароў – немалаважная. Больш адукаваныя вернікі ставяцца да ўвядзеньня новых пашпартоў ды іншых дакумэнтаў нармальна, станоўча. Але, што тычыцца вернікаў, якія нядаўна далучыліся да Царквы, дык яны вельмі асьцярожна і нават варожа ставяцца да гэтых нумароў. Гэта зьвязанае найперш з тым, што некаторыя цэрквы, у прыватнасьці, Грэцкая і Ўкраінская, наогул лічаць, што зараз у сьвеце адбываецца працэс, які можна назваць “апакаліптычным”. Кожны чалавек павінен быць пад электронным кантролем, і чалавечае жыцьцё становіцца несвабодным, залежным ад усялякага тыпу дакумэнтаў, што асабліва бачна на прыкладзе заходніх дзяржаваў. Там чалавек пазнаецца не як асоба, але калі ў яго нейкі электронны нумар. Праблема тым болей складаная, што той асабісты нумар, які дакладна вывучылі спэцыялісты, у тым ліку і веруючыя, зьмяшчае лічбу вядомую зь Бібліі – “666”. Яны пытаюць, чаму ў гэтым кодзе ня можа быць лічба напрыклад “777”. Вось і ў гэтым уся праблема”.

Трэба адзначыць, што ў разьвітых краінах, пэрсанальныя нумары надаюцца здаўна, і яны не выклікаюць там супраціву. У ФРГ-пэрсанальны нумар атрымлівае кожны грамадзянін, які дасягне паўнагадовасьці. У Францыі – з моманту атрыманьня першага заробку, у ЗША – з моманту нараджэньня. Аднак у Расеі й на Ўкраіне гэтыя нумары выклікалі сапраўдную гістэрыю. Манахі з Валаамскага манастыра і Тройца-Сергіевай Лаўры, а таксама многія сьвятары наадрэз адмовіліся прыймаць ІНН – ідэнтыфікацыйныя нумары падаткаплацельшчыка. Яны пачалі агітаваць супраць “Пячаткі Антыхрыста” і сярод вернікаў. У Адэсе праваслаўны сьвятар гэтак напалохаў парафіянку, што тая нібыта прыняла ў душу сатану, што жанчына скончыла жыцьцё самагубствам.

Рознагалосьсі ў гэтым пытаньні ледзь не закончыліся для РПЦ расколам, а для дзяржаўнай ўлады – непаслушэнствам. Аднак на паседжаньні тэалягічнай камісіі ў Тройца-Сергіевай Лаўры тэолягі прыйшлі да высновы, што любыя нумары – гэта “справа асабістага выбару”, якая “ня мае рэлігійнага значэньня”.

У афіцыйнай заяве РПЦ з 20 лютага 2001 г. гаварылася: “ніякае тэхналягічнае дзеяньне ня можа само па сабе зрабіць пераварот у патаемных глыбінях чалавечай душы і прывесьці да забыцьця пра Хрыста... Пячатка зьвера ставіцца на тых, хто сьведама паверыць у сатану... Ніякі знак не парушае духоўнае здароў’е, калі не становіцца знакам сьведамай здрады Хрысту й патаптаньня веры”.

А якая афіцыйная пазыцыя Беларускага Экзархату РПЦ? Вось, што сказаў на гэты конт Архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

(Шынкевіч: ) “Што тычыцца Праваслаўнай Царквы на Беларусі, дык для нас, большасьці, гэта не праблема. Аднак ёсьць такія вернікі, якія лічаць, што прыняцьце новых дакумэнтаў роўназначнае з адрачэньнем ад Хрыста і пазбаўленьнем сябе магчымасьці збаўленьня.

Сьвятары раяць перш за ўсё быць спакойнымі і мудрымі, ўраўнаважанымі ў гэтым пытаньні. Ёсьць і пэўныя захады з боку кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт Філарэт зьвяртаўся да ўраду, каб вернікі, якія ня хочуць мець пэрсанальны нумар, маглі атрымаць альтэрнатыўныя дакумэнты. На жаль, канкрэтнага адказу з боку ўладаў яшчэ не было, хаця праводзіліся перамовы з чыноўнікамі, якія займаюцца гэтай справай. Аднак канчатковага дакумэнту яшчэ не выпрацавана. Таму Царква заклікае вернікаў быць больш цярплівымі і мудрымі”.

Некаторыя лічаць, што збор самай рознай інфармацыі пра чалавека, закадаванай у шэрагу лічбаў, можа ператварыцца ў татальны кантроль над асабістым жыцьцём чалавека. Існуюць праекты, каб па ўсім сьвеце ўвесьці ідэнтыфікацыйныя коды на ілбе або правай руцэ, як гэта была прадказана ў Кнізе Адкрыцьця. Нумар быў бы выпалены лазерным промнем пад скурай або меў бы форму мікрачыпу. Такі нумар зьмяшчаў бы ня толькі пэрсанальныя дадзеныя, але і стан банкаўскага рахунку. Ён быў бы нябачны голым вокам, але ў банках і супермаркэтах ён адчытваўся б з дапамогай спэцыяльных сэнсараў. Тады сапраўды, як гаварылася ў Бібліі, без гэтага нумару нельга было б нічога ні купіць, ні прадаць. На гэтую небясьпеку зьвярнуў увагу эпіскап Царквы Пяцідзесятнікаў Сяргей Хоміч, які, аднак, ня бачыць нічога дрэннага ў пэрсанальным кодзе ў новых пашпартох:

(Хоміч: ) “У нас гэтай праблемы не існуе. Ніхто ніколі не ўздымаў гэтае пытаньне. Як я разумею, гэта звычайны нумар, нададзены чалавеку. Імя ці нумар, гэта ў канчатковым выніку чыста тэхнічнае дзеяньне. Але наагул са Сьвятога Пісьма вядома, што прыйдзе час, калі людзі будуць атрымліваць спэцыяльнае кляймо. Ужо цяпер плянуецца ўвядзеньне пад скуру спэцыяльных мікрачыпаў, якія будуць зьмяшчаць усю інфармацыю пра чалавека. Вось тут існуе небясьпека, што чалавек будзе падлягаць кантролю з боку нейкай сілы або нейкага цэнтру. Менавіта гэта павінна насьцярожваць і хваляваць, і я думаю, што праваслаўныя людзі баяцца якраз гэтага, калі чалавекам будзе кіраваць вялізны монстар у выглядзе звышмагутнага кампутара.

А нумар у пашпарце – гэта проста нумар. Трэба ж неяк упарадкаваць паводле адной сыстэмы асноўную інфармацыю пра грамадзянаў. Я ня бачу ў гэтым праблемы. Я не магу гаварыць за ўсе нашыя цэрквы, але мы ніколі не абмяркоўвалі гэтую праблему. Яна ў нас не ўзьнікала. Праблема нумару ў пашпарце, гэта яшчэ не праблема”.

Найбольш заўзятыя праціўнікі пэрсанальных кодаў лічаць, што справа ня толькі ў наяўнасьці трох шасьцёрак. Іх хвалюе пэрспэктыва падмены самога чалавека, ягонай асобы і біяграфіі бяздушным нумарам. Маўляў, у нацысцкіх лягерох сьмерці вязьні маглі забыць пра сваё імя і прозьвішча. Яны атрымлівалі нумары ў выглядзе татуіроўкі, і для адміністрацыі лягеру ператвараліся ў нумары.

У час глябалізацыі, свабоднага перамяшчэньня людзей, тавараў і капіталу, магчыма, электроніка аблегчыць жыцьцё. Нумар можа замяніць пашпарт, банкаўскую картку і шэраг дакумэнтаў. Гэта – практычна. З другога боку, нельга ігнараваць і такую думку некаторых вернікаў, што гэта – крок у напрамку “плянэтарнай сыстэмы кантролю над насельніцтвам з боку нейкага цэнтру, задачай якога зьяўляецца падрыхтоўка царства Антыхрыста”. Хрысьціяне могуць не хацець, каб дзяржава зьмяніла іхныя імёны, дадзеныя ў часе хросту, на іншыя – у выглядзе лічбаў. Імя – сьвятое і непарушнае. Яно даецца ў гонар нейкага сьвятога, і ёсьць сымбалем лучнасьці са сьвятымі й з Царквою. Вось таму бабуля з Кобрынскага раёну, магчыма, і мае рацыю, калі хоча застацца Дамінікай, а не ператварыцца ў нейкі нумар у кампутары.