МАСКВА. Прадстаўнікі расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі (ФСБ) сёньня заявілі, што знайшлі сьляды выбухоўкі ў рэштках аднаго з самалётаў, што пацярпелі катастрофу ўва аўторак увечары. Яны таксама паведамілі, што самалёт відавочна пацярпеў катастрофу ў выніку тэрарыстычнага акту. Прэсавы сакратар ФСБ Мікалай Захараў сказаў, што службы бясьпекі ідэнтыфікавалі шэраг асобаў з магчымымі дачыненьнямі з тэрарыстычнымі групоўкамі, але імёны гэтых людзей не назваў. Нагадаем, што два самалёты зьніклі з экранаў радараў з розьніцай у адну хвіліну. Ахвярамі авіякатастрофаў сталі 89 чалавек.
Генэральны сакратар НАТО Яап Дэ Хоап Схэфэр сёньня рэзка асудзіў меркаваныя напады на расейскія самалёты, назваўшы іх актамі барбарскага тэрарызму.