Міхаілу Марынічу выставілі новае абвінавачаньне і пакінулі ў ізалятары яшчэ на месяц

Алег Грузьдзіловіч, Менск 26 жніўня сьледчыя ў справе Міхаіла Марыніча паведамілі адвакату Веры Страмкоўскай, што ўтрыманьне Міхаіла Марыніча пад вартай працягнулі яшчэ на месяц, да 26 верасьня. Адпаведную пастанову падпісаў пракурор.
Прычына, паводле якой Міхаіла Марыніча ня вызвалілі да суду, ранейшая: засьцярога з боку сьледчых, што ён уцячэ і гэтым нанясе шкоду расьсьледаваньню. Таксама Міхаілу Марынічу вылучылі новае абвінавачаньне — крадзеж маёмасьці. Сьледчыя падазраюць былога міністра ў тым, што ён скраў маёмасьць, якая належала грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Паводле артыкулу, які інкрымінаваны Міхаілу Марынічу, яму пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

Міхаіла Марыніча арыштавалі 26 красавіка і ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка”. Да гэтага часу экс-міністра і амбасадара абвінавачвалі ў незаконных дзеяньнях са зброяй. На гэта ён заяўляў, што знойдзены ў яго баявы пісталет яму наўмысна падкінулі. Напярэдадні затрыманьня Міхаіл Марыніч зьбіраўся ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах і не выключаў свайго удзелу ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле адваката Веры Страмкоўскай, новае абвінавачаньне ў крадзяжы маёмасьці Міхаіл Марыніч абвяргае.