Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 26 жніўня
26 жніўня 1933 году была прынятая сумнавядомая пастанова Савету Народных Камісараў БССР у моўным пытаньні – “Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу”. Гэты дакумэнт стаў яшчэ адной вяхой выцясьненьня роднае мовы з шырокага грамадзкага ўжытку. Менавіта пасьля і ў выніку той пастановы распаўсюдзілася меркаваньне пра “грубасьць” беларускае мовы. Гэта ня дзіўна, бо найбольш прыкметнай ахвярай рэфарматараў стаў мяккі знак. Большасьць мовазнаўцаў краіны не прынялі таго грубага ўмяшаньня чыноўнікаў у моўныя справы і былі рэпрэсаваныя – расстраляныя ці сасланыя ў ГУЛАГ. Сёньня ў Беларусі адбываюцца спрэчкі паміж прыхільнікамі правапісу 1933 году, які называюць “наркамаўкай” і тымі, хто кіруецца дарэформавымі нормамі, гэта значыць, піша “тарашкевіцай”. Мы ж завершым гэты каляндарны сюжэт цытатай з той урадавай пастановы: “З мэтай далейшага разьвіцьця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкаваньня беларускага правапісу задачам выхаваньня працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму, Савет Народных Камісараў БССР пастанаўляе ўнесьці ў існуючы правапіс наступныя зьмены...”
Сьпіс славутых людзей, якія прыйшлі на сьвет 26 жніўня, распачынае імя Хрыстафора Калюмба, гішпанскага марахода і адкрывальніка Амэрыкі. У гэты ж дзень нарадзіўся францускі паэт Гіём Апалінэр. Ягоныя продкі – Кастравіцкія па лініі маці – паходзілі зь Беларусі. Жылі яны ў маёнтку Дарашковічы пад Наваградкам і сябравалі зь сям’ёй Адама Міцкевіча. Дзед паэта Міхал-Апалінар Кастравіцкі браў удзел у паўстаньні 1863 году разам са сваімі братамі Юзафам і Адамам. Браты (у тым ліку й будучы бацька беларускага паэта і мастака Казіміра Кастравіцкага – Каруся Каганца) былі высланыя расейскімі ўладамі ў Сібір і Арэнбург, а Міхалу-Апалінару ўдалося ўцячы зь сям’ёй у Італію. Таксама 26 жніўня ў 1914 годзе нарадзіўся аргентынскі пісьменьнік Хуліё Картасар.
А яшчэ ў гэты дзень у 1940-м годзе прыйшоў на сьвет скульптар Анатоль Арцімовіч. Жыхары беларускай сталіцы ведаюць ягоны вялізны рэльеф на фасадзе Дому модаў у Менску. Называецца гэты твор “Салідарнасьць”. Апроч гэтага, Арцімовіч браў удзел у стварэньні Кургана Славы і мэмарыялу ў Берасьцейскай крэпасьці.