Суд прызнаў праваабронцу вінаватым у абразе, але ніхто так і не даведаўся, што гэта была за абраза

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Юрыст і праваабронца Аляксандра Шавеля прызнаны вінаватым у абразе пракурора Бярозаўскага раёну і мусіць сплаціць штраф памерам 38 тысячаў беларускіх рублёў.
Падчас сёньняшняга паседжаньня ўдзельнікі судовага працэсу так і не даведаліся, якія абразьлівыя словы выкарыстаў праваабаронца Аляксандар Шавель у размове з пракурорам Бярозаўскага раёну Мячыславам Курыловічам.

Між тым гэтыя словы сталіся ня толькі прычынай да разгляду адміністратыўнай справы ў судзе, але і затрыманьня спадара Шавеля, які амаль суткі правёў у міліцэйскім пастарунку.

Сам Аляксандар Шавель спрабаваў давесьці, што ніякіх ганебных словаў не выказваў.

(Шавель: ) “Я казаў у размове пракурору, што мяне “дасталі”. А яны не назвалі ў судзе ня тое што прамым тэкстам, але нават у перакладзе на звычайную мову блізкае па сэнсе слова”.

Тым ня менш, судзьдзя Вадзім Марголь прыняў рашэньне пакараць бярозаўскага праваабаронцу штрафам памерам у дзьве базавыя велічыні – гэта 38 тысячаў рублёў.

Судовы працэс у справе Аляксандра Шавеля прадстаўнікі апазыцыі ў Бярозе наўпрост зьвязваюць з выбарчай кампаніяй у палату прадстаўнікоў. Спадар Шавель ёсьць актыўным сябрам ініцыятыўнай групы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Юрася Губарэвіча, кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ.