Кожны чалавек ваюе з Богам

Сяргей Абламейка, Прага Як сьцьвярджаюць багасловы, шмат зямных клопатаў і радасьцяў замінаюць людзям бачыць і разумець сапраўдны вобраз Бога. Гэта ня толькі матэрыяльныя рэчы, багацьце, але і розныя пляны, славалюбства, праблемы са здароўем і незагоеныя маральныя раны. Паміж чалавекам і Богам можа стаць і іншы чалавек. Такія перашкоды, бывае, прымушаюць чалавека забыцца на першае прыказаньне – Я Госпад твой, ня май іншых багоў.
Адзін з варыянтаў адказу на пытаньне – што ў чалавеку канкуруе з Богам – прапанаваў нядаўна на старонках газэты “Katolicky Tydenik” польскі сьвятар Зьдзіслаў Цясельскі, які працуе ў Чэхіі. Галоўнай перашкодай на шляху паразуменьня чалавека з Богам ксёндз Цясельскі лічыць пыху, а таксама падмацаваныя гэтым сьветам жаданьні, якія Бога не бяруць у разьлік.

Бывае таксама, што чалавек успрымае Бога не зусім так, якім яго вучыць успрымаць царква. Тады кажуць, што чалавек мае фальшывы вобраз Бога. Прычым, бывае, што ня толькі мае, але і служыць гэтаму фальшываму вобразу. Я прапанаваў праваслаўнаму сьвятару з Горадні айцу Аляксандру Велісейчыку паразважаць на тэму правільнага і фальшывага вобразу Бога ў вачах вернікаў.

(Велісейчык: ) “Яшчэ са школьнай пары, я памятаю, мне давялося пачуць у адзінаццатай клясе такую прымаўку ці прыказку: калі мы грашым, то дыявал дае чалавеку сьмеласьць і забірае сорам. Калі мы стаім перад споведзьдзю, то наадварот, дыявал забірае ад чалавека сьмеласьць і дае сорам. Гэта можна назваць такім ілжывым сорамам. Вось могуць быць такія памылкі: у першым разе – калі мы фальшыва спадзяемся на тое, што Бог усё даруе. З другога боку можа быць такая памылка як адчай, што Бог мне ні ў якім разе не даруе.

Яшчэ якія могуць быць, на мой погляд, памылкі? Адну зь іх можна выказаць рымскай пагаворкай: “do ut des”, “даю, каб ты мне даў”. Гэта значыць, выканаў які-небудзь абрад, прынёс, у царкву ахвяру, апусьціў у скарбонку, паставіў сьвечку – і лічыць чалавек, што ён чымсьці Бога сабе абавязаў, што бяз гэтага, без маёй ахвяры нічога быць не магло, і тое, што я сам прыйшоў у храм – гэта ўжо як бы для кагосьці вялікі гонар. Пра гэты момант вельмі цудоўна сказана ў кніжцы Клайва і Льюіса “Пісьмы баламута”.

І яшчэ адна такая памылка, яшчэ, можа, больш небясьпечная, але, на жаль, зараз вельмі распаўсюджаная, што людзі часта гавораць “Бог у мяне ў душы”. Калі б гэта, мне здаецца, сказаў бы падзьвіжнік, які пражыў 80 год у пустыні, калі б гэта сказаў мучанік, перад якім стаяла дылема: “адрачыся ад Хрыста і захаваць жыцьцё – ці застацца верным яму цаной свайго жыцьця?”, і ён застаўся верным Хрысту, вось тады гэта былі б не пустыя гукі. Але калі часта зараз чалавек ня ведае нават малітвы гасподняй і кажа, што “Бог у мяне ў душы”, то гэта бывае вельмі-вельмі вялікай памылкай. Бо гэта такі стан, які чалавека ні да чаго не абавязвае, і ён нават не імкнецца пазнаць Бога, не імкнецца пазнаць волю божую, божую задумку наконт сябе. Вось такі стан душы, такая памылка, напэўна – самая страшная з усіх тых, што я пералічыў”.

Такія вось думкі праваслаўнага сьвятара з Горадні айца Аляксандра Велісейчыка пра няслушнае ўспрыняцьце Бога.

Сярод асноўных фальшывых вобразаў Божых багаслоўе вылучае два. Першы – гэта ўяўленьне, што Бог вельмі грозны і Яго трэба баяцца. Другое няправільнае ўяўленьне аб Богу – гэта яго нібыта абыякавасьць адносна людзей: маўляў, ён на нас не зьвяртае ўвагі і не дае нам тое, што мы ад Яго чакаем. Бывае таксама, чалавек думае, што ён вельмі блізкі да Бога, а насамрэч яго сэрца настолькі халоднае, што даўно ўжо яго аддаліла ад нябёсаў. Не азначае таксама блізкасьць да Бога і веданьне Божага Слова: той, хто ведае Біблію, не абавязкова супрацоўнічае з Госпадам. І наадварот, той блізкі да нябёсаў, хто мае сумоўе паміж Божым Словам і сваім рэальным жыцьцём.

Адзін з пастулятаў тэалёгіі – калі чалавек не сьвяты, ён ня здолее навязаць з Богам правільныя адносіны. Багасловы лічаць, што самай важнай ёсьць інтэнсіўнасьць перажываньня Божай прысутнасьці ў нашым штодзённым жыцьці. Такую здольнасьць Бог дае толькі глыбока пакорнай душы. Задача чалавека – гэтую здольнасьць ня страціць і не прамарнаваць, умець прыняць Госпада ва ўсім і ва ўсім яму адказаць. Польскі тэоляг айцец Аляксандар Жыхлінскі сьцьвярджае, што наколькі душа аддаецца Богу, настолькі і Бог дае ёй свае дары.

Бывае, што пры развагах аб адзінстве чалавека з Богам, згадваюць засьцярогу сьвятога Яна Хрысьціцеля, які некалі сказаў, што любая душа, якая прывязваецца да нейкага стварэньня, ня зможа злучыцца зь бясконцым Божым быцьцём. На такое пытаньне айцец Зьдзіслаў Цясельскі адказвае наступным чынам: ня важна, які шлях выбірае чалавек. Гэта можа быць манаскае жыцьцё, а можа быць жыцьцё ў шлюбе. Важна, каб чалавек захаваў вернасьць свайму выбару і пакліканьню, якое на яго ўсклаў Стваральнік.

Лічыцца, што кожны чалавек у сьвеце мае сваё пакліканьне, і задача кожнага з нас – знайсьці і распазнаць яго, ня збочыць зь яго на паўдарогі й застацца яму верным. Гэта будзе як бы датрыманьне дамовы, якую мы заключаем з Богам.

А што думаюць пра адносіны чалавека з Богам простыя людзі? Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі выйшаў на менскія вуліцы з пытаньнем: Бог – добры ці злы, карае ён ці ўзнагароджвае?

(Малады спадар: ) “Ну нават ня ведаю, Бог – ён і ёсьць Бог, ён сам добры, сам па сабе, напэўна. Як чалавек праваслаўны я так лічу”.

(Спадар: ) “Я думаю, што Бог карае, але збольшага ён прыйшоў на зямлю каб уратаваць наш сьвет ад усяго злога. І яшчэ я сам веру ў Бога. Я заўсёды нашу ікону. Я сам вялікі грэшнік, прасядзеў шмат год у астрозе, і толькі Бог мне дапамог: праз паўтэрміну я выйшаў. Усё маё жыцьцё зьвязанае з Богам”.

(Спадарыня: ) “Тое, што чалавек хоча, тое ён і атрымлівае, разумееце? Што ён ад яго чакае. Мы хочам дабра – мы яго атрымліваем, але мы павінны зразумець гэтае дабро, перадусім. Госпад вялікі, у яго агромністая душа, ён нам дорыць толькі дабро”.

(Спадар: ) “Паводле Пісаньня ён добры, але мне здаецца дзіўным, што ў галоўнай малітве мы кажам “Не ўвядзі нас у спакусу”, то бок, адпачатна мы баяліся, што ён увядзе нас у спакусу. Гэта ў мяне не ўкладаецца ў галаве: як бацька можа ўводзіць у спакусу дзіця?”

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што Бог – добры, што ён узнагароджвае людзей таму што ён падарыў людзям жыцьцё – гэта ўжо ўзнагарода, а тое што Ён карае людзей, дык я лічу, што людзі гэтага заслугоўваюць”.

(Іншая дзяўчына: ) “Я таксама лічу, што Бог добры, бо ён вельмі часта нам дапамагае, а калі й карае, дык гэта калі ёсьць за што”.

(Спадарыня: ) “Канечне, добры. Бог літасьцівы”.

(Спадар: ) “І тое, і тое. Заганы карае, а за дабро ўзнагароджвае”.

(Спадарыня: ) “У залежнасьці ад таго, што чалавек заслугоўвае, мабыць. Калі за добрыя учынкі, дык заахвочвае, а калі за дрэнныя – карае. За ўсё ў сьвеце трэба плаціць, наогул”.

(Маладзён: ) “Я лічу, што ён больш добры. І ўвогуле, я ў яго ня надта веру, аднак я лічу, што Бог – ён істота добрая. Людзі веруюць у Бога як у нешта лепшае, як у некага, хто дапамагае людзям”.

(Спадар: ) “Па-рознаму бывае. У залежнасьці ад сытуацыі. Кагосьці карае, да кагосьці, можа, добра ставіцца. Ну я сам праваслаўны, атэіст. Але паважаю, што некаторыя людзі, як кажуць, вераць у гэтую справу”.

(Маладзён: ) “Якія людзі, так ён і адносіцца да іх”.

(Карэспандэнт: ) “А сам па сабе Бог, як вы лічыце, ён добры ці злы?”

(Маладзён: ) “Добры, але не да ўсіх”.

Вось такія думкі менчукоў. Апытаньне правёў Альгерд Невяроўскі.

Да гэтых высноваў людзей на менскіх вуліцах дадамо, што Бог можа ўсё, у тым ліку і пакараць. Але лічыцца, што ён усё ж болей узнагароджвае. І калі нехта, напрыклад, захварэў, дык хваробу багасловы ўважаюць не пакараньнем за грахі, а сьледзтвам граху, сьледзтвам парушэньня чалавекам свайго духоўнага адзінства з Богам.

Багасловы таксама лічаць, што практычна кожны чалавек у нейкі спосаб ваюе з Богам, бо практычна кожны з нас у нейкі спосаб паранены грахом – ці то першародным, ці то сваім пэрсанальным. Якраз гэтая рана ўплывае на нашыя пачуцьці, якія ў кожнага розныя, і якраз яна часам не дазваляе нам са сваімі пачуцьцямі змагацца. Пачуцьці могуць нават процістаяць Богу, чалавек іх слухаецца і ў той момант увогуле ня здатны разумець, што яму Бог гаворыць. Тым ня менш, Бог выходзіць людзям насустрач, стараецца прарвацца праз прыроджаныя путы, каб спрыяць нашаму духоўнаму росту.

Пры гэтым, любыя адносіны – нават калі гэта шлюб ці трывалае сяброўства – ня маюць шанцаў пратрымацца доўга, калі яны заснаваныя толькі на прыроджаных натуральных сувязях. Раней ці пазьней яны распадуцца ці пяройдуць на вышэйшы, духоўны ўзровень. Каталіцкі тэоляг Андрэ Фрасард сказаў неяк, што Бог выбраў свабоду для чалавека і дапамагае гэтай свабодзе, якая павінна знаходзіць завяршэньне ў любові. Любоў жа ў сабе аб’ядноўвае ЎСЕ дары Сьвятога Духа, у тым ліку і страх Божы, які зьяўляецца пачаткам усялякай мудрасьці. Дзякуючы страху Божаму людзі стараюцца не пакрыўдзіць і сваіх блізкіх, і Стваральніка. Менавіта таму партнэрства, найперш шлюб, заснаваны толькі на прыродных сувязях, праходзіць стадыю крызысу, дэзынтэграцыі і аднаўляецца на вышэйшым узроўні, калі абодва бакі вераць у Бога і баяцца яго.