БАГДАД. Амэрыканскія самалёты нанесьлі бомбавы ўдар па пазыцыях ірацкіх паўстанцаў у гарадох Нэджэф і Фалуджа.
У Нэджэфе амэрыканскія вайскоўцы заатакавалі пазыцыі вакол мячэці Імам Алі, дзе забарыкадаваліся ўзброеныя прыхільнікі радыкальнага шыіцкага клірыка Мактады ас-Садра. Паведамляецца, што бамбаваньне пазыцыяў паўстанцаў даволі інтэнсіўнае і моцнае.
Раней, у часе прэсавай канфэрэнцыі, кіраўнік часовага ўраду Іраку Іяд Аляўі заявіў, што дае ас-Садру апошняе папярэджаньне.
(Алаўі) “Гэта вельмі простыя ўмовы – іх ухвалілі дэлегаты агульнанацыянальнай канфэрэнцыі. ас-Садр мусіць раззброіць сваіх прыхільнікаў ды пакінуць Нэджэф. У яго ёсьць шмат шансаў далучыцца да палітычных працэсаў у краіне”
Між тым у Багдадзе зь мінамёту абстраляная амбасада ЗША – два чалавекі параненыя.