Сёньня ў Гомельскім абласным судзе адноўлены разгляд пазову ўправы юстыцыі наконт ліквідацыі грамадзкага жаночага аб`яднаньня “Ініцыятыва”

Казімер Яноўскі, Гомель Галоўная прэтэнзія ўправы ў тым, што юрыдычны адрас грамадзкай арганізацыі знаходзіцца ў прыватнай кватэры.
Старшыня калегіі грамадзянскіх справаў Анатоль Дудзіч двойчы прыпыняў разгляд пазову, каб даць магчымасць аб`яднаньню абскардзіць дзеяньні Гомельскага райвыканкаму і ўправы юстыцыі. Яны, па-сутнасьці, не пагадзіліся на зьмену “прапіскі” грамадзкай арганізацыі. Аднак прэтэнзіі аб`яднаньня да ворганаў улады іншымі судамі былі адхілілі.

Старшыня жаночай “Ініцыятывы” Галіна Скараход і яе прадстаўнікі Ірына Кучвальская і Леанід Судаленка патлумачылі суду, што патрабаваньне ўладаў наконт юрыдычнага адрасу грамадзкіх арганізацыяў супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам Беларусі ў сфэры разьвіцьця актыўнасьці грамадзкіх фармаваньняў. Ворганы ўлады выкарыстоўваюць артыкул 8-ы Жыльлёвага кодэксу дзеля ўдушэньня актыўных грамадзкіх арганізацыяў.

Прадстаўнік управы юстыцыі Андрэй Міцкевіч не пагадзіўся на прапанову судзьдзі Дудзіча заключыць з “Ініцыятывай” міравое пагадненьне. Пракурор Марыя Чарнабай падтрымала пазоў управы юстыцыі наконт ліквідацыі жаночага аб`яднаньня.

Чакаецца, што суд вынесе свае рашэньне ў дачыненьні жаночай “Ініцыятывы” 20 жніўня.