Што выявіла рэгістрацыя ініцыятыўных групаў кандыдатаў у дэпутаты?

Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер.
(Валер Карбалевіч: ) “Закончыўся чарговы этап перадвыбарчай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў: рэгістрацыя ініцыятыўных групаў тых кандыдатаў, якія зьбіраюцца вылучацца шляхам збору подпісаў. Здавалася б, працэдура простая, патрабаваньні да дакумэнтаў ня строгія: каб у групы ўваходзілі паўнагадовыя грамадзяне Беларусі, прычым добраахвотна.

Аднак з 635 заявак зарэгістравана, з улікам рашэньня Цэнтарвыбаркаму, толькі 510. Адмоўлена ў рэгістрацыях 56 групам. З партыяў найбольш пацярпела Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”. З 50 заявак ад сяброў партыі незарэгістравана 15 – гэта прыкладна 30%. Якія галоўныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі?”

(Мікола Статкевіч: ) “Галоўная прычына адмоваў гучыць так: парушэньне прынцыпу добраахвотнасьці. Ініцыятыўныя групы ў нашай партыі вялікія. Калі зь 50 чалавек знаходзяць хоць аднаго, які падпіша заяву, што ён не даваў згоды на ўключэньне яго ў ініцыятыўную групу, то гэта зьяўляецца падставай для нерэгістрацыі ўсёй ініцыятыўнай групы.

Якім чынам улады атрымліваюць такія заявы? Найперш, на месцы працы адбываецца ціск і пагражаюць звальненьнем. У нас мала ініцыятыўных групаў у Менску. Заўсёды асноўныя свае сілы мы скіроўвалі ў рэгіёны. І калі ў маленькім мястэчку да чалавека на працы зьвяртаецца начальнік і патрабуе альбо падпісаць заяву аб звальненьні, альбо напісаць заяву ў акруговую камісію, то, на жаль, некаторыя паддаюцца. Таму што безвыходная сытуацыя, трэба карміць дзяцей.

На Віцебшчыне ў нашай партыі найбольш падрыхтаваная партыйная арганізацыя. І яна панесла найбольшыя страты, амаль палову. У Магілёўскай вобласьці ў ініцыятыўных групах у нас шмат маладых людзей. І вось брыгады на 5-6 чалавек з прадстаўнікамі міліцыі хадзілі вечарам па кватэрах і рабілі проста псыхалягічны ціск на маладога чалавека з падключэньнем запалоханых бацькоў. Нехта вытрымае, а нехта не. А патрэбная адна заява – і ўсё”.

(Сяргей Альфер: ) “У асноўным у сваіх адмовах камісіі спасылаліся на два артыкулы Выбарчага кодэксу: 4 і 5. Першая прычына: некаторыя сябры ініцыятыўных групаў не дасягнулі 18 гадоў альбо не былі грамадзянамі Беларусі. Але бальшыня адмоваў была нібыта з прычыны парушэньняў прынцыпаў добраахвотнасьці. Аднак правільней было б казаць, што частка сяброў ініцыятыўных групаў была выціснутая адтуль пад прымусам уладаў”.

(Карбалевіч: ) “Як бы вы маглі ацаніць тактыку уладаў, якая праявілася на гэтым этапе выбарчай кампаніі? Ці быў гэты ціск, санкцыянаваны зьверху? Таму што існуе даволі вялікая розьніца па рэгіёнах. Найбольш адмоваў было ў Магілёўскай (16 ініцыятыўных групаў не зарэгістравана) і Віцебскай (11) абласьцях. А вось у Гомельскай вобласьці – толькі тры”.

(Статкевіч: ) “Улада ўжывала сілу выбарачна, з улікам шанцаў апазыцыі. Нашая партыя таксама па Гомельшчыне не панесла ніводнай страты. Але гэта самы кансэрватыўны, найбольш праўладны рэгіён Беларусі. А там, дзе ў апазыцыі ёсьць шанцы, адміністрацыйны рэсурс ужываўся найболей. Мабыць, шмат залежала ад жаданьня мясцовай вэртыкалі выконваць загады”.

(Альфер: ) “Я думаю, што на гэтым этапе не было загаду зьверху не рэгістраваць ініцыятыўных групаў. Таму што калі б такі загад быў, то ў Менску не былі б зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы ўсіх вядучых дзеячоў апазыцыі. Мусіць, тлумачэньне ў тым, што шмат хто зь мясцовых кіраўнікоў і падпарадкаваных ім акруговых камісіяў хочуць быць, так бы мовіць, больш сьвятымі, чым сам “бацька”. Яны мяркуюць, што калі не зарэгіструюць шмат ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў, то ім за гэта нічога ня будзе. А вось калі яны зарэгіструюць, то можа быць дрэнна пэрсанальна для гэтага кіраўніка. Таму мясцовыя органы ўлады прымаюць рашэньні згодна са сваім разуменьнем”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, тактыка ўладаў выявілася ў тым, каб знайсьці слабыя бакі альбо хібы ў дзейнасьці апазыцыі і на гэтай падставе зьняць яе прадстаўнікоў. Зь іншага боку, робіцца адміністрацыйны ціск на каманды кандыдатаў. А якая тактыка апазыцыі ў гэтых умовах?

Найперш, трэба адзначыць, што апазыцыі ня трэба падстаўляцца. Вядома, што за яе кандыдатамі акруговыя камісіі будуць вельмі пільна сачыць і здымаць іх з кампаніі за самыя маленькія парушэньні. Таму падаецца несур’ёзным падыход тых апазыцыйных кандыдатаў, якія ўключылі ў свае ініцыятыўныя групы непаўнагадовых сяброў. І зь іншага боку, з 58 першапачаткова незарэгістраваных групаў скаргі ў Цэнтарвыбаркам падалі толькі 10 кандыдатаў. Чаму? Што, астатнія згадзіліся з рашэньнем акруговых камісіяў?”

(Статкевіч: ) “Па-першае, галоўная тактыка ўлады палягае ў тым, каб перашкодзіць апазыцыі правесьці моцную матывацыйную кампанію. Збор подпісаў – гэта якраз важная частка такой кампаніі, гэта праца ад дзьвярэй да дзьвярэй. І таму ўлады шукаюць прычынаў, каб перашкодзіць. Камісіі ў іхных руках. Я ведаю толькі адзін выпадак па краіне, што непаўнагадовы апынуўся ў сьпісе ініцыятыўнай групы. Такое здараецца ў незалежных кандыдатаў, а не ў партыйных. Але калі ставіцца мэта зьняць кандыдата, то можна знайсьці дзясяткі падставаў.

Прывяду толькі адзін прыклад. У Ваўкавыску прыйшлі да аднаго сябра ініцыятыўнай групы, да жанчыны, якая раней працавала ва ўладных структурах. Нягледзячы на ціск, яна адмовілася падпісаць патрабаваную заяву. Але яны пасьля склалі акт, што яна была ўключаная ў ініцыятыўную групу не добраахвотна. І кандыдата не зарэгістравалі, не зважаючы на яе пратэсты. Гэты выпадак, дарэчы, мы аспрэчваем. У другіх выпадках аспрэчваць бессэнсоўна. Калі чалавека зламалі, і ён падпісаў гэтую заяву, то хіба ён падпіша заяву ў пракуратуру ці ў Цэнтарвыбаркам, што ў адносінах да яго ўлады рабілі дзеяньні, якія зьяўляюцца крымінальнымі? А без такой заявы як даказаць, што яго прымусілі? Ён на словах аб усім апавядае, просіць прабачэньня, але ня пойдзе ў пракуратуру. Таму мы эканомім сілы і магчымасьці. Бо ў нас ёсьць вялікі нэгатыўны досьвед абскарджваньняў”.

(Карбалевіч: ) “Але з гледзішча закону адмова сябра ініцыятыўнай групы працаваць у групе яшчэ не азначае нядобраахвотнасьці ўваходжаньня ў яе, не азначае, што на яго аказвалі ціск пры фармаваньні групы. Таму, мне падаецца, што аспрэчваць можна”.

(Статкевіч: ) “Людзей прымушалі пісаць у акруговыя камісіі заявы такога сэнсу, што мяне ўключылі ў ініцыятыўную групу без маёй згоды. І ўсё, гэтага дастаткова”.

(Карбалевіч: ) “Прабачце, але ж “бяз згоды” яшчэ не азначае “пад ціскам”. З гледзішча закону гэта розныя рэчы”.

(Статкевіч: ) “Камісіі трактуюць так, што чалавека запісалі ў ініцыятыўную групу падманам. А ёсьць інструкцыя Цэнтарвыбаркаму, паводле якой нядобраахвотнасьць уключэньня ў ініцыятыўную групу – падстава для нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Прычым, дастаткова адной заявы. Цікава, што яны нават адмысловыя блянкі падрыхтавалі для гэткіх заяваў. Таму ўлады дзейнічаюць ня згодна з законам, а згодна зь інструкцыяй.

Калі б людзі проста выходзілі з групаў – скажам, перадумаў чалавек – то тады трэба дамагчыся таго, каб колькасьць сябраў групы была меншай за 10 чалавек. Тады, паводле закону, групу можна не рэгістраваць. Але гэта амаль немагчыма. Таму што, калі ў групе, прыкладам, 50 чалавек, то трэба прымусіць выйсьці 41 чалавека. А гэта немагчыма”.

(Альфер: ) “Калі казаць пра тактыку апазыцыі, то бальшыня палітычных партыяў будуць вылучацца спачатку шляхам збору подпісаў. Таму што гэта законная магчымасьць на працягу месяца дайсьці да кожнага выбарца, расказаць пра кандыдата. І яшчэ перад пачаткам уласна агітацыйнай кампаніі зрабіць заяўку на перамогу. Асаблівых памылак ў апазыцыйных кандыдатаў не было. За невялікім выключэньнем, калі ў сьпісы сяброў ініцыятыўных групаў патрапілі непаўнагадовыя альбо неграмадзяне Беларусі. Але галоўныя падставы для нерэгістрацыі былі іншыя. Прадстаўнікі акруговых камісіяў перадавалі сьпісы ініцыятыўных групаў у адміністрацыі. І ўжо адтуль ішоў ціск на сябраў групаў. Былі выпадкі, калі ініцыятыўныя групы скарачаліся да колькасьці менш за 10 чалавек. Найбольш частыя выпадкі, калі групы не рэгістравалі на падставе заяваў асобных сябраў, што яны, нібыта, былі ўключаныя ў групы бязь іхнай згоды.

Гэта першы выпадак у сучаснай гісторыі выбараў у Беларусі, калі так масава не рэгіструюцца ініцыятыўныя групы. Дарэчы, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ў сьпісах ініцыятыўных групаў усіх прэтэндэнтаў былі знойдзеныя памылкі. У тым ліку ў сьпісах ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Але гэта не зьявілася падставаю для нерэгістрацыі гэтых ініцыятыўных групаў”.

(Карбалевіч: ) “Чаму зь 58 незарэгістраваных групаў скаргі ў Цэнтарвыбаркам падалі толькі 10 кандыдатаў?”

(Альфер: ) “На жаль, да нашых рэкамэндацыяў аб тым, каб усе сябры апазыцыйных партыяў абавязкова абскарджвалі адмовы ў рэгістрацыі ў Цэнтарвыбаркаме, а потым у Вярхоўным судзе, не прыслухоўваюцца. Іншая прычына тэхнічная. Каб падаць скаргу ў Цэнтарвыбаркам, трэба каб яе падпісала большасьць сябраў ініцыятыўнай групы. А ў ініцыятыўнай групе можа быць ад 50 да 100 чалавек, якія пражываюць, напрыклад, у трох раёнах. Прычым скаргу трэба падаць цягам трох дзён пасьля адмовы камісіі ў рэгістрацыі. Практычна гэта зрабіць цяжка”.

(Статкевіч: ) “У нашай партыі ў большасьці выпадкаў вылучэньне падвойнае. Кандыдаты вылучаюцца і шляхам збору подпісаў, і шляхам вылучэньня ад партыі. Паводле Выбарчага кодэксу, вылучаць кандыдатаў павінен вышэйшы орган палітычнай партыі. У статуце нашай партыі адзначана, што вышэйшым органам партыі зьяўляецца зьезд і Цэнтральны камітэт. Мы зьбіраліся вылучаць Цэнтральным камітэтам. Але сёньня старшыня Цэнтрвыбаркаму Ярмошына заявіла на прэс-канфэрэнцыі, што партыйных кандыдатаў можа вылучаць толькі зьезд. Вось так трактуецца закон”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пасьля завяршэньня этапу рэгістрацыі ініцыятыўных групаў выявіліся два кірункі тактыкі ўладаў у адносінах да апазыцыйных кандыдатаў. Па-першае, гэта ціск, запалохваньне кандыдатаў і сяброў іх камандаў. Па-другое, улады будуць, так бы мовіць, “выбіваць” кандыдатаў ад апазыцыі патроху на кожным этапе выбарчай кампаніі, каб не была так заўважная недэмакратычнасьць і несправядлівасьць выбараў”.