Аль-Садр адмовіўся сустрэцца з дэлегацыяй з Багдаду

НЭДЖЭФ. Радыкальны шыіцкі клірык Мактада аль-Садр адмовіўся ад сустрэчы з дэлегацыяй, у якую ўваходзяць ірацкія палітычныя і рэлігійныя лідэры. Дзевяць сябраў дэлегацыі прыехалі ў Нэджэф, каб паспрабаваць скончыць супрацьстаяньне паміж узброенымі прыхільнікамі аль-Садра з аднаго боку і амэрыканскімі і ірацкімі вайскоўцамі з другога. Мактада аль-Садр заявіў, што ня будзе сустракацца з дэлегацыяй, бо “трывае амэрыканская агрэсія”. Між тым палітычныя і рэлігійныя лідэры, якія бяруць удзел у нацыянальнай канфэрэнцыі у сталіцы Іраку адклалі да панядзелку абраньне нацыянальнай рады, у складзе якой мае быць 100 асобаў. Нацыянальная рада будзе назіраць за працай пераходнага ірацкага ураду да выбараў, што прызначаныя на студзень наступнага году. У мінулыя суткі ў Багдадзе ў выніку замахаў загінулі 7 і параненыя болей за 40 чалавек.