Допінг і беларускія спартоўцы – дасьледаваньне праблемы

Алег Дашкевіч, Менск Спорт найвышэйшых дасягненьняў поўны стрэсавых сытуацыяў. Прага быць першым прымушае спартоўцаў кідаць сваё здароўе пад нечалавечыя фізычныя й псыхічныя нагрузкі. Часта, каб дасягнуць выніку, зь ведама ці бязь ведама спартоўца, яму стараюцца дапамагчы, шпігуючы арганізм забароненымі рэчывамі. Такі шлях можа прынесьці мэдаль і прызнаньне. Часта, аднак, калі забароненыя рэчывы выяўляюць, спартовец застаецца сам-насам са сваёй бядой. Беларусь у гэтым сэнсе звычайная краіна, допінгавыя скандалы тут здараюцца не радзей, чым у Нямеччыне ці Італіі.
Напярэдадні Алімпіяды стала вядома, што ў Афіны не паедзе кідальнік дзіды Ўладзімер Сасімовіч – першая ягоная проба на допінг дала станоўчы вынік.

Яшчэ раней з той самай прычыны па-за Гульнямі засталася алімпійская чэмпіёнка Сыднэю Яніна Карольчык. Паспытаў такой долі й штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч.

Які сьлед пакідае ў жыцьці спартоўца такая неардынарная сытуацыя? Яніна Карольчык лічыць, што выпрабаваньні лёсу трэба зносіць цярпліва, да таго ж прыклад іншых беларускіх чэмпіёнаў сьведчыць: ня ўсё так фатальна, і самыя неспрыяльныя абставіны могуць прынесьці карысны досьвед.

(Карольчык: ) “Гэта ня самае страшнае, што можа быць у жыцьці спартоўца. Моцны чалавек – моцны ўва ўсім. Спакойна ставісься. Андрэй Міхневіч пасьля дыскваліфікацыі выйшаў і стаў чэмпіёнам сьвету, а да таго яму не ўдавалася. Дый калі чалавек на вышыні, столькі прыліпала, а пасьля засталіся самыя сапраўдныя сябры”.

Але, як бы там ні было, такі стрэс не мінае бясьсьледна й вельмі ўплывае на далейшы стан нават вельмі моцных людзей. Бо змарнаванымі аказваюцца гады працы… І перажыць гэта вельмі ня проста, нават калі чалавек здолеў перамагчы неспрыяльныя абставіны й зноў падняцца на вяршыню, як Андрэй Міхневіч.

(Міхневіч: ) “Я не магу пра гэта вам цяпер расказваць, бо я прайшоў і забыўся пра гэта ўсё. І згадваць, шчыра кажучы, не хачу. Прабачце”.

Такая пазыцыя абсалютна зразумелая: шмат хто са спартоўцаў не вытрымлівае псыхалягічнага ціску, які можа прывесьці да самых сумных вынікаў. Тэлевізійны канал “Эўраньюс” прынёс навіну з Бэльгіі, дзе раварыст-прафэсіянал Ван дэн Брук усчаў страляніну з агнястрэльнае зброі. Мясцовыя аглядальнікі зьвязваюць гэтае здарэньне з тым, што гоншчык быў дыскваліфікаваны за ўжываньне допінгу й знаходзіўся ў стане цяжкай дэпрэсіі.

Хакеіст зборнай Беларусі Васіль Панкоў казаў у адным з інтэрвію, што дзесяць сутак правёў бяз сну пасьля паседжаньня спэцкамісіі Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі: яна прыслухалася да тлумачэньняў доктара каманды, які ўзяў віну на сябе, і дыскваліфікавала хакеіста толькі на месяц. Але ўжо сам факт падазрэньня ва ўжываньні допінгу пазбавіў спартоўца месца працы ў Нямеччыне, дзе надта ўважліва сочаць за рэпутацыяй сваіх клюбаў.

Трэба прызнаць: спартоўцы вельмі часта становяцца ахвярамі выпадку: дужа часта ўдакладняецца сьпіс забароненых рэчываў, да таго ж пэўныя забароненыя рэчывы ўваходзяць у склад лекаў, якія прымаюць пры самых звычайных хваробах. Начальнік школы вышэйшага спартовага майстэрства Ўладзімер Падаляка лічыць сытуацыю ў галіне допінг-кантролю ў нечым нават абсурднай. Прычына ў тым, што няма канкрэтнай мяжы паміж допінгам і фармакалёгіяй.

(Падаляка: ) “Забаронена каля дзесяці тысяч сродкаў, што ўжываюць звычайныя людзі. Але нельга абысьціся без элемэнтарнага. Сама сытуацыя ў многім абсурдная. Фармакалягічная карэкцыя, яна ня толькі патрэбная, яна абавязковая, гэта як папіць, як паесьці. Каб арганізм функцыянаваў нармальна, ён павінен быць насычаны”.

Разабрацца ў мудрагелістасьці сёньняшняга допінг-кантролю закліканы цэлыя арміі спэцыялістаў, але ў любым выпадку крайнім заўжды застаецца спартовец. Сам факт станоўчага допінг-тэсту вядзе да канкрэтнага скандалу, у выніку кар’ера або канчаецца, або бярэ паўзу. Разважае журналіст Уладзімер Даўжэнка:

(Даўжэнка: ) “Гэта такая аплявуха, гэта прызнаньне ў злачынстве. Многія ламаюцца, але вялікія спартоўцы на тое й вялікія, каб перажыць дыскваліфікацыю й вярнуцца. Але некалі гэта ўсё роўна можа выявіцца. Не сакрэт, што ў многіх спартоўцаў праблемы ня толькі з уласным здароўем, але й са здароўем дзяцей. Калі, маральна адпачыўшы, праз два гады можна вярнуцца, то ў арганізьме такі спартовы радыянуклід застанецца”.

Аб праблеме допінгу я гутарыў таксама й зь людзьмі, што да спорту маюць дачыненьне вельмі ўскоснае. Прызнацца, іхныя адказы зьдзівілі сваёй грунтоўнасьцю.

(Спадар: ) “Лёс спартоўца абавязкова цярпіць у выпадку такога скандалу, але сучасны спорт прапануе настолькі непераможныя спакусы, што фактычна ніводзін спартовец ад той ці іншай формы допінгу адмовіцца ня можа”.

(Спадар: ) “Цяпер вялізная колькасьць прэпаратаў зьмяшчае забароненыя рэчывы, і зарыентавацца тут, што ўжываць, а што не, вельмі цяжка. Бываюць выпадкі, калі спартоўцы несьвядома трапляюць у гэтую пастку, і чыноўнікі ад спорту ставяць крыж на іхнай кар’еры”.

(Спадарыня: ) “У пляне маралі й этыкі ідэя ўжываньня допінгу згубная сама па сабе, але грамадзтва збольшага, на вялікі жаль, прызвычаілася й рэагуе, як на чарговы скандал. Людзі, нават падсьвядома, чакаюць, што на чарговым спаборніцтве некага зловяць на ўжываньні допінгу”.

Адно падаецца неаспрэчным: маладыя спартоўцы маюць болей шанцаў падняцца. Тыя ж, хто знаходзіцца на схіле кар’еры, вымушаныя шукаць для сваёй рэалізацыі іншы працяг. У любым разе нельга не пагадзіцца з выказваньнем Уладзімера Падалякі.

(Падаляка: ) “Талент спартоўца, характар, яго індывідуальнасьць усё адно выходзяць на першае месца”.