Аўтары фільму “Шлях у нікуды” абразілі гонар і годнасьць Анатоля Лябедзькі

Альгерд Невяроўскі, Менск Cёньня ў судзе Першамайскага раёну Менска працягнецца разгляд пазову старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да тэлекампаніяў БТ, ОНТ і СТВ. Лідэр АГП абвінавачвае гэтыя тэлеканалы ў абразе ягонага гонару годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Непасрэднай прычынай судовага пазову стала дэманстрацыя фільму “Шлях у нікуды”.
Які момант фільму спадар Лябедзька лічыць абразьлівым ў адносінах да сябе? Трэба сказаць, што ўвесь сюжэт фільму “Шлях у нікуды” скіраваны на тое, каб давесьці гледачу, якая дрэнная беларуская апазыцыя. Тым ня менш, у сваім пазове Анатоль Лябедзька выдзеліў адзін фрагмэнт, у якім аўтары, што хаваюцца за псэўданімамі Аляксандар Уюгін, Георгі Козыраў, Віктар Нікольскі, Уладзімер Жаваранак, Надзея Бывалая, Агаф’я Красачка і Сяргей Усатаў непасрэдна абразілі ягоныя гонар і годнасьць.

Гэтак, у адным з месцаў фільма на фоне кадраў з Анатолем Лябедзькам, закадравы голас паведамляе пра тое, што калі шэф Газпрому Аляксей Мілер загадаў “у 20 градусны мароз спыніць у Беларусь пастаўкі газу”, каб нібыта такім чынам змусіць беларускае кіраўніцтва аддаць яму за бясцэнак канцэрн Белтрансгаз, то ў падтрымку гэтай акцыі выступіў “псэўдапатрыёт Лябедзька”.

Паводле аўтараў “Шляху ў нікуды” лідэр АГП таксама “паліваў брудам сваю краіну, паклёпнічаў на прэзыдэнта й такім чынам дапамагаў спадарам кшталту Сванідзэ маральна апраўдаць гэтую бесчалавечную акцыю”. “Толькі ў жудасным сьне можна ўявіць, як хутка распрадаў бы гэты малойчык наш нацыянальны набытак сваім сябрам-алігархам, калі б нейкім цудам ён атрымаў уладу ў Беларусі”, робяць выснову аўтары фільму.

Гэты фільм быў паказаны па БТ 11 траўня, а праз некалькі дзён яго паўтарылі каналы ОНТ і СТВ. У сваім пазове Анатоль Лябедзька патрабуе ад тэлеканалаў абвергнуць гэтую непраўдзівую інфармацыю, а таксама назваць сапраўдныя імёны й прозьвішчы аўтараў фільму. Вось, што сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе з гэтай нагоды Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы прадставілі копію стужкі судзьдзі, і калі ён паглядзіць, то ён там ня знойдзе ніякіх заклікаў з майго боку, каб замарожваць узімку, у холад беларускіх грамадзян. І з гэтай стужкі не вынікае, што ў мяне ёсьць нейкія знаёмыя расейскія алігархі, зь якімі мы дамовіліся распрадаць Беларусь. Гэта неўтаймаваныя фантазіі прадстаўнікоў Беларускага тэлебачаньня, тых, хто рабіў гэты фільм, хто арганізоўваў гэта, але гэта тое, чаго не было ў рэальнасьці”.

Я таксама спрабаваў высьветліць стаўленьне да гэтага пазову прадстаўнікоў тэлеканалаў. Вось, што мне адказала супрацоўніца прэсавай службы БТ:

(Прадстаўніца БТ: )“У дадзены момант мы не даем камэнтароў. Калі ў нас будзе нейкая пазыцыя, мы, мабыць, неяк яе агучым. У дадзены момант, на жаль, мы нічога ня можам сказаць з гэтай нагоды”.

На іншых тэлеканалах я пачуў падобныя адказы.

Нагадаю, што гэта ўжо другое судовае паседжаньне ў гэтай справе. Першае адбылося 26 ліпеня і скончылася празь некалькі хвілін пасьля пачатку. У суд не зьявіліся прадстаўнікі ОНТ і СТВ. Судзьдзя Аніскевіч тады зачытаў адказ на афіцыйны запыт першага намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі. Ён паведаміў суду, што аўтары фільму “Шлях у нікуды” ня ёсьць штатнымі супрацоўнікамі тэлеканалу, ніколі імі не былі, ганарараў не атрымлівалі, таму даведацца якія іхныя сапраўдныя прозьвішчы немагчыма.

Гэта ўжо ня першая спроба апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў судзіцца з тэлебачаньнем. Амаль усе ранейшыя пазовы апазыцыянэраў не былі задаволеныя. Спадар Лябедзька таксама ня надта спадзяецца, што ягоны пазоў будзе задаволены. Але ён гаворыць, што пры любым рашэньні ў гэтай справе вынік будзе. Хаця б той, што яшчэ раз будзе афіцыйна засьведчана, што ў Беларусі не існуе незалежнай судовай сыстэмы.