Журналістам загадалі пакінуць Нэджэф

БАГДАД. Прэм’ер-міністар Іраку Іяд Алаві запатрабаваў ад прыхільнікаў радыкальнага шыіцкага клірыка Мактады аль-Садра неадкладна капітуляваць без аніякіх умоваў. Алаві сказаў, што ўзброеныя ваяўнікі павінны пакінуць сьвяты для мусульманаў горад Нэджэф ды распачаць працэс перамоваў. У Нэджэфе аднавіліся сутычкі пасьля правалу перамоваў з аль-Садрам. Амэрыканскія войскі ізноў увайшлі ў горад. Усім журналістам загадана пакінуць Нэджэф. Тысячы прыхільнікаў аль-Садра зрабілі жывую заслону вакол шыіцкай сьвятыні у Нэджэфе - мячэці Імам Алі, дзе схаваўся клірык. Між тым у Багдадзе больш за 1000 дэлегатаў бяруць удзел ў агульнанацыянальнай канфэрэнцыі, у часе якой мусіць быць абраная Нацыянальная асамблея – дарадчы ворган, які стане часткай пераходнага ірацкага ўраду. Адзін з дэлегатаў-шыітаў запатрабаваў мірнага вырашэньня крызісу ў Нэджэфе. (Дэлегат) “Гэта ўсе іракцы, ня толькі шыіты. Мы хочам неадкладнага спыненьня агню і пачатку дыялёгу. Мясцовыя ўлады ў Нэджэфе павінны сысьці ў адстаўку – перадусім губэрнатар і кіраўнік паліцыі. Мы ня хочам, каб гэтая канфэрэнцыя правалілася. Наадварот тут трэба дасягнуць посьпеху у імя ўсіх іракцаў”. Заявіў адзін з удзельнікаў агульнанацыянальнай канфэрэнцыі ў Багдадзе. Між тым, два жаўнеры кааліцыі – са Злучаных Штатаў і Украіны загінулі ўчора ў ірацкай сталіцы.