Рэлігія, вера й Алімпійскія гульні

Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Сымбаль веры”.
У 393 годзе нашай эры, пад ціскам з боку Царквы, імпэратар Феадосій І спыніў сваім указам тысячагадовую традыцыю старажытных Алімпійскіх гульняў. Гэта адбылося ў рамках барацьбы Царквы з паганствам, элемэнты якога былі неад’емнай часткай гульняў. Аднак у канцы 19-га стагодзьдзя, тая ж Царква натхніла і ў значнай ступені спрычынілася да адраджэньня ідэі алімпізму ў новым выглядзе і пад новымі лёзунгамі. Ролі Царквы ў аднаўленьні алімпійскіх гульняў і ейнаму ўцягненьню ў сучасны спорт прысьвечаны чарговы выпуск рэлігійнай перадачы “ Сымбаль Веры”.

У пятніцу 13 жніўня, у Афінах распачаліся 28-я Алімпійскія гульні, грандыёзнае, усясьветнае, спартовае сьвята. Да адраджэньня Алімпійскага руху выдатна спрычынілася Царква, і цяпер, у час камэрцыялізацыі спорту, яна настойліва заклікае вярнуцца да тых перашапачатковых ідэалаў чыстага спартовага спаборніцтва. Аб ролі Царквы ў адраджэньні алімпійскага руху й ейным ўцягненьні ў сучасны спорт пойдзе гаворка ў сёньняшнім выпуску перадачы.

У чацьвер 12 жніўня, напярэдадні адкрыцьця Алімпійскіх Гульняў у Афінах, Папа Ян Павал ІІ накіраваў прэзыдэнту Грэцыі Канстантынасу Стэфанаполасу адмысловую тэлеграму. Папа выказаў жаданьне, каб Алімпіяда паспрыяла братэрству паміж народамі й культурамі. Ён нагадаў, што спорт зьяўляецца ўнівэрсальнай мовай чалавечых адносінаў, разьвівае дух сямейнасьці й згоды, што зьяўляецца адказам на гвалт у сучасным сьвеце. Папа блаславіў арганізатараў Алімпіяды, спартоўцаў і заўзятараў.

Некалькі дзён таму Папа памаліўся за мацярынскую апеку Багародзіцы над Алімпійскімі гульнямі. “Празь некалькі дзён у Афінах пачнуцца 28 Аліміпійскія гульні. Перадаю маё гарачае прывітаньне афіцыйным дэлегацыям, нацыянальным зборным, спартоўцам і ўсім, хто возьме ўдзел у Алімпіядзе. Жадаю, каб для сьвету трывожнага многімі выявамі нянавісьці й гвалту, такая важная спартовая падзея як Алімпіяда сталася нагодай для мірнай сустрэчы й паслужыла ідэі прапагандаваньня паразуменьня й міру паміж народамі”, – сказаў Папа.

Дарэчы, напярэдадні Алімпійскіх гульняў Папа Ян Павал ІІ стварыў ватыканскае Міністэрства спорту. Мэта новага дэпартамэнту, як гаворыцца ў адмысловай заяве, “спрыяць фармаваньню культуры спорту, як сродку паўнавартаснага росту асобы, як інструмэнту, які служыць мацаваньню міру й братэрству паміж народамі”.

Праваслаўны Канстантынопальскі Патрыярх Варфаламей і Архіепіскап Афінскі і Ўсяе Эллады Хрыстадул узялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды. “Наш удзел зьяўляецца адзінадушным адказам тэрарызму і гвалту”, – сказаў Хрыстадул.

Адкуль такое зацікаўленьне спортам з боку Царквы? Спартовымі паняцьцямі карыстаўся ў якасьці мэтафары апостал Павал. “Ці ж ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі на стадыёне, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць” ( 1 Кар. 9, 24) “ У добрым спаборніцтве я ўдзельнічаў, бег закончыў, веру захаваў”, – пісаў Апостал. (2 Цім. 4,7) Царква лічыць, што тое “добрае спаборніцтва”, гэта мэтафара чалавечага жыцьця. Кожны чалавек бы спартовец змагаецца са сваёй слабасьцю й абмежаваньнямі цела, загартоўвае сваю псыхіку, імкнецца да мэты і перамогі. Добрае, справядлівае спаборніцтва – гэта таксама высакародная ідэя садзейнічаньня, міжчалавечых сувязяў, міру, талерантнасьці, зь якімі спрадвеку быў і павінен быць зьвязаны спорт.

Трэба адзначыць, што многія нацыянальныя зборныя накіроўваліся на Алімпіяду з малітваю, або прыбылі ў Афіны са сваімі капэлянамі. У алімпійскай вёсцы падрыхтаваны экумэнічны, рэлігійны цэнтар, дзе па чарзе маюць магчымасьць маліцца прадстаўнікі усіх рэлігіяў і канфэсіяў. Вось, што пра беларускую каманду паведаміў прадстаўнік Беларускага Экзархату РПЦ – Архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

(Шынкевіч: ) “Ужо некалькі гадоў запар, для тых, хто ўдзельнічае ў спаборніцтвах, у чэмпіянатах сьвету, спэцыяльна ў катэдральным сабору або ў іншых сталічных храмах праводзяцца адмысловыя малебны, дзе сьвятар бласлаўляе тых, хто будзе адстойваць спартовы гонар нашай бацькаўшчыны. Сёлета на Алімпіяду ў Афіны Мітрапаліт Філарэт блаславіў а. Фёдару Поўнаму паехаць разам з нашай алімпійскай камандай, і зараз ён знаходзіцца ў Афінах, для таго, каб ён падымаў спартоўцам настрой, каб нейкім чынам дапамагаў ім у псыхалягічным, духоўным сэнсе, падбадзёрваў іх. Тым больш, што Грэцыя – праваслаўная краіна, і для нашых спартоўцаў зьявілася магчымасьць паглядзець на тамтэйшае праваслаўе, якое мы прынялі менавіта ад грэкаў”.

Акрамя гэтага, напярэдадні адкрыцьця гульняў беларуская дэлегацыя накіравалася ў адзін з праваслаўных храмаў у Афінах, каб, як сказаў кіраўнік беларускай місіі Анатоль Іваноў, “папрасіць ва Ўсявышняга дапамогі”. Перад ад’ездам у Афіны расейская зборная ўзяла ўдзел у адмысловым малебне “на дарогу”. З адмысловым лістом да спартоўцаў зьвярнуўся Патрыярх Аляксей, а каманда, ужо трэці раз з 1996 году, узяла з сабой на Алімпіяду ікону Вялікапакутніка Георгія.

Магчыма ня ўсе ведаюць, што Царква, хаця і ўскосна, аднак паўплывала на адраджэньне алімпійскага руху. Барон Пер дэ Кубэртэн быў выхаванцам езуіцкага Калегіюму сьвятога Ігната ў Парыжы. Езуіцкія мэтады выхаваньня моцна паўплывалі на Кубэртэна. Манахі-езуіты былі дасканалымі выхаваўцамі. Яны добра ведалі псыхіку моладзі і выхаваньню ідышкольнаму жыцьцю надавалі форму спаборніцтва: за вышэйшыя адзнакі ў навуцы і гімнастыцы, за гонар прыслугоўваць падчас Сьвятой імшы, а нават за лепшае месца за сталом. “Імкненьне да дасканаласьці, да пераадольваньня ўласнай слабасьці, да таго, каб быць усё лепшым, гэта мэта, да якой павінен імкнуцца кожны чалавек. Спорт дапамагае ажыцьцявіць гэтыя ідэі”, – лічыў дамініканец, айцец Анры дэ Дыдон (Henri de Didon). Гэта ён 100 гадоў таму на Першым алімпійскім кангрэсе ў Парыжы прапанаваў лёзунг “Citius, Altius, Fortius” (Хутчэй, вышэй, мацней). Гэты лёзунг адлюстроўвае імкненьне спартоўца да ідэальнай гармоніі ды безупыннага разьвіцьця цела й духу. Ён сымбалізуе таксама адвечную мэту разьвіцьця чалавечай цывілізацыі, якая зьяўляецца крыніцай яе цяперашняга статусу.

Айцец Дыдон быў сябрам барона Кубэртэна. Абодва яны бачылі ў спорце нешта большае, чым толькі спаборніцтва. Алімпійскі рух азначаў для іх унівэрсальную, гуманітарную сыстэму выхаваньня з дапамогай спорту. “Пераадольваньне самога сябе дае найвялікшае шчасьце. У жыцьці важная ня толькі перамога, але барацьба. Галоўнае не перамагаць, але ўмець весьці рыцарскі бой. Гэта ідэі нашага руху”, – казаў Пер дэ Кубэртэн. Інакш кажучы, галоўная не перамога, але сам удзел у справядлівым спаборніцтве.

Аб тым, якое вялікае значэньне Царква надае спорту можа сьведчыць наступны факт. Напярэдадні Алімпіяды каталіцкі ксёндз з Польшчы Кшыштаф Бансік апрацаваў “Малітоўнік Спартоўца”. Вось як ён рэкамэндуе спартоўцам маліцца перад пачаткам трэніроўкі.

“Божа, вось я прыступаю да трэніроўкі. Прашу Цябе, дай мне стойкасьць, каб я ўдасканальваў свае спартовыя здольнасьці. Сьцеражы мяне ад кантузіяў і ўсялякіх няшчасьцяў. Госпадзе, не дазволь, каб у руплівасьці трэніроўкі й гульні, я забыўся на прынцыпы fair play. Напоўні маё сэрца супакоем, каб я з ахвотай і радасьцю выканаў свае абавязкі. Асьвяці нас, Госпадзе, і хай Твая дапамога безупынна спадарожнічае нам. Хай кожнае нашае дзеяньне мае свой пачатак і канец у Табе. Праз Хрыста, Госпада нашага. Амін”.

Пасьля трэніроўкі спартовец можа зьвярнуцца да Бога з такой малітвай.

“Госпадзе, у мяне здаровае цела, і я дзякую Табе за гэта. Дзякую Табе таксама за тое, што я магу займацца спортам. Мне дае радасьць, калі ў спаборніцтве выяўляю свае магчымасьці. Дапамажы мне, каб я не абмежаваўся ўдасканаленьнем фізычнай спраўнасьці, але ўзрастаў ў Тваёй ласцы і розуме. Амін”.

Перад пачаткам спаборніцтва спартоўцу рэкамэндуецца маліцца наступным чынам.

“Госпадзе, вось я прыступаю да спаборніцтва. Ты ведаеш, колькі працы я ўклаў у трэніроўку і ў пераадольваньне пасрэднасьці. Ты ведаеш, колькі часу я прысьвяціў таму, каб належным чынам падрыхтавацца да сёньняшняга дня. Прашу Цябе, Божа, дапамажы мне дасягнуць як мага найлепшага выніку. Гэтулькі людзей глядзіць на мяне з надзеяй, што я не падвяду іх. Мая сям’я, трэнэры, заўзятары. Я шмат ў чым абавязаны ім. Хачу прынесьці ім задаволеньне й радасьць сваім пасьпяховым выступленьнем. Госпадзе, прашу таксама за маіх канкурэнтаў. Не дазволь мне забыць, што гэта мае бліжнія. Дапамажы мне аказаць ім належную павагу нават калі яны акажуцца лепшымі за мяне. Дапамажы мне стрымліваць сябе, усьцеражы ад кантузіяў і ўсялякай небясьпекі. Амін”.

А вось, як аўтар малітоўніка спартоўца прапануе маліцца спартовым судзьдзям.

“Божа, я хачу як некалі кароль Саламон, прасіць у Цябе мудрасьці, каб я прымаў справядлівыя рашэньні. Ведаю, што ад мяне шмат залежыць. Сьцеражы мяне ад памылак, якія могуць сказіць вынік матчу. Дай мне ўпэўненыя вочы й спраўны розум, каб я спрычыніўся да спартовага ходу спаборніцтва. Дай мне сілу, каб я не паддаўся ціску з боку спартоўцаў і заўзятараў, калі трэба прыняць цяжкое, але справядлівае рашэньне. Будзь са мною Госпадзе, Судзьдзя справядлівы, цяпер і на векі вякоў. Амін”.

Я патэлефанаваў у Кельцы аўтару гэтых малітваў, ксяндзу Кшыштафу Банасіку, каб даведацца, ці нехта раней дадумаўся да такога і апрацаваў падобны малітоўнік. Мяне таксама цікавіла, як спартоўцы ўспрынялі гэтае выданьне. Вось, што ён адказаў:

(Банасік: ) “Я спрабаваў высьветліць гэта, але нічога не знайшоў. Праўда, ёсьць паасобныя малітвы, напрыклад біскуп Гановэру напісаў малітву на чэмпіянат Эўропы, але гэта была ўсяго адна малітва. Цэлага малітоўніка спартоўца дагэтуль не было. Дарэчы, у гэтым зборніку я зьмясьціў прамову Папы, зь якою ён выступіў на Алімпійскім стадыёне ў Рыме. Папа прыгожа гаварыў пра цудоўную ідэю спорту. Ёсьць у малітоўніку таксама ліст біскупаў аб выхаваўчых каштоўнасьцях спорту. Я вельмі рады, што спартоўцы ўжо атрымалі малітоўнік і карыстаюцца ім. Капэлян нашай каманды ксёндз Эдвард Плень казаў мне, што спартоўцы ўспрынялі кніжачку з энтузіязмам. Маўляў, нарэшце нехта падумаў пра нас з духоўнага пункту погляду, бо ад нас бясконца патрабуюць толькі рэкордаў і мэдалёў. Наш атлет Томак Сьцігачэўскі казаў, што гэты малітоўнік дапаможа яму перажыць разлуку са сваёй нарачонай, зь якой 4 верасьня ён пабярэцца шлюбам. Мне прыемна гэта чуць. Такім чынам, ёсьць станоўчыя водгукі на гэты малітоўнік”.

Не падлягае сумневу, што Царква высока ацэньвае міратворчую, выхаваўчую ролю спорту. Аднак сучасныя Алімпійскія гульні ператварыліся ў грандыёзныя камэрцыйныя мерапрыемствы. Цяпер ніхто ня хоча нават чуць пра тое, што ў спорце важная не перамога, але чыстае спаборніцтва. Аднак незважаючы на ўсё гэта Царква далей падтрымлівае ідэю алімпійскага руху. Чаму?

(Банасік: ) “Сапраўды, Царква падтрымлівае ідэю спорту наагул, бо яна падтрымлівае ўсё станоўчае. Спорт – станоўчая справа. Пер дэ Кубэртэн быў адухоўленым чалавекам. Ён хацеў, каб ідэя алімпізму была высакароднай і чыстай, каб спорт аб''ядноўваў людзей, дапамагаў пераадольваць розныя бар''еры, прадузятасьці, каб служыў эмансыпацыі бедных і малых народаў. Таму можна сказаць, што крыніцы алімпійскага руху вельмі высакародныя. З другога боку, праўда, у наш час адбылося скажэньне ідэі чыстага спаборніцтва. Спартовец ператвараецца ў нешта накшталт тавару. Са спортам зьвязаныя вялізныя грошы. Спонсары, фэдэрацыі, дзеячы і заўзятары, усе чакаюць ад спартоўца як мага лепшых вынікаў. Неаднойчы спартовец не спраўляецца з гэтым ціскам і патрабаваньнямі да сябе, спрабуе дасягнуць посьпеху любой цаною, адсюль скандалы з допінгам, з карупцыяй. Таксама спартовыя актывісты неаднойчы забываюць, які павінен быць характар алімпійскага руху. Вось таму Царква можа і павінна нагадваць тыя першапачатковыя прынцыпы спорту, асуджаць камэрцыялізацыю, заклікаць, каб ў спартоўцу бачыць не таго, хто проста дасягае посьпехаў, але каштоўнага чалавека, аўтарытэт, бо маладыя бяруць са спартоўцаў прыклад”.

Гэта быў аўтар “Малітоўніка Спартоўца”, ксёндз Кшыштаф Банасік.

28-я Алімпійскія Гульні ў Афінах толькі пачаліся. І тыя, хто мае шчасьце быць у Афінах, і тыя, хто будзе глядзець Алімпіяду па тэлевізары, будуць сьведкамі вялікіх эмоцыяў і жарсьцяў, сьлёзаў радасьці ад перамогі й сьлёз смутку. Мы ня можам дапамагчы нашым улюбёным спартоўцам інакш, як толькі духоўнай падтрымкай, а магчыма і такай вось “малітвай заўзятара”.

“Госпадзе Божа, хачу прасіць за сяброў маёй ўлюбёнай каманды. Хачу падтрымаць іх маёю малітвай. Дапамажы ім дасягнуць найлепшых спартовых вынікаў і сьцеражы іх ад траўмаў. Дай ім, каб сваім выступленьнем яны прынесьлі гонар краіне або мясцовасьці, якія яны прадстаўляюць. Прашу Цябе, Божа, каб я паводзіў сябе належна, як заўзятар, каб я культурна натхняў сваю каманду, паважаў каманду праціўніка і яе заўзятараў. Дазволь мне ў запале матчу захаваць аб’ектыўнасьць і кантраляваць свае эмоцыі, словы і ўчынкі. Прашу Цябе таксама, каб прысьвячаючы час на спартовыя захапленьні, я ніколі не забыў пра Цябе і пра сваю адказнасьць за жыцьцё маё і маіх блізкіх. Амін”.

Гэта была “малітва заўзятара” з “Малітоўніка спартоўца”, выдадзенага перад пачаткам Алімпіяды ў Афінах.