Інспэктары ДАІ затрымалі актывіста АГП, адвезьлі яго ў міліцыю й канфіскавалі некалькі тысячаў асобнікаў газэты

На пасту дзяржаўтаінспэкцыі ў Жлобіне а 19 гадзіне вечара затрыманы прыватны легкавік намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Кацоры.

Спадар Кацора ехаў зь Менску ў Гомель.

Інспэктары ДАІ заявілі, што легкавік скрадзены й загадалі спадару Кацору ехаць у райаддзел міліцыі.

У райаддзеле міліцыянты ўчынілі ператрус у аўтамабілі Кацоры, здымаючы ўвесь працэс на відэакамэру. Пасьля ператрусу міліцыянты сканфіскавалі некалькі тысячаў асобнікаў незалежнай газэты “Время” і ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”.

Як паведаміў спадар Кацора, перад затрыманьнем яго кілямэтраў дзесяць суправаджала аўтамашына ДАІ.