Жыхары мястэчка Ўрыцкае Гомельскага раёну адказваюць па пытаньне тыдня

Казімір Яноўскі, Гомель “Што, на вашу думку, варта было б забараніць у Беларусі”? Гэтае пытаньне тыдня жыхарам мястэчка Ўрыцкае Гомельскага раёну задаваў наш карэспандэнт.
(Спадарыня: ) “Ня ведаем, што тут забараніць – і наркаманія, і п’янства, і прадукцыю няякасную прадаюць. Забараніць гэта!”

(Спадарыня: ) “У нас Урыцкае дзеліцца на гарадзкую частку, жыхары якой адносяцца да Гомеля. Другая палова адносіцца да калгасу. У іх сельская прапіска. У мяне дзіця ходзіць у школу, сядзіць за адною партаю з дзіцем з гарадзкою прапіскаю. Прыйшлі льготныя пуцёўкі на аздараўленьне ў Мінскую вобласьць. Мае дзіця ня здолела паехаць, бо ў яго сельская прапіска. Чаму ўшчамляюць дзяцей з сельскаю прапіскаю? Трэба гэта забараніць!”

(Спадар: ) “Забараніць міліцэйскае бязьмежжа. Міліцыя такія справы вытварае! Нявінаватых людзей прасуе і саджае ў турму”.

(Хлапец:) “Трэба забараніць карупцыю”.

(Спадарыня: ) “Сьпіртовыя напоі забараніць. У нас тут невялічкае мястэчка. Глядзіце, вось адна крама – тут выпіўку прадаюць. За вуглом кругласутачныя крама і бар. Невядома які бар – і што там у ім творыцца. Тут вось на другі бок вуліцы нядаўна адкрылі бар – “Белая Русь”, ці як ён яшчэ там называецца. У ім таксама да другой гадзіны ночы моцныя напоі прадаюць. Бруд наўкола. З бара выходзяць – ні прыбіральні, нічога. Усё па завугольлі… Колькі мэтраў наперад – гандлёвы цэнтар. Направа ад яго зноўку выпіўку да 12 гадзінаў ночы даюць. Напрыканцы вуліцы таксама віно і гарэлку прадаюць з 6-й раніцы. Там усе алькаголікі з раніцы на варце стаяць, і ня толькі яны. Міліцэйскі пункт у нас ёсьць, але яны нічога гэтага ня бачаць. Ніводнага няма кафэ-марожанага ці, напрыклад, вітаміннага бара, каб магла жанчына з дзіцем пасядзець, зьесьці марожанае, выпіць соку”.

(Спадарыня: ) “Трэба забараніць маленькія заробкі, якія прыніжаюць чалавека. Людзі працуюць, а годнага заробку не атрымліваюць”.

(Спадар: ) “Забараніць выбірацца прэзыдэнту на трэці тэрмін. Два дастаткова. А то будзе ў нас, як у Туркмэніі – пажыцьцёвы туркмэнбашы”.

(Спадар: ) “Мне нічога не перашкаджае. Я і не задумваюся асабліва, жыву паціху і ўсё тут”.

(Спадар: ) “Забараніць уціскаць свабоду грамадзянаў. Многа парадкаў такіх, што людзям і кроку не даюць ступіць. Болей свабоды! Няхай людзі займаюцца чым-небудзь карысным і багацеюць”.

(Спадарыня: ) “Забараніць прымаць законы, якія ўціскаюць нашыя правы. Дваякія ў нас законы: з аднаго боку можна і тут жа – нельга”.

(Спадар: ) “Разгул беззаконьня трэба забараніць”.

(Спадар: ) “Былым камуністам трэба забараніць займаць кіруючыя пасады”.

(Спадар: ) “Высокія падаткі трэба забараніць і двайное падаткаабкладаньне”.

(Спадар: ) “Наркаманію трэба забараніць, каб наркаманаў не было”.

(Хлапец:) “Трэба забараніць няякасную рыбу да піва і дрэнную гарэлку”.

(Дзяўчына:) “Забараніць платнае навучаньне”.

(Спадар: ) “Трэба забараніць платнае лячэньне”.

(Спадарыня: ) “Спыніць закрыцьцё ўчастковых шпіталяў у малых населеных пунктах”.