Генэрал Фралоў праз суд патрабуе кампэнсацыю за тое, што яго назвалі “антысэмітам”

Ганна Соусь, Менск
Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў генэрал Валер Фралоў запатрабаваў праз суд ад рэдакцыі газэты “Обозреватель” 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за тое, што ў гэтым выданьні яго й дэпутата Ўладзімера Навасяда назвалі антысэмітамі. 15 жніўня 2003 году ў артыкуле пад назовам “Дэпутаты Касьян, Навасяд і Фралоў – асабовыя антысэміты?” са спасылкай на словы старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацый і суполак Беларусі Леаніда Левіна сьцьвярджалася, што дэпутаты Фралоў і Навасяд вызнаюць “асабовы антысэмітызм”.

Пасьля выхаду публікацыі Леанід Левін накіраваў ліст у рэдакцыю з патрабаваньнем абвяржэньня. Але яно не было надрукавана. Дэпутат Валер Фралоў праз суд патрабуе ад рэдакцыі “Обозревателя” надрукаваць абвяржэньне й выплаціць яму 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральныя страты.

Падрабязнасьці ў матэрыяле нашай карэспандэнткі.