Ланс Армстранг наведаў Прагу, каб падтрымаць хворых на рак

Тацяна Поклад, Прага Амэрыканскі вэлясыпэдыст Ланс Армстранг, які шосты раз стаўся пераможцам “Tour de France”, сёньня наведаў Прагу дзеля таго, што сам ён называе сваёй другой працай – каб падтрымаць хворых на рак, даць ім надзею.
У 1996 годзе дактары паведамілі Лансу Армстрангу, што ён хворы на рак і мае хіба толькі 50 % шанцаў выжыць. Яму тады было 25 гадоў. Сваё змаганьне зь невылечнай хваробай Ланс скончыў тым, што стаўся найвялікшым вэлясыпэдыстам свайго пакаленьня.

І – ці магчыма сабе ўявіць? – Армстранг удзячны ракавай хваробе, якая дапамагла яму дасягнуць, здавалася б, немагчымага.

Цяпер, калі Ланс не на ровары, яго звычайна можна знайсьці ў шпіталях. Не, цяпер ён ня хворы – нядаўна ён выйграў шосты кубак “Tour de France”, які да таго ж называюць самым суворым фізычным выпрабаваньнем у параўнаньні зь іншымі відамі спорту. Ён наведвае шпіталі, каб падтрымліваць надзею ў хворых на рак, які ён перамог. І ў Прагу ён прыехаў дзеля гэтага.

Пасьля сустрэчы з маладымі людзьмі, хворымі на рак, у праскім шпіталі Моталь Ланс Армстранг сказаў:

“Мне па ранейшаму цяжка прыходзіць у шпіталі, бо да мяне вяртаюцца успаміны пра маю хваробу. Я разумею, што даводзіцца перажываць пацыентам і іх сваякам. Але як чалавек, які перамог рак, я думаю, што гэта мой абавязак – дзяліцца маім досьведам і даваць надзею маладым хворым, хворым у сталым веку, іх сем’ям, дактарам, сёстрам. Бо, не забывайцеся, мэдыкам таксама трэба нагадваць, што надзея існуе”.

Сам Армстранг перамог ракавую хваробу, якая ахапіла ягоны страўнік, лёгкія і мозг. Дактары сказалі яму, што ён мае 50% шанцаў выжыць, каб падтрымаць яго маральна, бо насамрэч яго справы былі горшыя. Для многіх проста выжыць пасьля такога дыягназу было б дастатковай перамогай. Але Армстрангу было мала перамагчы толькі хваробу.

Армстранг адмовіўся ад хімічнай тэрапіі, пасьля якой ён ня здолеў бы займацца спортам празь ейны шкодны ўплыў на лёгкія. Ён пайшоў на больш жорсткі кшталт тэрапіі, які даваў надзею захаваць лёгкія. І галоўнае – ён быў настроены вельмі рашуча.

Цяпер, у свае 32 гады, Ланс ведае, што яму нядоўга заставацца у спорце. Але ён кажа, што плянуе выйграць Tour de France прынамсі яшчэ адзін раз.