Ута Цапф: Закрыцьцё ЭГУ выкліча напружанасьць паміж Беларусьсю і Эўразьвязам

Ул. інф. Намесьніца дакладчыка па зьнешнепалітычных пытаньнях сацыял-дэмакратычнай фракцыі Бундэстагу Ута Цапф перакананая, што сытуацыя вакол ЭГУ можа значна пагоршыць дачыненьні паміж Беларусьсю і Нямеччынай ды Беларусьсю і Эўразьвязам.
У адмысловай заяве нямецкай парлямэнтаркі гаворыцца:

“Рэпрэсіі супраць Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсітэту мусяць быць спыненыя, а сама ўстанова мусіць працаваць. Створаны ў 1992 годзе ўнівэрсытэт – адзіная прыватная вышэйшая установа ў Беларусі, якая фінансуецца Нямеччынай, Францыяй, Эўразьвязам і міжнароднымі прыватнымі фондамі. Гэтай высокага рангу акадэмічнай ўстанове пагражае закрыцьцё, паколькі дзяржава ад 5 жніўня адмаўляецца працягнуць дамову аб арэндзе памяшканьняў. Такое рашэньне, па сутнасьці, ёсьць канцом для ЭГУ і цяжкім ударам для акадэмічнай свабоды ў Беларусі.

Без перабольшаньня, рэпрэсіі супраць ЭГУ робяцца ў выніку палітычна матываванага ціску. Ужо працяглы час ўрад імкнецца зьмясьціць з пасады рэктара Анатоля Міхайлава. Вельмі відавочнымі выглядаюць спробы ліквідаць гэты апошні незалежны беларускі ўнівэрсытэт.

Беларускі ўрад мусіць спыніць усе рэпрэсіі і аднавіць нармальныя ўмовы для існаваньня гэтай навучальнай установы. Закрыцьцё ЭГУ выклікала б цяжкую напружанасьць у дачыненьнях Беларусі зь Нямеччынай і Эўразьвязам”.

Гл. таксама • Міністэрства адукацыі анулявала ліцэнзію ЭГУ • Студэнты пратэстуюць супраць закрыцьця ЭГУ • “Der Spiegel” піша пра закрыцьцё ЭГУ