Горадня: мясцовае піва пакуль не карыстаецца асаблівым попытам

Сяргей Астраўцоў, Горадня Днямі стала вядома, што ў Горадні праз год зьявіцца бровар, дзе будуць варыць піва паводле чэскай тэхналёгіі. У Свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвэст” узьнікла беларуска-чэскае прадпрыемства, адзін з заснавальнікаў якога – мясцовы піўзавод. Новае піва будзе называцца “Кунцаўскі півавар, 1877”.
Піўзавод на беразе Нёмана ў 1877 годзе заснаваў купец Кунц. Сёньня лічыцца, што менавіта тады ў горадзе зьявілася сваё піва. Але таксама вядома, што яшчэ ў 1576 годзе кароль Стэфан Баторы вызваліў тутэйшыя саладоўні і бровары ад падаткаў, якімі іх раней абклаў кароль Жыгімонт Аўгуст з нагоды вайны з Іванам Жахлівым, якая вымагала грошай. Сёньня мясцовае піва не карыстаецца асаблівым попытам, хаця яно й недарагое. Побач з заводам на нёманскім беразе – карчма, дзе ня хочуць яго прадаваць. Зрэшты, асноўная прычына вядомая: на дарагім расейскім піве болей заробіш.

Таксама ў Гарадзенскай вобласьці вараць некалі славутае лідзкае піва, якое мела добрую рэпутацыю сярод аматараў піва. Аднак цяпер такое ўражаньне, што папулярнасьць яго зьменшылася. Даводзілася чуць такое: “Лідзкі піўзавод занадта заняўся гастролямі Веркі Сярдзючкі ды падобных нібыта-зорак, забыўшыся на якасьць піва”. Хаця частка моладзі па-ранейшаму любіць лідзкае. Вось што гаворыць гарадзенец Зьміцер Ягораў:

(Ягораў: ) “Перавагу мы аддаём хіба што нашаму лідзкаму піву ці менскай “Крыніцы”. Так, гарадзенскае піва таньнейшае, але яно, скажам так, нясмачнае. Расейскае мы ня п’ем таксама, бо смак нейкі такі ненатуральны. А калі п’ем не беларускае, то звычайна гэта – украінскае”.

Нядаўна я быў у Беластоку: там наракаюць, што польскія бровары паскуплялі два піўныя гіганты, і ўсё піва стала прыблізна аднолькавым на смак. Мой прыяцель любіць бываць у беластоцкім беларускім консульстве на імпрэзах, бо там частуюць лідзкім півам.

Гарадзенская газэта “Биржа Информации” спрабавала паспрыяць цывілізаванаму спажываньню піва ў горадзе. Летась на пагорку ля тэатру ўзьніклі некалькі летніх бараў, а прыбіральняў не было. Што атрымалася – няцяжка ўявіць. Гаворыць намесьнік рэдактара Міхал Карневіч:

(Карневіч: ) “У мінулым годзе, калі мы аб гэтым напісалі, здаецца, праз тыдзень ці праз два паставілі прыбіральні. Але вядома, сэзон летні скончыўся, калі піва прадавалі, і прыбіральні прыбралі. Вось у гэтым сэзоне мы не напісалі пра тое, што няма прыбіральняў і ўсё. Я кажу, гэта зноў-такі ўся культура піва ў нас”.

Мы хадзілі з маім замежным сябрам у новую карчму на нёманскім беразе. Я пацікавіўся: дзе прыбіральня? Мне адказалі: нам своечасова не прывезьлі біяпрыбіральню, так што мы ўсіх пасылаем у хмызы... Зноўку – Міхал Карневіч:

(Карневіч: ) “Над Нёманам – гэта ж месца, дзе павінны людзі сядзець, піць піва, так як сядзяць на Влтавай ці сядзяць над Віслаю. Гэта мара наша была. Але як ты пойдзеш туды піва піць, калі прыбіральні няма?”

Вось так у Горадні п’юць піва. Адзінае цешыць: няма больш дэфіцыту. Яшчэ колькі гадоў таму ў адным бары я бачыў абвестку каля піўнога крану: “Пива нет и не будет. Умолять бесполезно”.