Рэзалюцыя №652 Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з заклікам да ўладаў Рэспублікі Беларусь

RFE/RL РЭЗАЛЮЦЫЯ №652 З заклікам да ўладаў Рэспублікі Беларусь забясьпечыць дэмакратычны, празрысты і справядлівы выбарчы працэс на парлямэнцкіх выбарах восені 2004 году ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ 20 Траўня 2004 году Сп. Бэройтэр (ад сябе і ад сп. Вэкслера) падаў на разгляд гэткую рэзалюцыю, якая перададзеная ў Камітэт Міжнародных Дачыненьняў
РЭЗАЛЮЦЫЯ

З заклікам да ўладаў Рэспублікі Беларусь забясьпечыць дэмакратычны, празрысты і справядлівы выбарчы працэс на парлямэнцкіх выбарах восені 2004 году.

Беручы пад увагу, што забесьпячэньне дэмакратычнага, празрыстага і справядлівага выбарчага працэсу на парлямэнцкіх выбарах 2004 году ў Рэспубліцы Беларусь і ўсталяваньне сапраўды дэмакратычнай палітычнай сыстэмы зьяўляюцца перадумовамі інтэграцыі гэтай краіны ў Заходнюю супольнасьць дзяржаваў;

Беручы пад увагу, што ўлады Беларусі, дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, узялі на сябе шматлікія канкрэтныя абавязкі ў справе правядзеньня выбараў, у тым ліку палажэньні Капэнгагенскага дакумэнту;

Беручы пад увагу, што выбары ў наступны парлямэнт Беларусі ўвосень 2004 году стануцца недвухсэнсоўнай праверкай таго, у якой меры беларускія ўлады застануцца верныя абавязку выконваць гэтыя стандарты і будаваць дэмакратычнае грамадзтва, заснаванае на прынцыпах свабодных выбараў і прававой дзяржавы;

Беручы пад увагу, што папярэднія парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі ў поўнай меры міжнародных стандартам;

Беручы пад увагу, што ўрад і публічныя улады на ўсіх узроўнях маюць сваім абавязкам дзейнічаць у адпаведнасьці з усімі законамі і прававымі нормамі, якія рэгулююць выбарчыя працэдуры, а таксама забясьпечваць свабодныя і справядлівыя выбары па ўсёй краіне, улучна з прадухіленьнем дзеяньняў, скіраваных на падрыў свабоднага ажыцьцяўленьня палітычных правоў;

Беручы пад увагу, што сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары патрабуюць правядзеньня палітычнай кампаніі ў асяродзьдзі, у якім ні адміністрацыйныя дзеяньні, ні гвалт, запалохваньні або затрыманьні не перашкаджалі б партыям, палітычным згуртаваньням і кандыдатам знаёміць грамадзянаў са сваімі поглядамі і якасьцямі праз арганізацыю групаў падтрымкі, правядзеньне публічных сходаў і мерапрыемстваў па ўсёй краіне і выкарыстаньне бесьперашкоднага доступу да друку, радыё, тэлевізіі і інтэрнэтных сродкаў масавай інфармацыі на раўнапраўнай аснове;

Беручы пад увагу, што сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары патрабуюць, каб грамадзянам было гарантаванае права і рэальная магчымасьць ажыцьцяўляць свае грамадзянскія і палітычныя правы, улучна з правам выбару, без запалохваньня, пагрозаў палітычнага перасьледу або іншых формаў прымусу з боку цэнтральных, мясцовых або іншых уладаў;

Беручы пад увагу, што сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары патрабуюць поўнай празрыстасьці законаў і прававых нормаў, якія рэгулююць правядзеньне выбараў, шматпартыйнага прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях і бесьперашкоднага доступу кандыдатаў, палітычных партыяў, мясцовых і замежных наглядальнікаў да ўсіх выбарчых працэдураў, улучна з галасаваньнем і падлікам галасоў ва ўсіх рэгіёнах краіны;

Беручы пад увагу, што кантроль і маніпуляцыі ў дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі з боку цэнтральных і мясцовых чыноўнікаў ды іншых асобаў, якія дзейнічаюць паводле іхных загадаў, маглі б выклікаць сур’ёзную занепакоенасьць што да гатовасьці беларускіх уладаў выконваць свае абавязаньні ў справе свабодных і справядлівых выбараў;

Беручы пад увагу, што намаганьні цэнтральных і мясцовых чыноўнікаў ды іншых асобаў, якія дзейнічаюць паводле іхных загадаў, стварыць перашкоды ажыцьцяўленьню свабоды сходаў, свабоды слова і правядзеньню свабоднай і справядлівай палітычнай кампаніі маглі б паставіць пад сумнеў справядлівасьць будучых выбараў; і

Беручы пад увагу, што арышт або запалохваньне актывістаў і кандыдатаў апазыцыйных палітычных партыяў, такіх як лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, або іншых асобаў, зьвязаных з апазыцыяй, у тым ліку і тых, хто мае дачыненьне да Кааліцыі Пяцёрка Плюс, уяўляе сабою сьвядомы наступ на дэмакратычны працэс: Вось жа, улічваючы зазначанае вышэй, хай будзе



Пастаноўлена, Што Палата Прадстаўнікоў –



(1) спадзяецца на разьвіцьцё сардэчных дачыненьняў паміж Злучанымі Штатамі і Рэспублікай Беларусь;



(2) падкрэсьлівае, што перадумова інтэграцыі Беларусі ў Заходнюю супольнасьць дзяржаваў палягае ва ўсталяваньні сапраўды дэмакратычнай палітычнай сыстэмы;



(3) выказвае сваю моцную і няспынную падтрымку намаганьням беларускага народу ўсталяваць поўную дэмакратыю, вяршэнства закону і павагу да правоў чалавека ў Беларусі;



(4) заклікае улады Беларусі гарантаваць свабоду асацыяцыяў і сходаў, улучна з правам кандыдатаў, сяброў палітычных партыяў ды іншых свабодна зьбірацца, арганізоўваць і праводзіць публічныя мерапрыемствы і ажыцьцяўляць гэтае ды іншыя правы без запалохваньня і цкаваньня з боку цэнтральных або мясцовых чыноўнікаў або іншых асобаў, якія дзейнічаюць паводле іхных загадаў;



(5) заклікае ўлады Беларусі выконваць свае абавязкі перад Арганізацыяй Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе ў справе дэмакратычных выбараў;

(6) заклікае беларускія ўлады забясьпечыць –





(А) поўную празрыстасьць выбарчых працэдураў да, падчас і пасьля парлямэнцкіх выбараў 2004 году;





(B) свабодны доступ да выбараў беларускіх і міжнародных наглядальнікаў;





(C) шматпартыйнае прадстаўніцтва ва ўсіх выбарчых камісіях;





(D) бесьперашкодны доступ усіх партыяў і кандыдатаў да друку, радыё, тэлевізіі і інтэрнэтных сродкаў масавай інфармацыі на раўнапраўнай аснове;





(E) свабоду кандыдатаў, актывістаў апазыцыйных партыяў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі ад запалохваньня і цкаваньня з боку ўладных чыноўнікаў на ўсіх узроўнях, якія сярод іншага выяўляюцца ў выбарачных падатковых праверках, адкліканьні ліцэнзіяў, пакараньнях за абразу гонару і годнасьці;





(F) празрыстасьць працэсу разгляду скаргаў і апэляцыяў у выбарчых камісіях і ў судовых установах з мэтай своечасовага і эфэктыўнага вырашэньня спрэчных пытаньняў; і





(G) рашучае прыцягненьне да адказнасьці любых асобаў або арганізацыяў, вінаватых у парушэньні выбарчых законаў і нормаў, аж да ўжываньня адпаведных адміністрацыйных або крымінальных пакараньняў;



(7) надалей заклікае ўлады Беларусі гарантаваць наглядальнікам ад Бюро Дэмакратычных Інстытутаў і Правоў Чалавека, іншых краінаў-удзельніц АБСЭ, беларускіх палітычных партыяў, прадстаўнікоў кандыдатаў, няўрадавых арганізацыяў ды іншых прыватных установаў і арганізацыяў, як замежных, гэтак і мясцовых, бесьперашкодны доступ да ўсіх аспэктаў выбарчага працэсу, улучна зь бесьперашкодным доступам да публічных кампаніяў, кандыдатаў, сродкаў інфармацыі, галасаваньня і пасьлявыбарчай апрацоўкі дадзеных, а таксама разгляду выбарчых праблемаў і скаргаў;



(8) заахвочвае міжнародную супольнасьць, улучна з Радай Эўропы, АБСЭ і Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ, працягваць іх намаганьні, скіраваныя на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, і заклікае гэткія краіны, як Літва ды іншыя балтыйскія і паўночныя краіны працягваць аказваць дапамогу няўрадавым арганізацыям ды іншым беларускім арганізацыям, якія дзейнічаюць на карысьць пашырэньня дэмакратыі і справядлівых выбараў у Беларусі; і



(9) абяцае сваю падтрымку беларускаму народу, ягонай адданасьці цалкам свабоднай і адкрытай дэмакратычнай сыстэме, стварэньню ім квітнеючай і свабоднай рынкавай эканомікі і заняцьцю ягонай краінай належнага месца ў якасьці раўнапраўнай удзельніцы Заходняй супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў.