Цытаты мінулага – 22 ліпеня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 22 ліпеня
“Наша ніва”, 1914 год. Пад загалоўкам “Новая вайна” газэта падае: “Ешчэ не забыліся мы аб тых стрэлах гімназіста Прынцыпа ў Сараеві (у Босніі), каторымі былі забіты на сьмерць аўстрыяцкі насьледнік Франц Фэрдынанд з жонкай, а ўжо пралітая кроў прынесла багаты ўраджай: між Аўстрыяй і Сэрбіяй узнялася вайна… Трывога ў Эўропі расьце, – і мо’ блізка тая часіна, калі аграмадныя арміі ўсіх краёў, збіраныя гадамі, спаткаюцца на полі бітвы”.

“Бацькаўшчына”, год 1954. “У 1950 годзе выйшаў у Менску раман маладога беларускага пісьменьніка Янкі Брыля “У Забалоцьці днее”, а ў 1951 годзе аўтар раману атрымаў за яго Сталінскую прэмію. Зьмест раману – пасьляваенная адбудова й калектывізацыя ў Заходняй Беларусі на фоне змаганьня зь беларускай нацыянальнай партызанкай… у 1947-1948 гг. І вось за гэты раман – за паказаньне, як камуністыя змагаюцца з нацыянальнай партызанкай ды як зь ёй трэба змагацца й яе перамагаць, атрымаў аўтар Сталінскую прэмію. Гэта найлепшы доказ зь беспасярэдняга савецкага жарала, як войстрае было на Беларусі нацыянальнае змаганьне ў пасьляваенную пару”.

“Свободные новости”, 1994 год. Аляксандар Уліцёнак піша пра першую прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў рангу прэзыдэнта: “Напрыклад, разважаючы аб прэсе, прэзыдэнт дастаткова шмат увагі надаў незалежнасьці ТБ і – ужо даруйце – “Свободным новостям”, на адрас якіх, у паасобку, прагучала: газэце “я ніколі не адмаўляў у сустрэчы. За ваша аблічча, за тое, што вы чэсна вялі перадвыбарчую агітацыю за таго ці іншага кандыдата. Калі мяне наагул прыхлопнулі, “СН” усё ж далі мне слова… Вы мяне падтрымалі, вы паказалі сваю мужнасьць, і я папросту змушаны па-добраму адказаць на такое стаўленьне “СН”.