Пра што гаварыў Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі?

Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў 10 гадавіну свайго кіраваньня Аляксандар Лукашэнка правёў вялікую прэсаваю канфэрэнцыю, якая доўжылася каля 4-х гадзінаў. Кіраўнік дзяржавы ў адказах на пытаньні закрануў шырокі спэктар тэмаў.
Ён выказаўся наконт магчымасьці свайго трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. "Трэці тэрмін у Лукашэнкі будзе толькі па Канстытуцыі і толькі тады, калі народ так вырашыць. Калі мне народ дазволіць удзельнічаць у 2006 годзе ў прэзыдэнцкіх выбарах, то я буду ўдзельнічаць толькі так, як у папярэдніх выбарах – нароўні зь іншымі кандыдатамі. Дзеля таго каб гэта зрабіць, патрэбны рэфэрэндум. Думаю, што народ мне не забароніць. Прагаласуе ён за мяне ў 2006 годзе ці не – гэта пытаньне".

Разам з тым Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што калі б выбары былі зараз, то ён здолеў бы "перамагчы абсалютна дэмакратычным чынам, як у папярэднія выбары".

Паводле яго ня трэба шмат часу для падрыхтоўкі рэфэрэндуму "Як толькі я прыму рашэньне па рэфэрэндуме, я неадкладна пра гэта абвяшчу, але пакуль я такога рашэньня не прыняў" – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытаньне пра восеньскія парлямэнцкія выбары, Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што большасьць месцаў у Палаце прадстаўнікоў зоймуць людзі, “якія будуць падтрымліваць дзяржаўны курс”.

“Я вельмі спадзяюся, што людзі зробяць правільны выбар,” – сказаў ён. – “Здраднікаў, адшчапенцаў і людзей, якія пераапрануліся зараз, ваўкі ў авечыя шкуры, народ разгледзіць, а калі не разгледзіць, мы яму дапаможам...”

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў хуткім часе правядзе нараду па перадвыбарчым праблемам, дзе будуць разгледжаныя пытаньні матэрыяльнага і фінансавага забесьпячэньня выбарчай кампаніі, гатоўнасьць судовай улады апэратыўна вырашаць усе перадвыбарныя спрэчкі, а таксама праблема працаўладкаваньня дэпутатаў, якія не ўвойдуць у склад новага парлямэнту.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўзмацненьне вайсковага складніку НАТО на тэрыторыі дзяржаў – новых сябраў альянсу не застанецца па-за увагай Беларусі й Расеі, ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзьвюх краінаў. Кіраўнік дзяржавы сказаў пра гэта, камэнтуючы зьвесткі аб тым, што адміністрацыя ЗША вядзе перамовы з урадамі Чэхіі, Вугоршчыны і Польшчы аб разьмяшчэньні ў адной з гэтых краін сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Пра іншыя тэзы, што прагучалі падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра рэакцыю на іх вы даведаецеся зь іншых матэрыялаў Радыё Свабода.

• Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году праз папярэдні рэфэрэндум • Аляксандар Рар з Бэрліну: "Трэба вытрымаць час, калі Беларусьсю будзе кіраваць ужо не Лукашэнка..." • “Gazeta Wyborczа” адзначыла 10-годзьдзе прэзыдэнцтва Лукашэнкі публікацыяй артыкулу пад назвай “Дырэктар саўгасу Беларусь” • Браніслаў Герэмэк: “На жаль, гэтыя 10 гадоў Беларусь страціла” • Падарункі на 10-годзьдзе: Зінаіда Бандарэнка падарыла б Аляксандру Лукашэнку Біблію, а Дабравольскі – квіток да Шклова • Наглядальнікі не выключаюць магчымасьці таго, што на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка абвесьціць аб сваім рашэньні застацца на трэці тэрмін