Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.
Гэта здаецца неверагодным. Самым папулярным у народзе літаратурным жанрам робяцца не прыпеўка, ня байка, а хоку й танка. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зазірнуць на інтэрнэт-старонку “Літара”, дзе гэтых хоку з танкамі назапасілася з паўтысячы. Пішуць адусюль, пішуць усе – і абавязкова ў выглядзе трох- ці чатырохрадкоўяў. Што гэта: мода ці вядомае са старажытных часоў ex oriente lux (сьвятло з усходу)? Сёньня мы пагаворым пра гэта з доктарам філялёгіі Іванам Чаротам і літаратарам Уладзімерам Сіўчыкавым – аўтарам нядаўна выдадзенай кніжкі хоку й танкаў “Высакосны год”.
(Скобла: ) “Першае пытаньне аўтару кніжкі. Уладзімер, радзіма хоку – Японія, краіна, зь якой у Беларусі амаль нічога агульнага. Дык адкуль у беларускім літаратурным асяродзьдзі, асабліва сярод моладзі, узялася гэтая дзіўная мода?”
(Сіўчыкаў: ) “Мы лічым сябе людзьмі адукаванымі, і таму павінны глядзець на сьвет шырока – і на захад, і на ўсход. Калі перафразаваць расейскага клясыка, то беларусы – “не лянотныя й цікаўныя”. Альбо хаця б мусяць старацца такімі быць. І мне падаецца, што хоку й танку – жанр надзвычай мабільны ў наш хуткаплынны час: дазваляе злавіць імгненьне, як лавілі яго імпрэсіяністы, ці выказаць філязофскую сьціслую думку”.
(Скобла: ) “Пытаньне Івану Чароту. Многія беларусы сёньня глядзяць японскія тэлевізары, езьдзяць на японскіх аўто, а цяпер і хоку пішуць. Засталося навучыцца піць сакэ й есьці палачкамі. Ці не пагражае Беларусі пэўная япанізацыя?”
(Чарота: ) “Ну, калі ўжо так правакацыйна сфармулявана пытаньне… Тут не пагроза, а, хутчэй, – гульнёвая сытуацыя. Можна пагуляць у хоку, ці ў іншыя запазычаныя формы. Можна беларуску, якая адпаведным рамяством займаецца, пераапрануць у гейшу… Але гэта гульня, і нічога больш. Бо тая пераапранутая гейша ўсё роўна застанецца беларускай, а беларускі верш, калі ён напісаны беларусам, усё роўна застанецца беларускім”.
(Скобла: ) “Я ведаю, што ў свой час была спроба выдаць кнігу беларускіх хоку – праўда, няўдалая. Так, Уладзімер?”
(Сіўчыкаў: ) “Так, гэта было ў годзе 1987-м. Рукапіс быў здадзены ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Рэдактар Р. Яўсееў напісаў кароткі, але разгромны водгук. Два радкі зь яго працытую: “Багата сьнегу, ветру, дажджу ў творах Сіўчыкава, Уладзімера Сьцяпана, Адама Глёбуса. Уражаньне такое, што дажджы вымылі, а вятры выдзьмулі ўсе разумныя думкі з твораў гэтых маладых паэтаў, якія шукаюць, але не знайшлі сябе ў літаратуры”. Прыблізна ў гэткіх жа фармулёўках была вытрымана й выдавецкая рэцэнзія майго сёньняшняга апанэнта Івана Чароты. Нагадаю, што ў той час выданьне падобнага зборніка магло азначаць дысыдэнцкі, нават палітычны крок. Я лічу, што гэта была заказная рэцэнзія. Заданьне было выканана, рукапіс быў “зарэзаны”.
(Скобла: ) “І што ж пісаў у той рэцэнзіі спадар Чарота?”
(Чарота: ) “Вельмі мне непрыемна, што рэцэнзія на рукапіс зборніка хоку падпадае пад палітычнае зьвінавачаньне. Тым больш, – заднім розумам. Ну, ніякага дысыдэнцтва, ніякай рэвалюцыйнасьці там не было! Я цытую самога сябе: “На жаль, не магу пазбавіцца ад уражаньня, што гэта папросту экспэрымэнт, досьлед, практыкаваньне ў вершаваньні па зададзенай схеме. І без асаблівай заклапочанасьці пра якасьць вынікаў”. Ні тады, ні цяпер мне ніхто не заказвае, што пісаць і гаварыць. Так сьцьвярджаць – нават трохі непрыстойна з боку майго апанэнта. Такія зьвінавачаньні…”
(Сіўчыкаў: ) “А вы разглядаеце сваю рэцэнзію як станоўчую, ці як адмоўную?”
(Чарота: ) “Рэцэнзія не зьмяшчала фармулёўкі: выдаваць ці не выдаваць. Давайце будзем карэктнымі”.
(Сіўчыкаў: ) “Вось вы пішаце: “Аўтары захапіліся нават ня формай, а фікс-ідэяй”.
(Чарота: ) “Абсалютная фікс-ідэя!”
(Сіўчыкаў: ) “І пасьля такой рэцэнзіі дырэктар выдавецтва павінен ухваліць рукапіс да друку?”
(Чарота: ) “Я не магу ведаць намераў дырэктара ды іх камэнтаваць! Калі вы мяне вінаваціце, што я ня даў вам выдаць кнігу, знайдзіце ў маёй рэцэнзіі адпаведную фармулёўку”.
(Сіўчыкаў: ) “Я яе цытаваў”.
(Чарота: ) “Няпраўда! Дзе напісана: “Не выдавайце!”? Наадварот, я пісаў, што “падобныя творы можна прыняць як пошук, але не як вынік, а асобныя знаходкі маюць права на існаваньне й нават на друк”. Вось што было сказана, Уладзімер Мікалаевіч. Непрыстойна перасмыкваць!”
(Скобла: ) “Давайце перастанем адзін аднаго вінаваціць. Сапраўды, у наш імклівы час трэба вучыцца пісаць коратка. Як, прыкладам, Аляксей Пысін пра вайну: “Стралковая рота сопку ўзяла. Пад намі зямля. Над намі зямля”. Усё. А сказана многа. Але, Уладзімер, чаму ўсё ж хоку? Вось Іван Чарота кажа, што ў падобным творстве адбіваецца сьветапогляд. А сьветапогляду японскага нам ніколі не займець…”
(Сіўчыкаў: ) “У такім выпадку беларусы ня мелі права будаваць храмаў у стылі барока. Бо ў нас жа не італьянскі сьветапогляд… Чамусьці мы даем карт-блянш ангельцу Шэксьпіру: ён можа пісаць санэты. А беларусу што, нельга? Можна. Дык чаму беларус ня можа пісаць хоку? Таксама можа”.
(Скобла: ) “Хацелася б пачуць узоры хоку й танку з вашай кнігі”.
(Сіўчыкаў: )
“На крыжавінах Срэбных тэлеантэнаў Сумуюць гракі. * Прачыненая грубка. Сьсівелы попел. Рукапіс згарэў. * Жоўты пясочак. Пры курапацкіх соснах Трасу будуюць. * Штучныя кветкі, Велікоднае яйка, Кроплі ў кілішку, Недагарак сьвечачкі – Натурморт Радаўніцы. * Гляджу скрозь шыбу Пасьля доўгай хваробы – Пялёсткі вішань Фарбуюць дахі ў сьцягі Бел-чырвона-белыя.
* Пярэсты мятлік І восеньню хоча жыць, П’е пасьпешліва З хрызантэмы расінкі Марознаю раніцай. * Чытаю Басё, Такубоку – Складаюцца Танка і хоку.
Апошняе трохрадкоўе – літаратурнае хуліганства, бо хоку ніколі не рыфмуецца”.
(Скобла: ) “Хачу запытацца ў Івана Чароты. У свой час Вацлаў Ластоўскі – рэдактар першай кнігі юнака зь Яраслаўля Максіма Багдановіча – павыкідаў з рукапісу многія пераклады з французкай, бо санэт і трыялет – таксама былі чужыя для беларускай паэзіі формы. Сёньня багдановічаўскі санэт “Паміж пяскоў Эгіпэцкай зямлі…” школьнікі вучаць напамяць. Дык, мо, прызнаньне ўсходніх форм у нас – таксама пытаньне часу?”
(Чарота: ) “У тым, што вы кажаце, ёсьць свая лёгіка. Між тым, і Ластоўскі, відаць, меў гэта на ўвазе: сьветапогляд, сыстэма адлюстраваньня сьвету – заўсёды абавязкова этнічныя. Яны – на генэтычным кодзе і памяці, і мовы, і ўсяго іншага. У згаданы “нашаніўскі” пэрыяд увага творцаў скіравана была на асноўнае – тое, што было апірышчам, а чужое, запазычанае адкідалася. Падкрэсьлю: калі б гэтыя творы называліся проста трохрадкоўямі, а ня хоку, то не было б ніякіх пытаньняў. Бо хоку зусім не складае трохрадкоўя! Гэта мона-верш! Гэтак спэцыялісты сьцьвярджаюць, якія ўсё жыцьцё гэтым займаюцца. Нашы паэты захапіліся трохрадкоўямі, гэтай будовай і колькасьцю складоў 5х7х5, гэтымі практыкаваньнямі – прычым, лёгкімі практыкаваньнямі. Вось я вам зараз прадэманструю. Вычытаў толькі што ў новай кніжцы майго візаві:
Паліклініка. У стомленых поглядах Цяжар чаканьня.
Вось зараз за дзьве хвіліны, пакуль вы будзеце гаварыць, я вам напішу шаснаццаць такіх “хоку”.
(Сіўчыкаў: ) “Я буду вельмі ўсьцешаны, калі беларуская літаратура ўзбагаціцца ад вершаваных практыкаваньняў Івана Чароты! Для падобных рэфлексій я знарок пакінуў некалькі чыстых старонак у канцы кніжкі. Валодзя Арлоў, неяк едучы ў аўтобусе ў Полацак, прачытаў падборку маіх хоку ў “ЛіМе”. І прызнаўся мне, што натхніўся й напісаў некалькі рэчаў сам. І я буду вельмі рады, калі Арлоў ці Чарота, ці нейкі школьнік дапішуць у маю кніжку некалькі радкоў. Урэшце, ёсьць такі панятак, як рынак, і ён вызначыць, патрэбна такая кніжка, ці не.”
(Чарота: ) “Вось вам рынак і паказаў, што непатрэбна. Зірніце на наклад кніжкі “Высакосны год” – усяго 366 асобнікаў”.
(Сіўчыкаў: ) “Вы не разумееце: у гэтай кніжцы ўсё прадумана. І калі кніжка называецца “Высакосны год”, то й наклад яе менавіта 366 асобнікаў! Элемэнтарна!”
(Скобла: ) “Хацелася б усё ж пагаварыць пра адрознасьць беларускага й японскага сьветапоглядаў. Дарэчы, самая славутая перакладчыца японскага клясыка Басё на расейскую Вера Маркава нарадзілася ў Менску. Так што нейкая містычная сувязь паміж Японіяй, Беларусьсю й хоку ўсё ж ёсьць. Я дзесьці чытаў, што турыстаў у Японіі прывозяць на пляцоўку, адкуль відаць Фудзіяма, і пакідаюць на некалькі гадзін. Турысты абураюцца: што мы будзем рабіць тут столькі часу?! “Сузіраць прыгажосьць”, – чуюць у адказ. Ці ёсьць у беларусаў гэткае ж імкненьне да цярплівага сузіраньня хараства?”
(Сіўчыкаў: ) “Спыніцца, засяродзіцца й сузіраць – гэта вельмі карысна. Калі павярнуць тваё пытаньне ў гумарыстычны бок, то чалавек ніколі ня стоміцца, як бы доўга яны ні доўжыліся, сузіраць тры рэчы: як цячэ вада, як гарыць агонь і як яму выдаюць грошы. Любы беларус можа прыйсьці, прыкладам, да гарадзенскай Каложы й сузіраць гэты цуд гадзінамі. Альбо прыйсьці да полацкай Сафіі, альбо да Сынковіцкай царквы-крэпасьці, нясьпеша абходзіць іх і падоўгу любавацца іхнаю красой. Альбо папросту ляжаць на сьпіне й бясконца глядзець на аблокі”.
(Скобла: ) “Мы сядзім у менскай студыі й гаворым пра традыцыйныя японскія вершы. А дзе-небудзь у Токіо сядзіць японскі паэт, разважае над квантэмам ці вэрсэтам і думае, што хацеў сказаць гэткімі формамі беларускі паэт Алесь Разанаў-сан? Спадар Іван, я, слухаючы вас абодвух, усё ж схіляюся да таго, што японскае сакэ можна наліваць і ў беларускія збанкі”.
(Чарота: ) “Усё можна. Можна й сакэ наліваць у беларускія шклянкі й гладышы”.
(Скобла: ) “Галоўнае – не забыцца падагрэць, бо ж п’ецца яно цёплым”.
(Чарота: ) “Я нават дапускаю, што і жабаў пачнем есьці, і пацукоў смажаных, і чарвякоў! Ну, калі хто захоча. Гэта ж таксама элемэнты пэўнай культуры – нехта захопіцца й будзе спажываць. Але я ня думаю, што гэта пэрспэктыўна для майго пакаленьня ці нават для пакаленьня майго ўнука. Ня дай Бог, каб ён ля муроў Сынковіцкай царквы хоку пачаў пісаць! Не, хай ён псальмы згадае, праваслаўную ці каталіцкую малітву прачытае! Сваю, хрысьціянскую, якую яму далі маці з бацькам і дзед з бабуляй. Пагоня за хоку ці нечым падобным – гэта мітусьня. Бо ў беларусаў, скажам, няма сэрбскай эпічнай песьні. Няма ўкраінскай думы. Няма каламыйкі. Няма. У беларускай сьветапогляднай, мастацкай сыстэме, у сыстэме сьветаадлюстравальнай. Ну й што? Няма бяды! У нас ёсьць сваё, чаго ня маюць іншыя”.
(Скобла: ) “Прыгадаўся Алесь Разанаў, і я ўспомніў, што вы, Уладзімер, у свой час спрычыніліся да выданьня ягонай кнігі ў Грузіі. Да ведама слухачоў, спадар Сіўчыкаў валодае грузінскай мовай, ён вучыўся ў Тбіліскім унівэрсытэце. Скажыце, а як грузіны ўспрынялі наватарскія вершы Разанава?”
(Сіўчыкаў: ) “Выдатна ўспрынялі, а мы з калегам-перакладчыкам Нугзарам Кабэрыдзэ нават пасваячыліся: ён хрысьціў маіх дачок. Кніга вэрсэтаў Разанава “Вандроўны горад”, – дарэчы, унікальны выпадак – выйшла па-грузінску раней, чым па-беларуску. Кніга была ўспрынята як наватарская. Канечне, разанаўская філязафічнасьць, глыбіня і па-беларуску, і па-грузінску вымагаюць удумлівага прачытаньня”.
(Скобла: ) “І на заканчэньне нашай гутаркі давайце трошкі адпачнем ад літаратуры. Пытаньнем мінулага тыдня на нашым радыё было гэткае: ці можа Беларусь жыць без прэзыдэнта? Адкажыце на яго й вы. Толькі ляканічна, калі ласка”.
(Чарота: ) “І Беларусь да 1994 году жыла без прэзыдэнта, і сотні краін сёньня жывуць. Наколькі я памятаю, нават цяперашні прэзыдэнт сам быў супраць прэзыдэнцкай рэспублікі”.
(Сіўчыкаў: ) “Не настолькі істотна, якая ў краіне форма кіраваньня. Для мяне істотна, каб першая асоба дзяржавы была інтэлігентнаю, пісьменнаю, патрыятычна настроенаю, каб яна дбала пра сваю краіну й свой народ. Калі я ведаю, што Зьвіяд Гамсахурдзія – інтэлігентны чалавек, ведае некалькі моваў і сам перакладае на грузінскую, мне гэта сымпатычна. Калі я ведаю, што Вацлаў Гавэл – драматург і публіцыст, я таксама гэта вітаю. Калі я ведаю, што Ян Павал ІІ (у сьвеце Караль Вайтыла) – паэт і драматург, гэта таксама міжволі выклікае ў мяне прыязнасьць. Так што жыць без прэзыдэнта можна. Галоўнае, ня як ён называецца, а якім ён ёсьць”.