Вынікі тэатральнага сэзону: тэатрам бракуе абароны нацыянальнай драматургіі й эўрапейскай мабільнасьці

Валянціна Аксак, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” прысьвечаная вынікам прамінулага тэатральнага сэзону.
Адзіны недзяржаўны беларускі тэатар “Вольная сцэна” зачыніўся. Адзіны, таксама недзяржаўны, тэатар сатыры й гумару “Хрыстафор” зьехаў працаваць за мяжу, у Расею. Першы спэктакль паказаў новы тэатар – тэатар беларускага войска. Створана лябараторыя маладой беларускай драматургіі. Вось некаторыя праявы прамінулага сэзону, якія кінуліся ў вочы неспакушанаму заўзятару тэатральных заляў краіны.

А якімі пастаноўкамі й чыімі п’есамі зацікавіліся прафэсіяналы? Што яны думаюць пра стан беларускае драматургіі? Што лучыць зьявы й падзеі ў беларускіх тэатрах з эўрапейскім тэатральным працэсам? І што раз’ядноўвае?

На гэтыя ды іншыя пытаньні разважаюць госьць нашай менскай студыі малады драматург, загадчык літаратурнае часткі Нацыянальнага рускага акадэмічнага тэатру імя Горкага Андрэй Карэлін, і па тэлефоне зь Любліну знаны беларускі драматург Сяргей Кавалёў.

(Аксак: ) “Маё першае пытаньне да абодвух сёньняшніх нашых суразмоўцаў: якія вашыя асабістыя тэатральныя здабыткі мінулага тэатральнага году?”

(Карэлін: ) “Пра асабістыя дасягненьні казаць нясьціпла, а не казаць – глупства. У мінулым сэзоне на сцэне рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі ў мяне выйшаў мой другі спэктакль, які называецца “І рэха адказала – “ты” (рэжысэр-пастаноўшчык Валер Лысоўскі). На жаль, баюся, што гэты спэктакль у новым сэзоне ўжо ня будзе ісьці на пляцоўцы тэатру беларускай драматургіі, таму што бальшыня артыстаў, якія ўдзельнічалі ў ім, ужо не працуюць у гэтым тэатры.

Як аўтару мне ўдалося напісаць драматургічную трылёгію, якая складаецца з п’ес “Дзень, калі мы кінем курыць”, “Неба нас уратуе” й “Я веру ў гараскопы”. Адзначу, што п’еса “Я веру ў гараскопы” была заўважана нямецкімі арганізатарамі фэстывалю маладых драматургаў Эўропы, і я быў запрошаны сёлета на гэты фэстываль”.

(Кавалёў: ) “З аднаго боку, прамінулы тэатральны сэзон быў досыць традыцыйным для мяне, і я рады, што ў мяне адбыліся дзьве прэм’еры, якія я лічу досыць удалымі. Увосень 2003 году ў Магілёўскім драматычным тэатры ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева, зь якім я ўжо неаднаразова супрацоўнічаў, адбылася прэм’ера “Машэкі”. Гэта спэцыяльны варыянт вядомага паданьня, адмыслова напісаная для гэтага тэатру п’еса. І я спадзяюся, што “Машэка” стане для Магілёўскага драматычнага тэатру візытоўкай на доўгія гады. І ўвесну 2004 году ў сталічным тэатры юнага гледача ў пастаноўцы Наталі Башавай адбылася прэм’ера “Тараса на Парнасе” – апошняй з маіх п’ес гермэнэўтычнага цыклю. Прэм’ера, я лічу таксама ўдалая, цікавая, і рады, што гэты спэктакль з задавальненьнем глядзіць моладзь, падлеткі. Гэты спэктакль – нетрадыцыйны погляд на нашу клясыку.

А незвычайным сэзон быў у тым сэнсе, што гэта быў год пэўнага рахункаваньня – і меў выдавецкі плён. Як сваю асабістую ўдачу я ўспрымаю выданьне кнігі Францішкі Ўршулі Радзівіл, выдадзеную “Беларускім кнігазборам” з падтрымкаю Інстытуту Польскага ў Менску. Мы нарэшце маем кнігу аднаго зь першых беларускіх драматургаў – Францішкі Ўршулі Радзівіл, кнігу драматурга 18 стагодзьдзя. Такой кнігі няма ў нашых польскіх калег, якія таксама лічаць Францішку Ўршулю Радзівіл сваёй. Акрамя таго, выйшла два зборнікі маіх п’ес. Неяк я іх раней не выдаваў: толькі пісаў, яны ставіліся. Цяпер у менскім выдавецтве “Логвінаў” выйшла кніга “Стомлены д’ябал”, і пад такой жа назвай на польскай мове – кніга маіх п’ес у Польшчы. Такім чынам, гэты тэатральны сэзон быў для мяне досыць, я лічу, удалым”.

(Аксак: ) “Вы абодва, як аўтары, ня можаце не цікавіцца тым, што ж, акрамя вашых п’ес, ставяць тэатры краіны. Натуральна, гэта такая крыху рэўнасная цікавасьць, але ў аснове сваёй гэта здаровая рэўнасьць. Як вы ацэньваеце цяперашні рэпэртуар тэатраў краіны? Чаго яму бракуе? Клясыкі? Мадэрну? Нацыянальных пастановак? Ці яшчэ нечага?”

(Карэлін: ) “Я лічу, што нам не хапае абароны нацыянальнай драматургіі, як гэта робіцца, напрыклад, у Францыі, дзе, здаецца, 60 адсоткаў рэпэртуару дзяржаўных тэатраў павінна складаць француская нацыянальная драматургія. На жаль, маладыя беларускія аўтары ставяцца вельмі рэдка на пляцоўках нашых тэатраў. Вядома, нам не хапае конкурсаў, фэстываляў драматургіі. Хацелася б, каб больш увагі надавалася маладой беларускай драматургіі”.

(Кавалёў: ) “Тэатар – гэта сучаснасьць, і гэта – традыцыя. І добра, калі зьяўляюцца новыя п’есы сучасных драматургаў. Гэта сьведчыць пра разьвіцьцё. З другога боку, культура павінна шукаць свае карані, не пачынацца з 20 стагодзьдзя, а глядзець крыху ў глыбіню. Мне хацелася б, каб нашыя рэжысэры зьвярнуліся да драматургіі школьных тэатраў 18 стагодзьдзя – да таго, што ў Горадні ставілася, што ставілася ў Вільні. Можа быць, трэба больш уважліва праглядзець нашую тэатральную спадчыну.

Ну й вельмі цешыць, што ў апошнія гады ўзьнікае ўсё больш новых імёнаў. Нейкае было маўчаньне, зацішша амаль дзесяць гадоў, а цяпер можна назваць каля дзясятка новых імёнаў. Мне асабіста хацелася б, каб сярод гэтых імёнаў было больш беларускамоўных, бо пакуль што сярод новых аўтараў пераважаюць расейскамоўныя”.

(Аксак: ) “Маё наступнае пытаньне да спадара Карэліна. Вы толькі што вярнуліся зь Нямеччыны, з фэсту маладое драматургіі Эўропы. Чаму, на вашую думку, на гэтым фэсьце Беларусь прадстаўлялі толькі расейскамоўныя аўтары – Алена Папова, Андрэй Курэйчык і вы?”

(Карэлін: ) “Ведаеце, пакуль што друкаваўся я й ставіўся выключна на беларускай мове. Гэта мая п’еса “Пакой з правам на спадзяваньне Або зона Х”, якая выйшла ў зборніку “Беларуская драматургія №7”. І дзьве мае пастаноўкі – таксама беларускамоўныя. Таму выключна расейскамоўным аўтарам я сябе не лічу. Аднак я працую ў Рускім тэатры й насамрэч па нацыянальнасьці я рускі. Таму генэтычна мне прасьцей пісаць па-руску. Я думаю, вы пагодзіцеся, што гэта маё права.

Курэйчыка й Алену Папову я вельмі шаную. Але адказаць на пытаньне, чаму выключна расейскамоўныя аўтары былі прадстаўлены ад Беларусі на гэтым фэсьце, я не магу. На гэты фэст дасылаліся п’есы чатырох маладых аўтараў зь Беларусі – гэта п’есы Андрэя Шуцкага, Андрэя Курэйчыка, Рыгора Цісецкага й мая. Адміністрацыя фэстывалю адабрала двох аўтараў. А чым яна кіравалася - пытаньне не да мяне”.

(Аксак: ) “У мяне да вас яшчэ адно пытаньне як да ўдзельніка гэтага фэсту.Здаецца, гэтым разам на фэсьце не было ніводнага спэктаклю беларускіх тэатраў. Ці так гэта?”

(Карэлін: ) “Так”.

(Аксак: ) “І з чым гэта зьвязана?”

(Карэлін: ) “Я таксама не магу адказаць на гэтае пытаньне. Відавочна, ёсьць нейкая сыстэма адбору, сачэньня за ўсясьветнай тэатральнай творчасьцю. Мабыць, нямецкі бок нечага не знайшоў тут”.

(Аксак: ) “Спадар Кавалёў, вы падоўгу апошнія гады працуеце ў Польшчы? Ці наведваеце тамтэйшыя тэатры? Калі так, то як вы бачыце вачыма беларуса з-за мяжы: чаго бракуе сучасным беларускім тэатрам, што адміністратары эўрапейскіх тэатральных фэстаў не запрашаюць іх да ўдзелу?”

(Кавалёў: ) “Я сапраўды ў гэтым годзе больш глядзеў польскіх спэктакляў, чым беларускіх, і пераважна я глядзеў пастаноўкі Гамбровіча й Ружэвіча, і вельмі рады, што ў нашым Нацыянальным акадэмічным купалаўскім тэатры рыхтуецца цяпер адна пастаноўка Вітальда Гамбровіча. Акурат цяпер стагодзьдзе з дня ягонага нараджэньня. І гэта якраз удалы прыклад таго, што ня проста рыхтуецца пастаноўка цудоўнага драматурга, а яна рыхтуецца канкрэтна для паказу ў рамках Міжнароднага гамбровіцкага фэстывалю, які адбудзецца ў Любліне сёлетняй восеньню. Падобнай драматургіі, мне здаецца, на нашай сцэне не было, і ін’екцыя Гамбровіча вельмі патрэбна беларускаму тэатру й беларускай драматургіі. І чым больш такіх міжнародных праектаў будзе, тым больш нашая драматургія й наш тэатар будуць адкрыты да найноўшых эўрапейскіх плыняў. І ня толькі да найноўшых, але й да таго са спадчыны 20 стагодзьдзя, што ў 50-я, 60-я, 70-я гады прайшло, на жаль, незаўважаным беларускім тэатрам”.

(Аксак: ) “І апошняе пытаньне таксама да абодвух. А ці ня лічыце вы, што ўсе сучасныя праблемы беларускіх тэатраў палягаюць у тым, што яны – дзяржаўныя, а значыць, пазбаўленыя самастойнасьці й ініцыятывы, у тым ліку й у пытаньнях выхаду на эўрапейскі й міжнародны ўзровень?”

(Карэлін: ) “Канечне, беларускія тэатры мусяць шукаць выйсьця на міжнародныя фэстывалі. І канечне, беларускія тэатры й наагул беларуская культура павінны добра фінансавацца дзяржаваю – гэта выключнае пытаньне. Вельмі балюча, калі насамрэч добрыя п’есы, створаныя нават ў нашых умовах – з адсутнасьцю добрай школы, адсутнасьцю свайго літаратурнага інстытуту, адсутнасьцю беларускага інстытуту тэатральнага мастацтва й да таго падобнае – усё ж такі зьяўляюцца гэтыя творы, але аўтары іх незапатрабаваныя. Яны ня могуць у дастатковай ступені друкавацца, ставіцца, і ў выніку ёсьць небясьпека, што аўтары проста сыдуць з драматургіі, стануць займацца іншымі рэчамі. Гэтая новая маладая плынь папросту застанецца незаўважанай, пройдзе паўз свой час. На мой погляд – гэта жахліва”.

(Кавалёў: ) “Я гляджу на гэтую праблему крыху інакш. Думаючы над пытаньнем пра дзяржаўныя й недзяржаўныя тэатры, хачу сказаць, што, напрыклад, у Польшчы зусім няма прыватных тэатраў – як гэта ні дзіўна. Але там існуе больш гнуткая сыстэма. Ёсьць тэатры дзяржаўныя, ёсьць тэатры гарадзкія, ёсьць тэатры ўнівэрсытэцкія, тэатры пры розных цэнтрах культуры. І увесь час ёсьць нейкая ўстанова, якая фінансуе той ці іншы тэатар. Былі спробы рабіць прыватныя тэатры, але з гэтага нічога не атрымалася. Цяпер ёсьць толькі невялічкія прыватныя дзіцячыя тэатры.

Нашым тэатрам бракуе студыйнага руху, які разьвіваўся ў 80-я гады. Былі тады цікавыя студыі: Альтэрнатыўны тэатар, тэатар-студыя Таліпава, цікава дзейнічаў Мікола Трухан са сваёй студыяй. Гэты накірунак ня быў разьвіты далей. Але нават у межах дзяржаўных тэатраў павінны быць невялічкія праекты зь невялікай колькасьцю ўдзельнікаў. Вось я гляджу, як мае тут польскія калегі зь Любліну выяжджаюць на розныя фэстывалі: у іх па 4-5 чалавек. І яны езьдзяць па ўсім сьвеце. У нас жа, калі выяжджае тэатар за мяжу, то гэта дзясяткі асоб. Таму тут шмат залежыць ад рэжысэраў, дырэктараў тэатраў – адчуць новыя павевы часу й, адпаведна, да іх падрыхтавацца”.