Сацыёлягі лічаць, што перамога апазыцыі на выбарах магчымая толькі пры ўмове кансалідацыі

Альгерд Невяроўскі, Менск Грамадзкае аб’яднаньне Беларуская фабрыка думкі правяло свой штоквартальны брыфінг, на якім былі прэзэнтаваны вынікі найбольш важных сацыялягічных дасьледаваньняў, наладжаных у Беларусі ў чэрвені. Паводле старшыні Фабрыкі думкі прафэсара Алега Манаева, дзеля перамогі на выбарах у Палату прадстаўнікоў і на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыі патрэбна кансалідацыя.
Старшыня аб’яднаньня Беларуская фабрыка думкі Алег Манаеў за галоўныя ў чэрвені вызначыў некалькі апытаньняў, праведзеных супрацоўнікамі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, які ён ачольвае. Гэта пытаньні зьвязаны з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і прэзыдэнцкімі выбарамі.

Паводле апытаньня, у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах возьме ўдзел больш за 62% рэспандэнтаў. 54% будуць галасаваць за незалежнага кандыдата, ад 16 да 20% выбаршчыкаў гатовы падтрымаць кандыдатаў ад розных апазыцыйных кааліцыяў – ад “Маладой Беларусі” да “5 плюс”. Вось як гэтыя вынікі пракамэнтаваў прафэсар Манаеў:

(Манаеў: ) “Узровень гатовасьці людзей удзельнічаць у выбарах застаецца даволі высокім – прыкладна 62-63%. Даволі высокі ўзровень гатовасьці галасаваць за прадстаўнікоў розных дэмакратычных кааліцыяў і партыяў. Самы высокі ўзровень гатовасьці – за незалежных кандыдатаў. Але, што важна падкрэсьліць, калі мы разглядаем людзей, гатовых галасаваць за прадстаўніка адной кааліцыі, альбо іншай (а так часьцей за ўсё й здараецца), то тады колькасьць беларусаў, гатовых галасаваць за кагосьці зь якой-небудзь кааліцыі, узрастае амаль удвая – робіцца блізу 40%. Але для гэтага патрэбна максымальная кансалідацыя паміж усімі дэмакратычнымі сіламі, кааліцыямі й партыямі”.

Паводле вынікаў НІСЭПД, на прэзыдэнцкіх выбарах за Аляксандра Лукашэнку гатовы прагаласаваць 37% апытаных, супраць – больш за 47%. Калі б людзі ведалі прозьвішча кандыдата, які мог бы пасьпяхова канкураваць з Лукашэнкам, то за яго аддалі б галасы больш за 56% выбарцаў, а за Лукашэнку – толькі 21,5%. У парах “Лукашэнка-іншы кандыдат” найбольш высокі рэйтынг мае Андрэй Клімаў – каля 18%. Вось што ў гэтых акалічнасьцях раіць Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Павінен быць камандны падыход. Гэта тое, што мы, сацыёлягі, раілі ў пачатку 2001 году. Калі, умоўна кажучы, паўстае “5 плюс”, але ўжо ня партыяў, а дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнты. Яны заключаюць між сабой нейкі канкардат, і там ужо ў нейкі момант будзе бачна, на чыю карысьць кладзецца карта. Падтрымка электарату, Расеі, Захаду й г.д. І тады гэты кандыдат прэзэнтуе сябе грамадзтву: “вось я прэзыдэнт, гэта мае прэм’ер-міністар, кіраўнік адміністрацыі, міністар абароны й г.д. Тады галасоў будзе амаль у 2 разы больш”.

У часе брыфінгу таксама былі прэзэнтаваны іншыя цікавыя вынікі дасьледаваньняў. Большасьць апытаных людзей хоча рынкавых рэформаў, ня хоча адраджэньня СССР, а прыхільнікаў дэмакратыі й рынкавых адносін значна больш сярод тых беларусаў, якія любяць сэкс і даволі часта ўжываюць алькаголь.