Беларусы ў краіне кельтаў і Джэймса Джойса

Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Алесь Муравіцкі (Ірляндыя), Людміла Дзіцэвіч (Беларусь)
Ірляндыя належыць да тых краінаў, дзе беларуская прысутнасьць не мае гістарычных каранёў. У Беларусі гэтая краіна вядомая найперш дабрачыннымі справамі яе грамадзянаў, якія блізка да сэрца ўспрынялі Чарнобыльскія праблемы і дапамагаюць у аздараўленьні беларускіх дзяцей.

Удзельнікі нашай сёньняшняй перадачы пазнаёміліся з Ірляндыяй менавіта ў сувязі са справамі гуманітарнай дапамогі беларускім дзецям.

Аляксандр Муравіцкі вучыўся ў БДУ і адначасна супрацоўнічаў, як перакладчык, з ірляндцамі, якія прыяжджалі ў Беларусь.

(Муравіцкі: ) “Яны запрасілі мяне ў госьці ў Ірляндыю 4 гады таму. Я прыехаў у горад Корк. Я працаваў перакладчыкам для бежанцаў. Потым пераехаў у Дублін і знайшоў працу ў банку таму, што я вывучаў банкаўскую справу дома. Але ня скончыў, і мне давялося давучвацца тут у Дубліне. Я працую і вучуся, за маю адукацыю плаціць мая кампанія. Вышэйшая адукацыя для жыхароў Эўразьвязу бясплатная. Але для нас – не бясплатна, мы павінны плаціць. Гэта ня вельмі дорага. Тут па студэнцкай візе студэнты могуць знайсьці працу і працаваць. Я вучуся ў Ірляндзкім інстытуце банкаўскай справы, завочна, вывучаю банкаўскую справу”.

(Сурмач: ) “Алесь, ці Вы легальна працуеце ў Ірляндыі? Як Вам удалося знайсьці там працу?”

(Муравіцкі: ) “Я працую па кантракце. Каб атрымаць дазвол на працу, кампанія павінна падаць заяву ў міністэрства працы. Я пачаў шукаць працу ў інтэрнэце. З кампаніі пазванілі мне і запрасілі на інтэрвію. Я прыехаў у Дублін. Я сказаў, што я не скончыў унівэрсытэт у Беларусі. Я пасьпяхова здаў тэст, і яны мяне ўзялі. Для гэтай працы, дзе я пачынаў, яны шукалі каго-небудзь, хто гаварыў бы па-расейску, гэта была служба падтрымкі кліентаў. Потым я перавёўся на іншую працу”.

(Сурмач: ) “Вы пакінулі Радзіму яшчэ ў даволі маладым узросьце, як прывыкалася на чужыне?”

(Муравіцкі: ) “Паехаў, калі мне было 20 гадоў. Адаптавацца было ня вельмі цяжка. Ірляндцы, як і беларусы, вельмі добрыя людзі. Яны любяць слухаць іншых людзей. Не было такога, каб ставіліся дрэнна, таму, што вось ты чужынец і, маўляў, едзь дадому.

Мясцовыя людзі ня маюць ніякіх праблемаў з замежнікамі, вельмі многа тут розных нацыянальнасьцяў. Яшчэ чатыры гады таму няшмат чужынцаў жыло ў Ірляндыі, але цяпер шмат людзей едуць туды.

Жыцьцё ў Ірляндыі не было такім добрым яшчэ 15 гадоў таму, напрыклад. Людзі сталі багатымі вельмі хутка. Ірляндзкі ўрад праводзіць пратэкцыянісцкую палітыку для замежнага капіталу. Яны зацікаўліваюць замежны капітал вельмі нізкімі падаткамі”.

(Сурмач: ) “Вы жывяце зараз у Дубліне. Дарэчы, гэты горад па колькасьці жыхароў амаль роўны зь Менскам. У сьвеце ён шырока вядомы, як горад Джэймса Джойса, пісьменьніка, аўтара сусьветна вядомага “Уліса”. Гэты твор заняў першае мейсца сярод самых папулярных кнігаў мінулага стагодзьдзя. Ці гэта як-небудзь адчуваецца ў самім Дубліне?”

(Муравіцкі: ) “Яны маюць адмысловы "шлях Уліса" ў Дубліне, ён адзначаны на тратуарах. Ня так даўно было вялікае сьвята "Ўліса", было вялікае шэсьце. Дублін цяпер стаў вельмі турыстычным горадам і шмат турыстаў прыяжджаюць у Дублін, якія зацікаўленыя "Улісам". Дарэчы, Оскар Уайльд таксама з Дубліна.

Канечне, шмат хто езьдзіць у Ірляндыю ў пабы, ірляндзкія бары. У Дубліне вельмі шмат пабаў, там граюць жывую музыку і танцуюць свае танцы. У культуры Ірляндыі вельмі адметныя ірляндзкія танцы і ірляндзкая музыка. Я нават хацеў пайсьці на курсы ірляндзкіх танцаў.

Яны вельмі шануюць свае традыцыі, яны ведаюць сваю гісторыю, сваю мову. Заўсёды ў дамах яны маюць фотаздымкі сваіх продкаў”.

(Сурмач: ) “У замежжы часта бывае такая сытуацыя, што недзе ў гасьцях, напрыклад, замежніка могуць папрасіць прасьпяваць сваю песьню, ці выканаць свой нацыянальны танец? Ці не было ў Вас такога выпадку?”

(Муравіцкі: ) “Так, гэта здаралася. Памятаю, я сьпяваў у бары, гэта было толькі аднойчы. Я сьпяваў штосьці з альбому "Я нарадзіўся тут".

Гэты музычны альбом "Я нарадзіўся тут", я прывёз некалькі кампактаў. Ірляндцы, мае сябры, прасілі мяне, каб я прывёз гэты альбом таму, што яны знайшлі многа агульнага са сваім, ён вельмі падобны да ірляндзкай музыкі”.

(Сурмач: ) “Якія Вашыя ўражаньні ад знаёмства з ірляндзкай моладзьдзю?”

(Муравіцкі: ) “Моладзь імкнецца да адукацыі, але яны пачынаюць атрымліваць вышэйшую адукацыю ва ўзросьце 23-24 гадоў, да таго, як выбіраць прафэсію, трэба добра ведаць, што ты хочаш. Паміж школаю і ўнівэрсытэтам яны працуюць і таксама падарожнічаюць. Ірляндцы любяць падарожнічаць. Ірляндзкая моладзь не такая, як беларуская. Ірляндцы не турбуюцца, ці знойдуць яны працу па спэцыяльнасьці. Моладзь тут мае шмат пэрспэктываў.

Вельмі мала маладых сем''яў таму, што ірляндцы ўступаюць у шлюб ва ўзросьце прыкладна каля 30 гадоў. Яны заканчваюць адукацыю ў 27-28 гадоў, потым яны павінны пачаць працаваць і толькі потым яны могуць забясьпечваць сям''ю.

Ірляндзкія бацькі не дазваляюць нікому "сядзець на шыі". Калі хлопец, ці дзяўчына ідуць працаваць і застаюцца жыць у сям''і, яны павінны плаціць арэнду сваім бацькам. Таксама плаціць бацькам за харчаваньне”.

(Сурмач: ) “Што Вам найбольш падабаецца ў Ірляндыі?”

(Муравіцкі: ) “Мне падабаецца ўсе. Я мог бы жыць і жыць тут у Ірляндыі, але гэта далёка ад Радзімы. Я хацеў бы жыць недзе бліжэй да Беларусі. Калі сытуацыя ў Беларусі не зьменіцца, я пераеду некуды ў Прыбалтыку”.

(Сурмач: ) “А ці маеце Вы магчымасьць застацца ў Ірляндыі назусім?”

(Муравіцкі: ) “Замежнікі павінны жыць 5 гадоў у Ірляндыі і пасьля гэтага яны могуць прайсьці працэдуру натуралізацыі. Пасьля пяці гадоў даюць грамадзянства”.

(Сурмач: ) “Вы там ужо чатыры гады і хутка будзеце мець права на грамадзянства?”

(Муравіцкі: ) “Так, хутка, але я вельмі хацеў бы вярнуцца на Радзіму. Ня думаю, што я пайду на ірляндзкую працэдуру натуралізацыі цягам году ці двух таму, што калі я атрымаю ірляндзкі пашпарт, я павінен буду аддаць беларускі пашпарт і ня буду болей беларускім грамадзянінам. Мне патрэбна будзе віза, каб ехаць дадому. Гэта другая такая праблема, якую я не хацеў бы мець – каб ехаць дамоў, на Радзіму, я не хачу ісьці і атрымліваць для гэтага візу.

Я спадзяюся, што калі-небудзь Беларусь стане эўрапейскай дзяржавай, і тады я вярнуся. Пачакаю яшчэ, я спадзяюся, што нешта зьменіцца ў Беларусі і я змагу працаваць там.

Я ведаю, што я вярнуся на Радзіму”.

(Сурмач: ) “Зь якім жыцьцёвым досьведам Вы вернецеся, чаму Вас навучыла жыцьцё ў замежжы?”

(Муравіцкі: ) “Самае галоўнае – гэта тое, што калі ты працуеш добра, ты павінен атрымліваць добрыя грошы за гэта. І яшчэ, чаму я навучыўся, гэта быць свабодным. Тут за мяжою я магу гаварыць пра што хачу. Напрыклад, калі ў нас часамі здараюцца дэманстрацыі, я магу прыняць удзел і ніхто ня будзе зьбіваць мяне, і паліцыя ня будзе разганяць гэтыя дэманстрацыі. Я вельмі рады. што я жыву ў вольнай краіне. Я навучыўся быць свабодным.

Я хачу, каб беларуская моладзь мела магчымасьць падарожнічаць па сьвеце бязь візаў, каб не даводзілася ехаць на чужыну ў пошуках лепшага жыцьця і сумаваць па Радзіме.

Я не хачу, каб мяне вучылі, як жыць, каго шанаваць, якія фільмы глядзець, якіх аўтараў чытаць”.

(Сурмач: ) “Алесь, тыя ірляндцы, да якіх вы прыехалі некалі ў госьці і якія дапамагалі Беларусі, як сёньня, ці працягваюць яны сваю працу ў Беларусі? Як увогуле зараз стаўленьне там да гэтай справы?”

(Муравіцкі: ) “Шмат ірляндзкіх арганізацый болей ня езьдзяць у Беларусь таму, што вельмі цяжка ўвозіць туды гуманітарную дапамогу. Я думаю, што беларускі ўрад ня любіць замежнікаў, яны праводзяць палітыку самаізаляцыі. Цяпер шмат ірляндзкіх арганізацый езьдзяць ва Ўкраіну і, на жаль, не працуюць зь Беларусьсю. Беларусь тут асацыюецца з Чарнобылем увесь час, а цяпер яшчэ з дыктатурай”.

***

Сёньня тыя гуманітарныя арганізацыі, якія дапамагаюць Беларусі, выбралі іншую тактыку працы. Яны стараюцца больш запрашаць беларускіх дзяцей да сябе, аказваць непасрэдную дапамогу іх сем’ям, а таксама самі езьдзяць у Беларусь і робяць там канкрэтныя справы.

Сярод іншых сёлета на аздараўленьне ў Ірляндыю паехала група дзяцей са Станькаўскай школы –інтэрнату. Мы зьвязаліся з кіраўнічкай групы Людмілай Дзіцэвіч.

(Дзіцэвіч: ) “Яны тут арганізаваліся, 20 чалавек прыблізна. Гэта сьвецкая арганізацыя, самыя розныя людзі, простыя людзі. Яны зьбіраюць грошы такім цікавым чынам. Яны, напрыклад, могуць зрабіць шоу ў пабе, ставяць там скрынкі і людзі кідаюць туды грошы. Яны будуць зараз зьбіраць грошы пад час такога спонсарскага вэлясыпэднага прабегу.

Вось ужо 5 гадоў яны штогод запрашаюць сюды беларускіх дзяцей на адпачынак. Дзеці жывуць у сем''ях, добра харчуюцца, маюць тут падарункі, адзеньне. Гэта дзеці са школы-інтэрнату. Многія з іх маюць бацькоў, але сем''і праблемныя.

Дзеці авалодваюць моваю, пачынаюць добра гаварыць па-ангельску. У мяне тут 14 дзяцей.

Дарогу аплачвае таксама гэтая арганізацыя. Адзін праект у іх – гэта аздараўленьне дзяцей тут. Наступны праект – дапамога Станькаўскай школе-інтэрнату. Штогод яны арганізоўваюцца і ў вольны ад працы час едуць у Станькаўскую школу, звычайна летам, і робяць там рамонт, прывезьлі туды 6 пральных машынаў”.

Дзеці жывуць у невялікім гарадку, аднак і там здараюцца значныя падзеі.

(Дзіцэвіч: ) “Тут жыцьцё даволі цікавае. Я нават сустрэла ірляндзкага прэзыдэнта. У іх прэзыдэнт – жанчына [Мэры МакАліз]. Я паехала ў школу на сьвята, у звычайную школу, і ніхто мне сказаў, палова з прысутных ня ведалі самі, што туды прыедзе прэзыдэнтка. Я стаяла, а мне кажуць, каб я троху збочыла, бо прэзыдэнтка едзе. Сапраўды, і ніякага вялікага картэжу, 2-3 машыны, ніякай вялікай колькасьці аховы, як мы прывыклі ў Беларусі.

Я потым запыталася ў ахоўніка, ці магу я пагаварыць з прэзыдэнткай. Ён сказаў, што можна. Я падышла да яе, яна гаварыла з бацькамі, зь дзецьмі, і я ўключылася таксама. Расказала трошку пра сябе, і яна так прыветна са мною пагаварыла, зрабілі фота”.

У гэтым гарадку, куды ўжо некалькі гадоў прыяжджаюць беларускія дзеці, бальшыня жыхароў ведаюць пра тое, дзе знаходзіцца Беларусь.

(Дзіцэвіч: ) “Калі ў мяне пытаюцца, адкуль я, і я кажу, што зь Беларусі, кожны так хораша ўспрымае і нават пачынае ўспамінаць, што гэта недзе каля Польшчы. Нас цяпер ужо ведаюць. Раней усе казалі пра мяне, што гэта лэдзі з Расеі. Мне давялося неяк даказваць, што я беларуска, і я сьпявала песьню "Беларусь мая". Там такая традыцыя, што ў пабах сьпяваюць. І я сьпявала гэтую песьню ў кожным пабе. А потым, назаўтра, яны ўсе віталі мяне: "Прывітаньне, Беларусь мая!"”

Людміла Дзіцэвіч лічыць, што дапамога дзецям з боку ірляндзкага грамадзтва вельмі шмат значыць для будучыні.

(Дзіцэвіч: ) “Ведаеце, што заўважыла. Зь іхнай дапамогаю, калі яны дапамагаюць дзецям, многія бацькі гэтых дзяцей перасталі піць, сталі працаваць і забралі дзяцей дадому. Я тлумачу тут гэтым людзям, што з іх дапамогаю вось якія зьмены ў нас адбываюцца, дык яны такія ўзрадаваныя.

Дзеці, пабыўшы тут, паглядзеўшы, а іх усюды возяць у розныя гарады, водзяць у касьцёлы, прывучаюць кожны тыдзень у нядзелю хадзіць у касьцёл, дзеці далучаюцца, пачынаюць верыць, спадзявацца на лепшае.

І вось глянеш на гэтых дзяцей, яны ўжо ведаюць сьвет, другі стыль жыцьця. Гэта зусім іншыя дзеці. Яны ўжо змогуць зьмяніць нашае жыцьцё”.