Ці паўплывае банкаўскі крызыс у Расеі на банкаўскі сэктар у Беларусі

Юлія Шарова, Менск Сытуацыя выдае на тое, што расейскі банкаўскі крызыс Беларусь не закране. Афіцыйныя й незалежныя экспэрты сыходзяцца на меркаваньні, што такога з айчыннымі банкамі здарыцца ня можа. Калі ж дэфолт і адбудзецца, то не цяпер і зусім зь іншых прычынаў.
Беларускія адмыслоўцы ня бачаць падставаў для трывогі ў зьвязку з расейскім крызысам: банкаўскія сыстэмы дзьвюх краінаў працуюць па-рознаму, беларускія грамадзяне зазвычай трымаюць грошы дома,на радзіме, а не ў Расеі, а прадпрыемствы, што працуюць з расейцамі, заводзілі рахункі пераважна ў надзейных банках. Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў кажа, што некаторыя ўкладнікі, нагледзеўшыся расейскіх тэлеканалаў, яшчэ могуць пабегчы па свае грошы ў беларускія банкі, але гэта адзінкавыя выпадкі. Такое ж было ў 1998 годзе. Тады засьцярогі аказаліся марнымі – згадаў спадар Драздоў.

(Драздоў: ) Нічога падобнага ў нас быць ня можа, бо нашыя банкаўскія сыстэмы функцыянуюць у розных рэжымах. Бяда расейскай банкаўскай сыстэмы ў тым, што яна абсалютна непразрыстая. Ні для кога, у тым ліку й для Цэнтральнага банку Расеі. Само кіраўніцтва банку заяўляла, што яны, на жаль, ня ведаюць, хто зьяўляецца ўладальнікам таго ці іншага банку. У Беларусі такая сытуацыя папросту неверагодная, бо ў нас усё вельмі празрыста. Мы ўсё пра ўсіх ведаем. Таму правядзеньне такіх апэрацыяў, як гэта было ў “Содбізнэсбанку”, калі банк адмываў грошы злачынным шляхам і перавёў на наяўныя выкуп за выкрадзенага сібірскага бізнэсмэна, абсалютна нерэальна ў варунках беларускай банкаўскай сыстэмы.

У Расеі цяпер больш за 1600 банкаў – гэта зашмат нават для такой велізарнай дзяржавы – кажа Анатоль Драздоў. І цяперашні крызыс будзе хіба што нагодай для тамтэйшых уладаў упарадкаваць гэты сэктар. У Беларусі толькі 31 банк, зь іх 18 маюць ліцэнзіі на працу з укладнікамі – “кепскім” банкам такіх дазволаў не даюць.

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч падзяляе прагнозы адмыслоўцы галоўнага банку краіны: уплыў расейскага крызысу на айчынную банкаўскую сыстэму можа быць самым мінімальным. Але ж эканаміст заўважае, што ў Беларусі ёсьць свае праблемы, магчыма, нават горшыя за расейскія, і гэтыя праблемы могуць таксама прывесьці да абвалу.

(Багданкевіч: ) Насельніцтва кладзе свае грошы ў банкі. За мінулы год амаль на 500 мільёнаў даляраў уклады ў рублёх вырасьлі. Але гэтыя грошы банкі выдаюць на крэдытаваньне стратнай эканомікі ў значнай ступені. У нас велізарныя сродкі замарожваюцца ў рэштках гатовай прадукцыі, якая выпускаецца ў імя статыстыкі ды не рэалізуецца. Такія рэшткі набліжаюцца ўжо да двох трыльёнаў беларускіх рублёў – гэта велізарная сума сродкаў, замарожаных у гэтай прадукцыі, неканкурэнтаздольнай на рынку.

Нагадаем, што размовы пра банкаўскі крызыс у Расеі пачаліся прыкладна месяц таму, калі некалькі буйных банкаў былі прызнаны банкрутамі, а яшчэ ў некаторых устаноў выявілі істотныя парушэньні.

(Драздоў: ) Нічога падобнага ў нас быць ня можа, бо нашыя банкаўскія сыстэмы функцыянуюць у розных рэжымах.