Францускі амбасадар запрасіў Міхаіла Марыніча на сьвяткаваньне Дня ўзяцьця Бастыліі, але КГБ яго ня выпусьціў

Алег Грузьдзіловіч, Менск КГБ чарговы раз адмовіўся вызваліць Міхаіла Марыніча пад падпіску аб нявыезьдзе. Абаронца Марыніча спрабавала выкарыстаць для гэтага нагоду: францускі амбасадар запрасіў Міхаіла Марыніча на сьвяткаваньне Дня ўзяцьця Бастыліі, адзначаны ў краіне 14 ліпеня.
“Дзень узяцьця Бастыліі для мяне адкладаецца”, – гэтак, паводле адваката, вязень сьледчай турмы КГБ “амэрыканка” Міхаіл Марыніч пракамэнтаваў паведамленьне пра тое, што сьледчы КГБ Скабцоў адмовіў яму ў вызваленьні да 14 ліпеня й удзеле, гэтакім чынам, у адзначэньні нацыянальнага сьвята Францыі. Раней запрашэньне на сьвята даслаў Міхаілу Марынічу амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі. Рашэньне не выпускаць на волю Міхаіла Марыніча супрацоўнік КГБ патлумачыў інтарэсамі сьледзтва.

Між тым, адвакат Марыніча Вера Страмкоўская працягвае настойваць, што маецца магчымасьць вызваліць яго пад падпіску аб нявыезьдзе, бо ўсе актыўныя сьледчыя дзеяньні па справе завершаны, а значыць няма пагрозы сховаў вязьня ад суду. Паводле Веры Страмкоўскай, выдае на тое, што вынікі сьледзтва могуць засьведчыць невінаватасьць ейнага падабароннага.

(Страмкоўская: ) “Праводжаныя экспэртызы ўсе на ягоную карысьць. Апошнія сабраныя доказы – таксама на карысьць Марыніча, але не на карысьць вінавачаньня”.

Нагадаю: былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч, які перайшоў на бок апазыцыі, быў арыштаваны КГБ 26 красавіка. Яго зьвінавацілі за незаконныя дзеяньні са зброяй. Паводле гэтага артыкулу, Міхаілу Марынічу пагражае да 6 гадоў турмы.

Спадар Марыніч сваёй віны не прызнае й цьвердзіць, што баявы пісталет, знойдзены на ягоным лецішчы, яму не належыць. Апазыцыйныя палітыкі й праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што зь Міхаілам Марынічам паквіталіся за ягоную апазыцыйную дзейнасьць.

У панядзелак 12 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзіць скаргу адвакатаў на незаконнае, зь іхнага меркаваньня, утрыманьне Марыніча пад вартай.