Лябедзька: “Пакт Уты Цапф і Міхаіла Арды ня мае юрыдычнай сілы”

Алесь Дашчынскі, Менск Падпісаную на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ сумесную дэклярацыю паміж рабочай групай па Беларусі й афіцыйнай беларускай дэлегацыяй старшыня АГП Анатоль Лябедзька назваў “пактам Уты Цапф і Міхаіла Арды”. Пасьля вяртаньня ў Менск з Эдынбургу Анатоль Лябедзька адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Анатоль, падпісаньне дэклярацыі, гэта перамога афіцыйнага боку ці не?”

(Лябедзька: ) “Плюсаў у афіцыйнага Менску пасьля гэтага будзе больш, чым мінусаў, хаця нельга сказаць адназначна. Самае нэгатыўнае тое, што рабочая група ініцыявала праект рэзалюцыі, а ён потым быў, як яны гавораць, перанесены на наступную сэсію. Ён не зьняты канчаткова, але з прапагандысцкага пункту гледжаньня гэта будзе трактавацца як перамога афіцыйнага Менску. А пра тое пагадненьне, якое падпісана Цапф і Ардой, пра яго ніхто не будзе публічна ўзгадваць, таму што гэта проста не выгадна беларускім уладам”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, чаму так лёгка паверыла рабочая група АБСЭ і яе кіраўнічка Ута Цапф абяцаньням афіцыйнага беларускага боку?”

(Лябедзька: ) “Ёсьць такая рыса ў эўрапейскіх палітыкаў, яны давяраюць таму, што напісана і пад чым стаіць подпіс дэпутата. Але справа ў тым, што паміж подпісам дэпутата нямецкага бундэстага і дэпутата Палаты прадстаўнікоў велізарнейшая розьніца. Мы ведаем прыклады, калі Аляксандар Лукашэнка паставіў свой подпіс пад Стамбульскай дэклярацыяй і на наступны дзень адмовіўся ад гэтага подпісу ў сваіх канкрэтных, рэальных дзеяньнях. Мы ведаем прыклад, калі спэцыяльна ўпаўнаважаны на перамовы з дэмакратычнымі партыямі спадар Сазонаў паставіў свой подпіс пад дакумэнтам аб доступе дэмакратычнай апазыцыі да электронных, дзяржаўных мас-мэдыяў і потым зноў гэты дакумэнт быў накіраваны ў сьметніцу. Тое, што будзе з подпісам Арды, які не зьяўляецца ні спэцыяльна ўпаўнаважаным Лукашэнкі, ні самім Лукашэнкам, можна лёгка прагназаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Анатоль, а як Вы рэагавалі на гэтае пагадненьне, ці Вы выказвалі нейкі пратэст у Эдынбургу?”

(Лябедзька: ) “Мы рэагавалі абсалютна спакойна. Адзіная была наша прэтэнзія, што наўрад ці было патрэбна ініцыяваць сам праект рэзалюцыі, якую напаткаў такі лёс. Таму што неабходнасьць такой рэзалюцыі была не надта вялікай, бо Ратэрдамская рэзалюцыя больш моцная і жорсткая і яе ніхто не дэзавуяваў, ніхто не здымаў і юрыдычную сілу, як дакумэнт Асамблеі, яна захоўвае”.

(Карэспандэнт: ) “Сапраўды, як можна рэалізаваць усё тое, што яны падпісалі?”

(Лябедзька: ) “Так, ёсьць розьніца. Калі прымаецца рэзалюцыя, то гэта ёсьць дакумэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і хоць няма інструмэнтарыя для ўзьдзеяньня, прыняцьця яе да ведама ці да канкрэтных спраў беларускім бокам, тым ня менш гэта ўсё ж дакумэнт асамблеі. А тая папера, якая падпісана, я яе ўмоўна называю “пакт Цапф і Арды”, яна ня мае насамрэч статусу афіцыйнага юрыдычнага дакумэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ці яе камітэту. У гэтай сытуацыі нельга выключаць, што празь некаторы час Касьцян ці хто-небудзь з дэпутатаў скажа, што наагул яны не мелі юрыдычных паўнамоцтваў падпісваць гэты дакумэнт ад Нацыянальнага сходу і прышлюць даведку юрыдычнага аддзелу, што насамрэч былі перабольшаныя паўнамоцтвы Ардой і гэта значыць, няма ніякіх юрыдычных наступстваў для беларускага боку”.

Гл. таксама • Клаўдыя Нольтэ: “З гэтай дэклярацыі ніхто не павінен рабіць высновы, што ПА АБСЭ задаволеная сыстэмай Лукашэнкі” • Эбэргарт Гайкен: "Калі чаканьні ня будуць зьдзейсьнены, ПА АБСЭ выразна выкажа сваё расчараваньне" • Лідзія Ярмошына: “Дэклярацыя [падпісаная ў Эдынбургу] — гэта палітычны, а не юрыдычны дакумэнт” • Вінцук Вячорка пра падпісаньне заявы ў Эдынбургу: “Гэта разьлік на тое, што дэклярацыя і папера – гэта адно, а практыка – гэта другое” • Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ Віктар Гайсёнак: “Гэта не перамога, але і не саступка” • На 13-й сэсіі ПА АБСЭ ў Эдынбургу падпісаная сумесная дэклярацыя паміж рабочай групай па Беларусі і афіцыйнай беларускай дэлегацыяй