Хто і чаму адмяніў сход Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі?

Уладзімер Глод, Менск Сход Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які павінны быў прайсьці ў Менску 8 і 9 ліпеня, адмянілі. Рашэньне, пра якое стала вядома толькі ўвечары ў сераду, выглядае цалкам нечаканым, паколькі ў пятніцу, 9 ліпеня, сябры НАКу павінны былі сабрацца ў рэзыдэнцыі свайго прэзыдэнта – Аляксандра Лукашэнкі. На гэтым паседжаньні магло разглядацца пытаньне пра трохразовага алімпійскага чэмпіёна, дэпутата Палаты прадстаўнікоў і сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімера Парфяновіча.
Як паведаміў спадар Парфяновіч, віцэ-сьпікер палаты Ўладзімер Канаплёў і міністар спорту і турызму Юры Сівакоў прапанавалі яму напісаць заяву пра тое, што ён па ўласным жаданьні выходзіць са складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Але славуты спартовец адмовіўся пісаць неабходную для гэтага заяву. Чаму і хто мог адмяніць заплянаваны сход НАКу?

Варта падкрэсьліць, што ў сераду ў міністэрстве спорту і турызму зьбіраліся толькі сябры выканкаму, а не ўсяго складу Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Выканкам – гэта 14 асобаў, а на сход НАКу зьбіраецца больш за 100. Праўдападобна, што гэтым міні-форуме й прынялі адпаведнае рашэньне. Пра адмену паседжаньня Нацыянальнага алімпійскага камітэту мне паведаміў прэсавы сакратар гэтай арганізацыі Пётр Рабухін. Але паводле ягоных словаў, ён ня ведае прычын такога нечаканага рашэньня:

(Рабухін: ) “Адбой! Сход адмяняецца на абодва дні. Усё адмяняецца. Зараз сяджу і тэлефаную ўсім сябрам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Нам сказалі: пазваніце, што сходу ня будзе – ні ў чацьвер, ні ў пятніцу. На паседжаньні выканкаму я не прысутнічаў. Яны зьбіраліся ў міністэрстве спорту, таму я не прысутнічаў”.

Мы пацікавіліся ў спадара Парфяновіча пра ягонае меркаваньне аб адмене сходу Нацыянальнага алімпійскага камітэту, і вось што ён сказаў:

(Парфяновіч: ) “Я не хачу ўздымаць сябе вельмі высока. Але можа і таму, што яны не змаглі зламаць мяне на гэты час. Раніцай учора на выканкаме ўзьнялі пытаньне, каб зьняць мяне з пасады кіраўніка Беларускай асацыяцыі каноэ. Потым гэтае пытаньне адвалілася само сабою”.

Праблема магчымага зьняцьця спадара Парфяновіча з пасады старшыні асацыяцыі ўзьнікла зусім невыпадкова. Як паведаміў мне адзін са славутых беларускіх спартоўцаў, пры ўмове, што я не буду пакуль называць ягонае прозьвішча, улады разумеюць, што вызваленьне са складу НАКу толькі аднаго Парфяновіча можа ацэньвацца як помста яму за ягоныя палітычныя погляды. Таму яны разглядаюць магчымасьць зрабіць, так бы мовіць, калектыўнае выключэньне – акрамя Парфяновіча, вывесьці са складу былых кіраўнікоў яшчэ некалькіх фэдэрацыяў: цяжкай атлетыкі – Ібрагіма Ўмірава, тэнісу – Сямёна Кагана, стральбы з луку – Жаны Попікавай, і яшчэ некаторых.

Дарэчы, паводле майго суразмоўцы, у сераду на паседжаньні выканкаму НАКу прэзыдэнт параалімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель і чэмпіёнка апошніх Алімпійскіх гульняў Эліна Зьверава выказалі думку, што магчымае выключэньне Ўладзімера Парфяновіча пойдзе на карысьць толькі самому Парфяновічу, падвысіць ягоны аўтарытэт. Таксама яны казалі пра тое, што Міжнародны алімпійскі камітэт можа забараніць весьлярам Беларусі ўдзельнічаць у Алімпіядзе, якая пачнецца ў Грэцыі 13 жніўня.

Дадамо, што на сёньня, 8 ліпеня, а 10-й гадзіне заплянаванае яшчэ адно паседжаньне выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.