“Economist”: У найбліжэйшыя два гады Аляксандар Лукашэнка будзе дамінаваць на палітычнай сцэне Беларусі

Юрась Бушлякоў, Прага У найбліжэйшыя два гады Аляксандар Лукашэнка будзе дамінаваць на палітычнай сцэне Беларусі, шукаючы пры гэтым спосабу падоўжыць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, – такі прагноз робіць брытанскі тыднёвік “Economist”.
Экспэрты дапускаюць, што для працягу свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка скарыстае рэфэрэндум. Найбольш праўдападобны тэрмін яго правядзеньня – другая палова 2005 году. “Лукашэнкава адміністрацыя, – піша “Economist”, – будзе рыхтаваць рэфэрэндум, пашыраючы праз кантраляваныя дзяржаваю мэдыі погляд, што цяперашні прэзыдэнт канечне патрэбны для стабільнага разьвіцьця краіны”. Незалежныя мэдыі, таксама як і няўрадавыя арганізацыі, апынуцца, на думку экспэртаў, пад нарастальным ціскам уладаў. Асноўныя апазыцыйныя партыі, ня маючы доступу да агульнадаступных радыё- й тэлевізійных каналаў, будуць заставацца ў ізаляцыі. “Economist” не выключае перасьледу апазыцыйных лідэраў напярэдадні магчымага рэфэрэндуму. “Лукашэнкаў рэжым, – пішуць экспэрты, – падрыхтаваў ужо грунт для перасьледу іншадумцаў, заяўляючы пра неабходнасьць абараніць законапаслухмяных беларусаў ад дзеяньняў апазыцыі”.

Ацэньваючы палітычныя выклікі для беларускага прэзыдэнта, экспэрты брытанскага тыднёвіка ня лічаць іх за сур’ёзныя. “Па-першае, непраўдападобна, – піша “Economist”, – каб Расея магла пазбавіць Лукашэнку ўлады, прынамсі да таго часу, пакуль расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін прытрымліваецца думкі, што цяперашні стан рэчаў у дачыненьнях зь Беларусьсю адпавядае інтарэсам Расеі. Па-другое, апазыцыя дасягнула малога прагрэсу ў наладжваньні кантактаў з чынавенствам і парлямэнтарамі, не задаволенымі Лукашэнкам за ягоныя непрадказальныя паводзіны”.

Беручы пад увагу парлямэнцкія выбары 2000 году, экспэрты “Economist’у” сумняюцца, што сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў могуць быць свабоднымі й сумленнымі. Тыднёвік прагназуе, што беларускія “ўлады захочуць зрабіць усё, каб апанэнты заставаліся ў поўнай ізаляцыі й не змаглі выкарыстаць парлямэнцкай трыбуны для крытыкі курсу дзяржавы або арганізацыі кампаніі супраць канстытуцыйнага рэфэрэндуму. “Тым ня менш, – піша “Economist”, – апазыцыйныя партыі могуць дасягнуць посьпеху ў стварэньні адзінага выбарчага блёку, прычым з удзелам арганізацыяў, якія рэпрэзэнтуюць інтарэсы прыватных прадпрымальнікаў”. Ацэньваючы шанцы апазыцыі на восеньскіх выбарах, “Economist” выказвае сумнеў, што яе прадстаўнікі могуць здабыць звыш 10 % месцаў у новым парлямэнце.

Спалучанае з антызаходняй рыторыкаю ігнараваньне афіцыйным Менскам палітычных свабод асуджае Беларусь, на думку экспэртаў, на далейшую міжнародную ізаляцыю. “Economist” прадказвае традыцыйна асабліва рэзкую крытыку з боку Злучаных Штатаў і больш памяркоўную з боку Эўразьвязу. Аўтары брытанскага тыднёвіка лічаць, што важнай асаблівасьцю замежнай палітыкі Беларусі застанецца курс на інтэграцыю з Расеяй. “Хаця абодва бакі маюць несумяшчальнае бачаньне характару будучай “саюзнай дзяржавы”, ніводзін не гатовы адмовіцца ад інтэграцыйнага працэсу наагул. Тым ня менш, шмат якія з інтэграцыйных плянаў будуць па-ранейшаму адкладацца, а супярэчнасьці паміж бакамі застануцца”, – прагназуюць экспэрты часопісу “Economist”.