Дзьве музы ў адным: новы альбом групы “Стары Ольса”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Літаратурна-музычныя кампазыцыі — некалі гэты жанр быў вельмі папулярны ў айчыннага радыё. Зрэдку, збольшага да сьвятаў грамадзянска-патрыятычнага гучаньня, падобныя запісы выдаваліся і на кружэлках. Але прыйшоў іншы часы, зрабіліся актуальнымі іншыя фарматы, і гэты жанр, які спалучаў мастацкае слова і музыку, амаль адышоў у нябыт.

Ды вось нядаўна на выдавецкім рынку Беларусі здарылася падзея: нядаўна група “Стары Ольса” выдала чарговы свой альбом. Як вынікае зь ягонай назвы — “Ладзьдзя роспачы” — асноваю альбому зьявіліся фрагмэнты вядомага твору Ўладзімера Караткевіча. А вось зь якой мэтай ствараўся гэты запіс, якім чынам да празаічнага тэксту дабіралася музычнае суправаджэньне, і пойдзе гаворка зь лідэрам калектыву, аўтарам ідэі гэтага праекту Зьмітром Сасноўскім, якога я і вітаю ў студыі Радыё Свабода. Зьміцер! Адразу ж пачну з пытаньня яўна нетактоўнага: ці ёсьць сэнс музыкам выдаваць чарговы дыск, калі загадзя зразумела, што зарабіць на ім хоць нешта будзе немагчыма?”

(Зьміцер Сасноўскі: ) “Па-першае, я сумняваюся, што немагчыма ўвогуле. Я думаю, што мы напэўна здолеем гэты дыск прадаваць, здолеем зрабіць і не адзін, і ня два новыя выданьні, цяпер жа гэты дыск мае попыт, ён трапіў ва ўсе музычныя крамы. Наколькі я ведаю, гэты дыск набываюць. Магчыма — гэта, канечне, неверагодная думка, — але гэты дыск зробіцца і камэрцыйным прадуктам. А ідэя яго нарадзілася вельмі даўно, каля двух гадоў таму, калі на рынку Расеі, а потым і ў розных карыстальнікаў у Беларусі зьявіліся аўдыё-аповесьці паводле розных дэтэктываў, баевікоў… Сама гэтая зьява нас вельмі зьдзівіла, але тое, што запісана была нізкапробная літаратура, што гэта пачало трапляць на Беларусь, нас вельмі занепакоіла. Мы вырашылі абраць твор, які можна было бы зрабіць аўдыёспэктаклем. І адзінай мэтай нашай было, каб першы дыск такога кшталту ў Беларусі быў выдадзены менавіта паводле твору беларускай літаратуры”.

(Падбярэскі: ) “Я і хацеў спытацца, чаму вы спыніліся менавіта на гэтым творы з усёй беларускай прозы? Што вы — знайшлі ў ім нешта такое адметнае?”

(Сасноўскі: ) “Ён блізкі гурту “Стары Ольса”, бо самі падзеі адбываюцца ў 16 стагодзьдзі. Блізкі тым, што твор вельмі патрыятычны. І, нарэшце, напэўна, галоўны аргумэнт, чаму мы абралі менавіта “Ладзьдзю роспачы”: гэта таму, што твор прынцыпова жыцьцясьцьвярджальны. Таму апошні вось гэты аргумэнт на карысьць “Ладзьдзі роспачы” і вырашыў лёс першага такога ліцэнзаванага аўдыёспэктаклю на беларускім рынку”.

(Падбярэскі: ) “Музычны рад падбіраўся з таго, што было ўжо ў рэпэртуары “Старога Ольсы” ці нешта пісалася адмыслова да гэтага альбому?”

(Сасноўскі: ) “Так здарылася, што мы ўжо год запісваем альбом, які будзе ў адным шэрагу з тым, чым мы звычайна займаемся, і паралельна мы ўзяліся за “Ладзьдзю роспачы”. Атрымалася так, што перад тым, як запісваць тэкст, мы павінны былі абраць, якія музычныя падкладкі будуць пад кожны сюжэт. А ў нас быў ужо амаль цэлы новы альбом, запісаны і апрацаваны, таму мы выкарысталі ў агучваньні “Ладзьдзі роспачы” кампазыцыі ад першага да чацьвертага і нават з таго, які мы толькі рыхтуем да выданьня, альбомаў”.

(Падбярэскі: ) “Мушу прызнаць, што з гледзішча мастацтва чытаньня прозы Караткевіча ў вас збольшага ўсё атрымалася, хоць дзе-нідзе вопытная рука (ці вуха) прафэсійнага актора была бы ня лішняя. А сапраўды, чаму ты не далучыў да гэтага праекту хоць бы ў якасьці спэцыяльна запрошанага сяго-таго зь вядомых актораў? У музыцы гэта, прынамсі, здараецца часта…”

(Сасноўскі: ) “Першая прычына ў тым, што акторы і іх праца нямала каштуюць. Другая прычына ў тым, што мы не імкнуліся стварыць прафэсійнай аповесьці. Калі я быў на дзяржаўным радыё, мне паказалі вялізную шафу, у якой кожная скрынка — гэта асобны аўдыёспэктакль па беларускай літаратуры. Але культурнай ідэі выдаць гэта і зрабіць даступным для ўсіх, каб яно не ляжала мёртвым грузам, ня ўзьнікла. Прычым яны самі цяпер шкадуюць, што гэтыя спэктаклі за недасканаласьцю Закону аб аўтарскіх правах немагчыма выдаць ліцэнзаванай якасьцю. І, па-другое, няма каму гэтым займацца.

Дык вось, ва ўсіх аўдыёспэктаклях, якія я раней рэгулярна слухаў, ёсьць такі эфэкт рафінаванай артыстычнасьці, калі чытаецца ўсё настолькі прафэсійна, што ўзьнікае нават уражаньне, быццам гэта нерэальныя падзеі. Ня могуць людзі, жывыя людзі, прамаўляць настолькі выразна, настолькі дакладна! Якраз гэтага мы і хацелі пазьбегнуць, запісваючы, хацелася б адзначыць — амаль бяз дубляў, тэкст “Ладзьдзі роспачы”. Яна запісаная так, нібыта гэта чытае жывы чалавек. Таму атрымліваецца, канечне, з гледзішча артыстычнасьці, шарахаватая аповесьць, але ў ёй ёсьць такі элемэнт жывога, элемэнт прысутнасьці і размоваў, і слуханьня жывога чалавека”.

(Падбярэскі: ) “У папярэднім альбоме “Старога Ольсы”, які называецца “Verbum”, ужо былі спробы спалучыць музыку і празаічныя тэксты. Цяпер вось увесь альбом аддадзены такой кампазыцыі. Ці не азначае гэта, што ваша група ўсё больш адыходзіць ад уласна музыкі?”

(Сасноўскі: ) “Як сказаў наш музычны крытык Анатоль Мяльгуй, мы нікому не дакажам, што гэта не чарговы наш альбом. Мы стваралі музычна-літаратурны праект, і нават у шэраг альбомаў мы яго не ставілі. Цяпер жа мусім ставіць, бо людзі ўспрымаюць яго як альбом, як частку дыскаграфіі. Мы і вырашылі ў дыскаграфіі асобную рыску правесьці і напісаць: музычны праект. Не, мы не адышлі ад сваёй традыцыі. За апошні год мы знайшлі вельмі шмат проста шэдэўраў старадаўняй беларускай музыкі, і новы наш альбом, які будзе, дарэчы, двайніком, які мы год рыхтуем, ён будзе абсалютна рэканструкцыйным, ён будзе ў дзьвюх асобных каробках і разьбіты нават храналягічна. Там будуць такія пэрліны, як гімн Вялікага Княства Літоўскага, які чатырыста гадоў быў гімнам нашае дзяржавы, “Малітва Багародзіца”, сыграная з дудамі, і рэстаўраваны старадаўні праваслаўны старабеларускі тэкст, але з моцнымі ўстаўкамі старабеларускай мовы”.

(Падбярэскі: ) “А ці будзе прадстаўлена са сцэны “Ладзьдзя роспачы”?”

(Сасноўскі: ) “Ладзьдзю роспачы” мы прадстаўлялі са сцэны. Мы паспрабавалі зрабіць дыскатэку ў клюбе “Рэактар”, але дыскатэку такую, у якой паміж кампазыцыямі рэгулярна зачытваліся тэксты “Ладзьдзі роспачы”. Гэта была ня проста прэм’ера, гэта была нязвыклая для нас форма правядзеньня канцэрту, калі вось сярэднявечная дыскатэка, на якой мы іграем старадаўнюю музыку, нашыя танцоры развучваюць танцы, куды многія людзі прыходзяць у старадаўняй вопратцы, — гэта ўжо стала традыцыйным.

Рэакцыя самой публікі мяне вельмі зьдзівіла. Паміж кампазыцыямі пад гукі проста лютні я браў вялізную тоўстую старадаўнюю кнігу, у якую былі ўстаўлены старонкі з тэкстамі ўрыўкаў з “Ладзьдзі роспачы”, і зачытваў іх. У гэты час публіка замаўкала, слухала моўчкі. Публіка рэагавала на гэта аналягічна музыцы. І гэта мяне вельмі-вельмі зьдзівіла. Сам жа спэктакль у клясычнай форме як спэктакль, я думаю, што гэта ўсё ж такі ня нашае амплюа. Мы — музыкі. Тэатралізацыяй мы маемся займацца, але ставіць “Ладзьдзю роспачы” на сцэне альбо рабіць прэзэнтацыю менавіта спэктаклю мы ня можам”.

(Падбярэскі: ) “Дзякуй вялікі за гутарку. Пажадаю вам посьпехаў і каб вы хутчэй скончылі працу над сваім двайніком — і мы, адпаведна, хутчэй сустрэліся ў студыі Радыё Свабода”.