Вялікая частка беларускіх вытворцаў карыстаецца ў назвах сваіх прадуктаў трасянкай

Іна Студзінская, Менск У Беларусі апошнім часам зьявілася “дзіўная” мода: крамы, прадукты і нават гадлёвыя маркі называюцца быццам бы па-беларуску, але чамусьці пішуцца, так бы мовіць, у расейскай транскрыпцыі. І атрымліваецца вельмі недарэчна, а часам і сьмешна. Магчыма, адбываецца гэта з білінгвізму, які па-ранейшаму пануе ў Беларусі. Магчыма, з-за таго, што нават у прадпрымальніцкай эліты няма яшчэ ўсьведамленьня, наколькі важны нацыянальны аспэкт у прасоўваньні беларускіх брэндаў і якасных тавараў на любы рынак.
У Менску, у мікрараёне Малінаўцы ёсьць фірмовая крама Валкавыскага мясакамбінату са, здавалася б, вельмі трапнай і прыгожай назвай “Сялянскія прысмакі”. Але шыльда выглядае вельмі недарэчна – па-расейску “Селянские присмаки”.

Менскі хлебазавод №3 выпякае хлеб “Золак” – але на этыкетцы напісана “золок” (праз два о). Фабрыка “Камунарка” з амаль 300 гатункаў цукерак і шакаляду толькі 3 вырабляе пад беларускімі назвамі – гэта цукеркі “Лявоніха”, “Знічка” і “Золак”, але на фаньціках гэтыя прыгожыя назвы напісаныя расейскімі літарамі. На пачку печыва фабрыкі “Спартак” – “Сонейко”. Што да піва, то на этыкетцы гандлёвая марка “Аліварыя” напісана па-беларуску, а побач гатунак піва – па-расейску “Минский бровар”, “Золотое”, “Десятка”. І такіх прыкладаў – безьліч.

Вытворцы, якія называюць свае гандлёвыя маркі і тавары ці па-расейску, ці на трасянцы, тлумачаць гэта імкненьнем захапіць расейскі рынак. Ёсьць у Беларусі вельмі раскручаны брэнд “Савушкин продукт”. Элеанора Ермакова, спэцыяліст па маркетынгу Брэсцкага малочнага камбінату, што вырабляе “Савушкин продукт”, прызналася, што назву гэту прыдумала менская рэклямная кампанія. А тое, што ўвесь асартымэнт называецца па-расейску, а не па-беларуску, тлумачыць такім чынам:

(Ермакова: ) “Зараз наша прадпрыемства выходзіць на расейскі рынак, я ня думаю, што там будзе гэта актуальным. Для нас гэта вельмі важна. Зараз мы заваёўваем расейскія рынкі. Таму тут мы ўжо глядзім у будучыню”.

Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргей Кручкоў быў ініцыятарам некалькіх кампаніяў у СМІ называць брэнды і тавары па-беларуску і ня раз пераконваў беларускіх вытворцаў, што варта гэта рабіць.

(Кручкоў: ) "“Савушкин продукт” не ўспрымаецца як беларускі прадукт. І мы ім гэта тлумачылі. Абурыліся яны – як гэта не беларускі брэнд? Мы адказалі: тады пішыце або “Саўкін прадукт”, або “Саўкаў прадукт”. Але яны не прыслухаліся да нас. І я лічу, дарэмна. Бо тыя, хто зараз прыслухоўваецца, працуюць на будучыню.

Няма ўсьведамленьня нават у эліты прадпрымальніцкай, наколькі важны гэты нацыянальны аспэкт. Паглядзіце – цукеркі “Лаймэ” латыскія, ці “Дзінтарас” Яны ж дзеля расейскага ці беларускага рынку не называліся “Дзімачка” ці яшчэ як”.

Усясьветна вядомыя брэнды, дарэчы, вельмі паважліва ставяцца да беларускай мовы і ўсю інфармацыю для спажыўца пішуць па-беларуску, чаго, на жаль, ня робяць беларускія вытворцы. Так, прадстаўнікі “Дыролу” і “Кэдбэры” зьвярталіся ў ТБМ, каб ім дапамаглі перакласьці анатацыі да новай прадукцыі – жуек са смакам дурніцаў, да прыкладу. І замежнікі не спалохаліся: маўляў, калі ёсьць у беларускай мове ягады дурніцы, можа, гэта спрацуе як сьцёб і прыкол. У бальшыні ж беларускіх вытворцаў вельмі часта цалкам адсутнічае пачуцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці.

Людміла Шастак працуе ў дызайнэрскай фірме і не раз сутыкалася з упартасьцю беларускіх вытворцаў, калі прапаноўвала ім рабіць этыкеткі і пакункі па-беларуску.

(Шастак: ) “Насамрэч, у беларускай мове вельмі шмат вельмі прыгожых словаў, уласна беларускіх словаў. Але апошнім часам можа з-за двухмоўя пачынаюць усё не перакладаць на расейскую мову, а пісаць як бы транскрыпцыяй. Мне вочы рэжа гэта назва “Криница” – ня толькі піва, але й рэстарацыі “Крыніца”. Яны пішуць “Криница” – бог мой, язык зламаць можна, пакуль вымавіш і прачытаеш. Ня ведаю, адкуль гэта ідзе. Можа, сапраўды наша мова – гэта трасянка, наша культура – гэта адсутнасьць усялякай культуры? Не хацелася б, каб гэта было так”.

На жаль, пакуль беларускія вытворцы не ўсьведамляюць, што калі тавар вартасны, калі ён сапраўды правільна прасоўваецца на рынак, то беларуская назва толькі дадасьць калярыту й забясьпечыць несумнеўны посьпех на любым рынку.