Ня менш за 10 ахвяраў удару авіяцыі ў Фалюджы

БАГДАД. Ня менш за 10 чалавек загінулі ў выніку ўдару амэрыканскай авіяцыі ў ірацкім горадзе Фалюджа. Паводле амэрыканскага камандаваньня, удар быў нанесены па доме, дзе, як мяркуецца, хаваліся байцы, зьвязаныя зь ярданскім тэрарыстам Абу Мусабам Аз-Заркаўі. Прэм’ер-міністар Іраку Іяд Аляўі заявіў, што яго ўрад забясьпечыў амэрыканцаў патрэбнай для атакі інфармацыяй. Ірацкая ўзброеная групоўка, якая выкрала амэрыканскага марскога пяхотніка, паведаміла, што ён пераведзены ў “бясьпечнае месца” пасьля таго, як даў абяцаньне не вяртацца ў войска. Раней паведамлялася пра забойства капрала Васэфа Алі Хасуна, аднак пазьней гэтая інфармацыя была зьняпраўджаная. Тым часам ірацкі ўрад адклаў на канец тыдня ўвядзеньне спэцыяльнага рэжыму бясьпекі, які прадугледжвае шэраг захадаў для змаганьня з паўстанцамі.