Валеры Шчукін, які мае званьне капітана, застаўся на сьвяты 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі бяз пэнсіі

Любоў Лунёва, Менск Валеры Шчукін упершыню не атрымаў вайсковай пэнсіі. На ягоную думку, улады наўмысна пазбавілі яго грошай напярэдадні сьвята.
Валеры Шчукін зьвярнуўся ў аддзяленьне банку, дзе 17 гадоў штомесячна атрымліваў сваю вайсковую пэнсію. Касірка паведаміла, што на рахунку капітана другога рангу грошай няма. Валеры Шчукін паведаміў Радыё Свабода, што ў галоўным офісе банку яму паказалі паперу за подпісам кіраўніка аддзелу абласнога ваенкамату Валянціна Дужа, якая забараняе выдаваць грошы пэнсіянэру. Валеры Шчукін лічыць гэта дробнай помстай уладаў за яго грамадзкую дзейнасьць.

(Шчукін: ) “Усім пералічылі пэнсію, а мне — не. Гэта было ўжо пры канцы дня, і я нічога ня мог зрабіць. Сьвяты я сустракаў “на сухую” — сто грамаў “наркамаўскіх” мне не дасталіся… Сёньня ў галоўным офісе мне паказалі паперу за подпісам палкоўніка Дужа, зь якой вынікала, прыпыніць выдачу грошай пэнсіянэру Валерыю Шчукіну… Без усялякіх тлумачэньняў… Мяркую, што гэта гнюснасьць, якую мне зрабілі ўлады як вайскоўцу. Пакінуць мяне напярэдадні сьвята вызваленьня Беларусі бяз грошай! Дробная помста”.

Мы папрасілі палкоўніка Валянціна Дужа патлумачыць гэтую сытуацыю:

(Дуж: ) “Паверце, я ведаю, хто такі Шчукін. Вось таму вам і тлумачу, што ніякіх тут праблемаў няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Грошы ён будзе атрымліваць?”

(Дуж: ) “Канечне, канечне. Ён у мяне быў. Казаў: “Ня лезьце вы ў гэтыя палітычныя гульні” — ну, і гэтак далей. Я яму кажу: “А хто, паважаны Валеры Аляксеевіч, лезе?” Ніякай напругі няма. Паверце, паверце, паверце”.

Летась 1 жніўня Валерыя Шчукіна пазбавілі полацкай прапіскі ў пашпарце. Ён быў прапісаны ў доме з маласямейнымі кватэрамі. Падставай выпіскі ўлады назвалі незаконнасьць пражываньня, паколькі не было дамовы аб найме.

Паводле заканадаўства, вайсковага пэнсіянэра, які стаіць на ўліку ў ваенкамаце, ня могуць з-за адсутнасьці прапіскі пазбавіць пэнсіі.