У Наваполацку затрыманыя два актывісты кааліцыі “5+”

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак У Наваполацку актывістамі кааліцыі “5+” было зладжанае грамадзкае галасаваньне месьцічаў па пытаньні трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Падчас галасаваньня два актывісты былі затрыманыя міліцыяй.
У пастарунак патрапілі актывіст кааліцыі “5+” Алесь Карніенка, які надоечы прыехаў у Наваполацак з Гомелю, ды навапалачанін Аляксей Лукашэвіч. На абодвух былі складзеныя пратаколы: спадары Карніенка ды Лукашэвіч абвінавачваюцца ў парушэньні артыкулу 167-га Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях – самаўпраўства.

Ну а пачалося грамадзкае галасаваньне аб 11-й гадзіне раніцы, прычым адразу ў некалькіх гарадзкіх раёнах. Гаворыць галоўны каардынатар акцыі Зьміцер Салаўёў:

(Салаўёў: ) “Мы распачалі акцыю высьвятленьня меркаваньня навапалачанаў наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Зараз працуюць тры перасоўныя групы са скрынямі; раздаем людзям бюлетэні, у якіх толькі адно пытаньне: “Ці згодныя вы з тым, каб адна і тая ж асоба займала прэзыдэнцкую пасаду больш, чым два разы?” Людзі адзначаюць – “так”, ці “не”, і апускаюць лісток у скрыню”.

Нягледзячы на затрыманьне адной з груп, астатнія зьбіраюцца працаваць да самага вечару, аднак, з прычыны магчымых новых затрыманьняў і канфіскацыяў апытальных лістоў, а 13-е гадзіне, у прысутнасьці журналістаў, была ўскрытая адна са скрыняў. У ёй было 275 бюлетэняў, прычым “так” трэцяму тэрміну сказалі 38 навапалачанаў, астатнія, а гэта больш як 86 адсоткаў, выказаліся супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну.