Новыя правілы мытнага афармленьня тавараў робяць бессэнсоўнымі камэрцыйныя ваяжы за мяжу

Ігар Карней, Менск Ад 1 ліпеня ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя правілы мытнага афармленьня тавараў, увезеных з-за мяжы ў прыватным парадку. Тлумачэньні чыноўнікаў з гэтай нагоды простыя: дзяржава клапоціцца пра ўласнага вытворцу, даючы яму шанец выжыць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. На практыцы гэта азначае, што цяпер за кожную адзінку тэхнікі — ад самай простай, кшталту праса, і да самай складанай — легкавога аўтамабіля, давядзецца плаціць істотныя падаткі.
Да нядаўняга часу асноўнай краінай, адкуль у Беларусь траплялі тавары замежнай вытворчасьці, была Польшча. Кампутарная і бытавая тэхніка, тэлевізары, аўдыётэхніка, будаўнічыя матэрыялы і сантэхніка, харчовыя вырабы — усё гэта магутным патокам перавальвала празь беларускую мяжу. Пацьверджаньнем папулярнасьці польскага кірунку сьведчылі і чэргі ля кансулятаў Польшчы ў Берасьці, Горадні ды Менску.

Але ад 1 ліпеня вазіць тавары з суседняй краіны страціць усялякі сэнс: паводле новых правілаў мытнага афармленьня тавараў, кожная адзінка прамысловага тавару будзе абкладацца 30-адсоткавым падаткам. Ужо ад заўтрашняга дня бяспошлінна можна ўвозіць толькі 5 кіляграмаў харчоў. Паменшаная норма ўвозу і сьпіртовых напояў — з трох літраў да аднаго. З парушальнікаў будуць спаганяць немалыя штрафы — 20 эўра за літар. Цяпер, паводле кіраўніка консульскага аддзелу Польшчы ў Менску Анджэя Бучэка, людзкія натоўпы ля кансулятаў, хутчэй за ўсё, зьнікнуць.

(Бучак: ) “Сапраўды, мы назіралі значна большую колькасьць індывідуальных асобаў, а ня фірмаў, якія прыносяць па некалькі зваротаў. І менавіта гэта сьведчыць, што значна большая колькасьць людзей у чэрвені па прыватных справах выяжджала ў Польшчу. Натуральна, мы гэта зьвязваем з абвешчаным увядзеньнем абмежаваньняў на ўвоз тавараў. А сёньня ўжо значна меншая чарга ля нашага кансуляту. Учора было крыху болей. Магу вам паведаміць, што ўчора мы выдалі ўжо пяцідзесяцітысячную візу ад пачатку году”.

Асабліва востра новы ўказ успрымаюць жыхары памежных з Польшчай і Літвой раёнаў, дзе людзі шмат што куплялі ня дзеля перапродажу, а найперш для сябе. Але ўказ лічаць ударам па бізнэсу і дробныя прадпрымальнікі.

(Прадпрымальнікі: ) “Любое падвышэньне найперш адрэзануе на пакупніках… Заплаці дадаткова за лядоўню 50 эўра — які сэнс яе везьці? Дый дзе грошы браць? Здаецца, больш мы ўжо нічога прывезьці ня здолеем, ніякай магчымасьці ня будзе. І, натуральна, кошты пойдуць уверх… Польскіх тавараў будзе меней на рынках, гэта адназначна. А кошты — вышэйшыя”.

Дзяржаўныя чыноўнікі непапулярную меру тлумачаць клопатам пра айчынных вытворцаў, якія ніяк ня могуць канкураваць зь вядомымі замежнымі маркамі. Эканаміст Леанід Злотнікаў з гэтай нагоды сказаў наступнае:

(Злотнікаў: ) “Любы пратэкцыянізм паніжае жыцьцёвы ўзровень насельніцтва. Як толькі падымаюць мытныя падаткі на якіясьці тавары, адразу ёсьць некаторае пагаршэньне ўмоваў жыцьця ў тым, што спажываць тавараў яны будуць меней. Па-другое, павялічваецца кошт тавараў на ўнутраным рынку. Такім чынам, усё робіцца коштам спажыўцоў. Некаторыя краіны ідуць на такі крок, каб свайго вытворцу паставіць у ільготныя ўмовы, каб ён змог падняцца і пачаў рабіць на міжнародным ўзроўні паводле якасьці. Але ўжо 10 год беларускія ўлады абараняюць спачатку сваіх спажыўцоў, каб тавараў з краіны не вывозілі, а потым і вытворцаў. І ніякага толку ад гэтага няма. Гэтая палітыка ня мае для вытворцаў ніякага станоўчага выніку, затое ёсьць рэальнае паніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Гэта тупіковая палітыка, якая нічога народу не дае”.

Новыя правілы мытнага афармленьня закрануць і вялізную армію беларускіх аўтааматараў. Мытныя стаўкі ў сярэднім будуць падвышаныя да 0,6 эўра за кубічны сантымэтар аб’ёму рухавіка, а за машыны старэйшыя за 14 гадоў, будзе брацца 2 эўра за кубічны сантымэтр.