Ігар Карней, Менск. Паводле Міністэрства падаткаў і збораў, самы вялікі прыбытак, задэкляраваны ў падатковых органах па выніках мінулага году, складае 664 мільёны рублёў, альбо 330 тысяч даляраў у валютным эквіваленце. Адрозна ад падлікаў папярэдняга пэрыяду, калі падатковая служба рапартавала пра 200 легальных даляравых мільянэраў , сёлета ніводзін грамадзянін Беларусі не зрабіў набыткам галоснасьці свае звышпрыбыткі. Чаму людзі баяцца легалізоўваць свае грошы?
Дастаткова пагартаць спэцыялізаваныя часопісы ў продажы нерухомасьці ці аўтамабіляў, каб зрабіць выснову, што звышбагатыя людзі ў Беларусі ёсьць. Катэдж за 500 тысяч даляраў у экалягічна чыстай зоне пад Менскам, 6-пакаёвая кватэра ў пэнтхаўзе новага дому за 250 тысяч умоўных адзінак, джып “Поршэ Каен” за 105 тысяч эўра… Такіх прапановаў не было бы, каб не існавала попыту.
Аднак, калі летась падатковыя службы хваліліся, што здолелі легалізаваць блізу 200 мільянэраў, то па выніках сёлетняй справаздачы ўсе гэтыя багатыры кудысьці зьніклі. Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што ў Беларусі рэальна можа быць паўтысячы даляравых мільянэраў, але з адным істотным удакладненьнем — падпольных. Запытваю: куды, на ягоную думку, падзеліся леташнія, легалізаваныя?
(Заіка: ) “Значыць, збанкрутавалі, альбо зарабілі 999 тысяч даляраў... Калі сур’ёзна, небясьпечна тут фігураваць з такімі лічбамі. Мільянэр у Беларусі — далёка ня самая бясспрэчная фігура. Дый людзі паразумнелі: калі трэба плаціць 30% ад прыбыткаў, то лепей гэтыя грошы зарабіць у Расеі і заплаціць там 13%. У абсалютных лічбах, калі зарабіў мільён, розьніца ў падатках складзе 170 тысяч даляраў — гэта грошы, якія можна заашчадзіць на аплаце падаткаў. У Беларусі зь мільёну чалавек заплаціць 300 тысяч даляраў, а ў Расеі — 130 тысяч. Кошт пытаньня — 170 тысяч даляраў. Таму куды лягчэй стаць рэзыдэнтам расейскай падатковай сыстэмы, альбо зусім сысьці ў “нікуды” — умоўна кажучы, у Занзыбар ці Гандурас”.
Паводле зьвестак галіновага міністэрства, толькі 3,5 тысячы беларусаў падалі дэклярацыю на абкладаньне па максымальнай стаўцы падатку — 30%. Астатнія 160 тысяч чалавек палічылі за лепшае асабліва не афішаваць сваіх рэальных прыбыткаў. Як патлумачыў спадар Заіка, памеры падаткаў у Беларусі вылічваюцца паводле мінімальнага заробку. Сума, ад якой пачынаецца 30-адсоткавае адлічэньне падатку, — 600 даляраў за месяц, што лічыцца прыбыткам ў асабліва вялікіх памерах. Таму ўсе, хто атрымліваюць болей за паўтысячы даляраў, вымушаныя траціну адлічваць дзяржаве.
Адзін з пасьпяховых менскіх бізнэсоўцаў лічыць, што летась дзяржава проста спрабавала пагуляць з народам у своеасаблівы піяр: маўляў, ня трэба баяцца дэкляраваць рэальныя сумы. Аднак практыка паказала, што пры цяперашняй падатковай палітыцы легалізавацца дастаткова небясьпечна.
(Бізнэсовец: ) “Мільянэры ёсьць, але каб задэкляравалі легальна 200 чалавек — то ёсьць вялікі сумнеў. Гэта звычайны піяр, каб людзі не баяліся дэкляраваць, бо гаворка была нават не пра прыбыткі фірмаў, а пра асабістыя прыбыткі. Ня можа такога быць, бо афіцыйна задэкляраваць мільён даляраў — гэта 300 тысяч падаткаў заплаціць. Зь іншага боку, прыбыткі топ-мэнэджэраў у алігархічных структурах Расеі — 500 тысяч—1 мільён даляраў. Але як параўнаць тых алігархаў зь беларусамі?”
Цяпер багатых беларусаў можна сустрэць калі толькі за межамі Беларусі. Бальшыня перавяла бізнэс ды грошы ў Расею, а некаторыя камфортна пачуваюцца ў новых краінах Эўразьвязу. Нараджэнец Іўя Ян Апаленіс — у ліку ста мільянэраў Латвіі. Неаднаразова спрабаваў наладзіць сумесны бізнэс з гістарычнай радзімай. Аднак перакананы, што самі ж беларускія чыноўнікі перашкаджаюць прытоку інвэстыцыяў у краіну. Гэтую выснову ён зрабіў пасьля стаяньняў у чэргах пад дзьвярыма некаторых міністэрстваў.
(Апаленіс: ) “Там сядзяць пераважна дылетанты, бюракраты; людзі, якія ня маюць свайго бізнэсу, якія бясконца далёкія ад гаспадарчай дзейнасьці. Яны сядзяць і толькі думаюць, як узяць хабар. Іх зусім не хвалюе, як гэтыя грошы зарабляюцца, яны нічога не разумеюць, бо яны — учорашнія няўдачнікі. Але нягледзячы на такія перашкоды, кожны чалавек, калі ён хоча нармалёва жыць, павінен да чагосьці імкнуцца”.
Бальшыня бізнэсоўцаў, зь якімі я гаварыў пра ўмовы вядзеньня справаў у Беларусі, рабілі такія высновы: пры падобным стаўленьні да бізнэсу з боку ўладаў поўны адкат капіталу за межы краіны — пытаньне найбліжэйшага часу.