Суд адхіліў скаргу Міколы Маркевіча

Сяргей Астраўцоў, Горадня Галоўны рэдактар газэты “День” Мікола Маркевіч падаў скаргу на рашэньне адміністрацыйнай камісіі, якая пакарала яго нібыта за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак. Судзьдзя Ганна Чылека ў Ленінскім раённым судзе Горадні разгледзела скаргу і адхіліла яе.
На пачатку красавіка на шашы Менск–Горадня на іўескім пасту дарожнай міліцыі канфіскавалі наклад газэты “День”. Месяц таму адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну аштрафавала Міколу Маркевіча на 19 тысяч рублёў і ўзаконіла канфіскацыю газэтнага накладу.

Мікола Маркевіч папрасіў суд скасаваць рашэньне адміністрацыйнай камісіі, спаслаўшыся на тое, што ніякага правапарушэньня зь ягонага боку не было. Але напярэдадні паседжаньня адбыўся невялікі інцыдэнт. Міліцыянт не пусьціў у судовы будынак Юрыя Тапарашава — экспэрта праваабарончага цэнтру пры Беларускай асацыяцыі журналістаў і карэспандэнта Радыё Свабода. З дыктафонамі ў суд заходзіць забаронена, — сказаў міліцыянт і паказаў інструкцыю свайго камандзіра батальёну.

(Тапарашаў: ) “Гэта першы выпадак, зь якім я сутыкаюся нават тут у Беларусі. Пытаньне ў праваўжываньні, ёсьць такое паняцьце ў юрыспрудэнцыі. Найлепшыя законы можна зьвесьці да поўнага маразму. Вось гэты выпадак — калі старшына міліцыі не пускае журналіста з магнітафонам у будынак суду, спасылаючыся на інструкцыю камандзіра нейкага батальёну міліцэйскага — гэта поўны юрыдычны маразм”.

Юры Тапарашаў зазначае, што паводле артыкулу 271 Грамадзянскага кодэксу, запіс на адкрытым судовым паседжаньні можна рабіць свабодна.

На судзе прадстаўнік адміністрацыйнай камісіі Родчанка ўвесь час гаварыў, што камісія — орган калегіяльны, і ён ня можа дакладна патлумачыць, чаму яна прыняла такое рашэньне адносна Маркевіча, хаця сам таксама галасаваў “за”. У судзе высьветлілася, што камісія цалкам падтрымала пратакол, складзены міліцыяй у Іўі. У выніку нават артыкул Адміністрацыйнага кодэксу быў выкарыстаны няслушна. Маркевіча пакаралі за распаўсюд друкаваных выданьняў, а ня сродку масавай інфармацыі.

Дарэчы, на момант затрыманьня накладу, гэты нумар газэты не распаўсюджваўся, і яго ня бачыў ніводзін чытач. Але міліцыянтам, нібыта, не спадабалася апублікаванае выказваньне Валерыя Леванеўскага — старшыні страйкаму прадпрымальнікаў. Меркаваньне Андрэя Бастунца зь Беларускай асацыяцыі журналістаў, які сёньня прадстаўляў інтарэсы Міколы Маркевіча ў судзе:

(Бастунец: ) “Справа выглядае так, што міліцыянту не спадабаўся зьмест газэты, і міліцыянт на падставе гэтага можа арыштаваць увесь наклад выданьня”.

Спадар Родчанка спасылаўся на пільнасьць міліцыянтаў, як на неаспрэчны аргумэнт. Але яго можна расцаніць таксама інакш, калі ўлічыць, што міліцыянты яшчэ не чыталі газэту, калі затрымалі наклад.

(Маркевіч: ) “Безумоўна, з гэтага выказваньня прадстаўніка адміністрацыйнай камісіі можна зрабіць выснову, што адзінаццаты нумар газэты “День” быў уважліва прачытаны яшчэ да яго надрукаваньня, ці падчас яго надрукаваньня. Гэта адназначна сьведчыць пра наяўнасьць нейкай цэнзуры, нейкага органу, які — з парушэньнем заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь займаецца незаконнай злачыннай дзейнасьцю”.