Чатыром палітычным партыям у Віцебску загадана вызваліць арандаваныя офісы

Браніслава Станкевіч, Віцебск Разам з гарадзкімі арганізацыямі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Лібэральна-дэмакратычнай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” загад пра вызваленьне з арандаваных плошчаў атрымала і няўрадавая арганізацыя “Самакіраваньне ды грамадзтва”.
Грамадзкія ды партыйныя актывісты лічаць, што пазбаўленьне офісаў непасрэдна зьвязанае з падрыхтоўкай уладаў да наступных парлямэнцкіх выбараў.

У адміністрацыйным будынку па вуліцы Герцэна, дом 10/7, які належыць будаўнічаму трэсту №9, палітычныя партыі бесьперашкодна арандавалі памяшканьні цягам мінулых чатырох гадоў. А ўчора кіраўнікі гарадзкіх арганізацыяў АГП, ЛДПБ, БСДГ і БСДП (НГ) атрымалі лісты за подпісам генэральнага дырэктара Валянціна Козічкіна, дзе паведамляецца пра скасаваньне дамоваў арэнды і загад вызваліць памяшканьні цягам наступных дзесяці дзён — з прычыны таго, што цяпер гаспадары будуць выкарыстоўваць іх дзеля ўласных патрэбаў.

Даведацца ў спадара Козічкіна пра пляны будаўнічага трэсту адносна вызваленых памяшканьняў не ўдалося: даведаўшыся, што тэлефануе карэспандэнт Радыё Свабода, сакратар-рэфэрэнт паведаміў, што ягоны кіраўнік найбліжэйшым часам будзе пільна заняты. Датэлефанавацца ўдалося хіба да Ніны Дрозд, якая ў свой час узгадняла дамовы пра арэнду. Але ейны адказ быў нешматслоўны:

(Дрозд: ) “Я ўсяго толькі загадваю аддзелам дамоваў і цэнаў. Мне даручылі напісаць такія лісты, і я напісала. Вось і ўсё”.

Па тлумачэньні да спадарыні Дрозд сёньня зьвярталіся і прадстаўнікі палітычных партыяў, аднак і яны нічога новага для сябе не даведаліся. Гаворыць старшыня гарадзкое арганізацыі АГП Алена Залеская:

(Залеская: ) “Да нас ніякіх прэтэнзіяў няма. Грошы мы заплацілі, нічога не парушалі. Ды нам проста ня ведалі, што й сказаць! Але мы самі ўсё разумеем. Я думаю, што галоўная прычына — гэта выбары. Як толькі мы пазбаўляемся тут юрыдычнага адрасу, так адразу губляем рэгістрацыю, усе палітычныя партыі разам. Я лічу, што гэта ўжо ідзе падрыхтоўка да выбараў, прычым нават не да парлямэнцкіх, а адразу да прэзыдэнцкіх”.

Думку пра тое, што прымусовае высяленьне невыпадкова адбываецца напярэдадні выбараў, падзяляе і кіраўнік няўрадавай арганізацыі “Самакіраваньне і грамадзтва” Хрыстафор Жаляпаў, які цяпер вымушаны займацца пошукамі новага офісу. Паводле ягоных словаў, знайсьці памяшканьне пад офіс грамадзкай арганізацыі куды прасьцей, як для палітычнай партыі. Асабліва калі гаворка ідзе пра пазбаўленьне юрыдычнага адрасу з мэтаю скасаваньня гарадзкой партыйнай структуры, ад якой цяпер немагчыма будзе вылучыць кандыдатаў на будучыя выбары шляхам простага зацьверджаньня.

Таму замест марных пошукаў іншых памяшканьняў, партыйныя кіраўнікі падрыхтавалі палітычную заяву на імя кіраўніцтва гораду ды вобласьці, дзе пішуць пра тое, што іх сьвядома пазбаўляюць магчымасьці існаваньня. Тым часам па віцебскім тэлебачаньні ўжо прайшла аб’ява пра тое, што будаўнічы трэст №9 гатовы здаць шэраг памяшканьняў у арэнду новым гаспадарам.