Насуперак пэсымістычным прагнозам сытуацыя зь сельскай гаспадаркай у Польшчы пасьля далучэньня да Эўразьвязу паляпшаецца

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Насуперак падлікам эўраскептыкаў у Польшчы, а таксама прагнозам некаторых дзяржаўных СМІ ў Беларусі пра тое, што пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу сытуацыя ў польскай сельскай гаспадарцы значна пагоршыцца, здарылася як раз наадварот. Упершыню за шмат гадоў па вырабы польскіх фэрмэраў выстраіліся чэргі пакупнікоў з Заходняй Эўропы.
Амаль адразу пасьля ўваходу палякаў у Эўразьвяз, калі перасталі існаваць мытныя межы паміж краінамі, у Польшчу пачалі масава прыяжджаць прадстаўнікі буйных гандлёвых фірмаў з краінаў Заходняй Эўропы. Перадусім заходніх бізнэсоўцаў цікавяць польскія мясныя і малочныя прадукты – яны якасныя і танныя.

Нягледзячы на тое, што вытворцы падвысілі цэны на 20-25%, на сотнях мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў пакупнікі зь Нямеччыны, Галяндыі й Італіі нават чакаюць у чэргах пакуль будзе выраблены патрэбны ім тавар.

(Бырскі: ) “Я ніколі не сумняваўся, што інтэграцыя ў Эўрапейскую супольнасьць прынясе карысьць для большасьці гаспадарак польскай вёскі, і вось цяпер так сапраўды і атрымалася”, – кажа Юзэф Бырскі, уладальнік мясаперапрацоўчай фірмы ў Любліне.

Больш за ўсё цяпер зарабляюць фэрмэры, якія напярэдадні далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу не пабаяліся ўкласьці грошы ў жывёлагадоўлю, у мадэрнізацыю сваіх фэрмаў, каб яны адпавядалі эўрапейскім стандартам.

(Алейнічак: ) “Сяляне будуць жыць значна лепей, чымся яшчэ некалькі месяцаў таму, бо попыт на добрыя і якасныя польскія харчы будзе ў Эўропе павялічвацца і далей”, – упэўнены міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Войцэх Алейнічак.

Цікава, аднак, што падвышаны попыт на польскія мясныя і малочныя прадукты нязначна адбіўся на ўзровень цэнаў гэтых харчоў у польскіх крамах. Справа ў тым, што ва ўмовах моцнай канкурэнцыі, крамы вымушаныя зьмяншаць свае гандлёвыя надбаўкі.

Паводле адмыслоўцаў, польская вёска ніколі ня мела такога добрага шанцу на падвышэньне свайго дабрабыту, а польская дзяржава на тое, каб стаць адным з галоўных экспарцёраў харчоў у Эўропе.

(Кавальскі: ) “Польшча, калі ўзяць пад увагу яе геаграфічнае становішча і кліматычныя ўмовы, мае ўсе магчымасьці, каб ператварыцца ў найбуйнейшага вытворцу мяса ў Эўропе. Таму я заклікаю сялянаў укладаць заробленыя грошы ў пашырэньне сваіх земляў і фэрмаў. Гэта шанец на дабрабыт”, – заявіў экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Тадэвуш Кавальскі.

Акрамя попыту на свае прадукты, польскія сяляне маюць яшчэ адную нагоду каб быць задаволенымі. Яшчэ сёлета, тыя зь іх, хто мае больш чым адзін гектар ральлі, атрымаюць бязвыплатную дапамогу з бюджэту Эўразьвязу і польскага бюджэту ў памеры каля 100 даляраў на кожны гектар. У наступныя гады памер даплатаў будзе паступова павялічвацца.