У працэсе чэкавай прыватызацыі надалей парушаюцца правы ўладальнікаў чэкаў

Юлія Шарова, Менск Міністэрства эканомікі вынесла ўладальнікам чэкаў “Маёмасьць” апошняе папярэджаньне: тыя, хто не пасьпее памяняць свае каштоўныя паперы на акцыі беларускіх прадпрыемстваў, пасьля 31 сьнежня гэтага году рызыкуе застацца зусім ні з чым – ніякай грашовай кампэнсацыі ён не атрымае.
Грашовую кампэнсацыю за нявыкарыстаныя чэкі па-ранейшаму прадугледжвае адпаведны закон. Але Палата прадстаўнікоў і ўрад даўно абмяркоўваюць пытаньне пра перагляд закону, каб тым, хто не пасьпеў памяняць чэкі на акцыі, не плацілі нічога. Урад схіляецца да таго, каб з наступнага году чэкавую прыватызацыю наагул згарнулі – у Міністэрстве эканомікі гэта пацьвярджаюць. Аднак роўна год таму вяліся тыя ж дэбаты, і ўладальнікам чэкаў далі, так бы мовіць, яшчэ колькі часу на роздумы.

І вось Міністэрства эканомікі падрыхтавала ўжо 29-ты пералік акцыянэрных таварыстваў, у прыватызацыі якіх яшчэ тэарэтычна можна паўдзельнічаць – усяго каля 250. Аднак аб’екты кшталту “Жлобінскага кар’еру фармовачных матэрыялаў” альбо менскага АТА “Спэцмантажаўтаматыка” наўрад ці зацікавяць трымальнікаў чэкаў.

Гісторыя з чэкавай прыватызацыяй і яе згортваньнем цягнецца ўжо ня першы год, аднак у сапраўднасьці нічога не мяняецца. Ці ёсьць у звычайнага беларуса шансы паўдзельнічаць у прыватызацыі сапраўды багатых прадпрыемстваў ці хаця б атрымаць за свае чэкі грошы?

Экспэрт Міхал Залескі нагадвае, што чэкавая прыватызацыя была задуманая як магчымасьць даць беларусам кампэнсацыю за той унёсак, які яны зрабілі сваёй працай у маёмасьць краіны яшчэ за савецкімі часамі. Кожнаму давалася права атрымаць маёмасьць. Адны маглі той маёмасьцю кіраваць, іншыя ж мелі права на грашовую кампэнсацыю. Але гэтага не атрымалася, бо, на думку экспэрта, былі парушаныя прынцыпы празрыстасьці прыватызацыі і не адбылося рацыянальнага рынкавага адбору аб’ектаў. Калі ж грамадзянаў пазбавяць магчымасьці нават атрымаць кампэнсацыю, то гэта будзе вялікім парушэньнем іхных правоў, кажа спадар Залескі.

(Залескі:) “Гэта будзе фундамэнтальным парушэньнем у частцы Грамадзянскага кодэксу, бо існавала пэўная дамова. І калі гэтая дамова існавала, то яна павінна быць альбо выкананая для ўсіх, альбо нявыкананая для ўсіх. І вось тут ёсьць адзін цікавы падводны каменьчык, бадай нават цэлая скала – хто атрымаў добрыя акцыі? Хто меў доступ да тых акцыяў, якія даюць добрыя дывідэнды, якія могуць быць перапрададзеныя з выгодай? Гэта пэўнае кола людзей, пэўнае кола асобаў. А пралетарскія й сялянскія масы – яны як былі, гэтак і засталіся”.

Паводле словаў эканаміста, сапраўдны перадзел маёмасьці адбыўся на самым пачатку прыватызацыі, калі чэкі “Маёмасьць” скупалі за капейкі ды мянялі іх на акцыі прадпрыемстваў, якія цяпер прыносяць рэальны прыбытак – гэтак было, напрыклад, з буйнымі аб’ектамі гандлю. Цяпер попыт на чэкі надзвычай нізкі.