“pARTisan”: усе шляхі вядуць у лес

Севярын Квяткоўскі, Менск Незвычайную прэзэнтацыю ладзіць сёньня Артур Клінаў, вядомы мастак, пэрформэр і галоўны рэдактар культурніцкага часопісу “Партызан”. Трэці нумар выданьня будзе рэпрэзэнтаваны публіцы і журналістам у… вагоне прыгараднай электрычкі.
Насамрэч, прэзэнтацыя мусіць толькі распачацца ў вагоне электрычкі Менск-Маладзечна: кульмінацыя імпрэзы мае быць у лесе, недалёка ад аднаго з “дачных” пасёлкаў. Чаму “Партызан” сыходзіць у лес? Артур Клінаў тлумачыць сытуацыю тым, што ў большасьці прыдатных для культурніцкай імпрэзы месцах часопісу адмовілі.

(Клінаў: ) “Нам сказалі, маўляў, прабачце, у нас ёсьць негалосная пастанова: мы ня маем права пускаць у дзяржаўныя ўстановы недзяржаўныя выданьні на прэзэнтацыі. Варыянты застаюцца: альбо здымаць нейкія клюбы за грошы, ці папросту прэзэнтавацца ў электрычках, у лесе... Гэты шлях больш сэнсоўны і сымбалічны для той культуры, якую рэпрэзэнтуе часопіс “Партызан”.

Паводле плянаў Артура Клінава, у вагоне электрычкі з дапамогай мэгафону будзе прачытаная канцэптуальная лекцыя. Таксама плянуецца, што распачне свой сольны выступ гітарыст гурту “NRM” Піт Паўлаў. А на лясной паляне будуць і барды, і пэрформэры Зьміцер Вішнеў ды Ільля Сін, выступяць аўтары “Партызану”, сярод якіх такія вядомыя ў культурніцкіх колах асобы, як Адам Глёбус, Міхал Баразна, Сяргей Харэўскі, Максім Жбанкоў ды іншыя.

Зразумела, будуць цікавыя сюрпрызы і ад аўтара праекту – Артура Клінава. Ахвочыя пабачыць незвычайную прэзэнтацыю на свае вочы могуць сёньня а 15-й гадзіне прыйсьці на менскі Цэнтральны чыгуначны вакзал да плятформаў кірункам на Маладзечна.