Суд прызнаў карныя санкцыі супраць праваабаронцы З. Салаўёва незаконнымі

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Сёньня ў Наваполацку адбыўся суд, які разгледзеў пазоў мясцовага праваабаронцы Зьміцера Салаўёва да гарадзкой інспэкцыі Міністэрства па падатках ды зборах. Разгледзеўшы ўсе абставіны справы, суд прызнаў ужытыя інспэкцыяй карныя санкцыі супраць спадара Салаўёва незаконнымі.

Пачаліся непаразуменьні паміж Зьміцерам Салаўёвым і падатковай інспэкцыяй 9 сакавіка 2004 году, калі да праваабаронцы завіталі работнікі інспэкцыі і паведамілі, што зьбіраюцца ўчыніць фінансавую праверку ягонай дзейнасьці. Спадар Салаўёў пры гэтым заявіў, што фінансавай дзейнасьцю ён не займаецца, правяраць няма чаго, а таму й не пусьціў інспэктараў ў свой офіс. Неўзабаве па гэтым факце інспэктарам Яўгенам Яловікам быў складзены пратакол, і праваабаронца атрымаў грашовы штраф у памеры 10-ці базавых велічыняў. Спадар Салаўёў абскардзіў гэтыя дзеяньні ў судзе, і суд прызнаў іх незаконнымі, абавязаўшы адказчыка вярнуць пацярпеламу боку суму сплачанага штрафу.