Цытаты мінулага – 21 чэрвеня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 21 чэрвеня
“Сын Беларуса”, 1924 год:

“Перасланы Беларускім Навуковым Таварыствам у Прагу дзеля расшыфроўкі рукапіс “Ай Кітаб” (Сьвятая кніга), напісаны па-беларуску арабскімі літэрамі (канец ХVІ ст.), расчытваецца пад кіраўніцтвам арабіста праф.Ружычкі, пры ўчасьці праф. д-ра Таўэра і Янкі Станкевіча. Дагэтуль расшыфраваны (перапісаны на лацінскія літары) 25 страніц рукапісу. З гэтага ўжо можна зрабіць вывад, што “Ай Кітаб” з боку мовы зьяўляецца найцікавейшым памятнікам нашага старадаўнага пісьменства. Расчытаньне яго шмат дапаможа навуковым досьледам аб беларускай мове”.

“Беларуская газэта”, 1944 год. З нагоды трэцяй гадавіны пачатку вайны між Нямеччынай і СССР:

“Аб тым, якія крывавыя раны задалі бальшавіцкія каты нашаму народу, якія апусташэньні яны зрабілі ў нашых радох, мы даведаліся толькі пасьля таго, як савецкая ўлада была зьмеценая з нашае зямлі. Мала таго, што яны вынішчылі нашую нацыянальную інтэлігенцыю і закатавалі мільёны найлепшых беларускіх сялян і работнікаў, — яны атруцілі душы іншых мільёнаў, забілі ў іх нацыянальную годнасьць, ініцыятыву, адзвычаілі ад роднай мовы, накінулі чужыя звычаі, зьнішчылі любоў да свайго Краю і народу…”

“Могилевские ведомости”, 1994 год. Я.Рыбакоў адгукаецца на гісторыю з замахам на А.Лукашэнку пад Лёзна:

“Гнюснай правакацыяй назваў Аляксандр Лукашэнка гэты інцыдэнт. Учора па нацыянальным радыё ён выступіў са зваротам да выбаршчыкаў, у якім папрасіў людзей захоўваць спакой, не паддавацца на магчымыя правакацыі з боку ўраду. Аляксандр Лукашэнка заклікаў грамадзянаў рэспублікі прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і тым самым ня даць магчымасьці сарваць выбары першага Прэзыдэнта Беларусі”.