Беларусы не адчуваюць да нацыянальнай валюты асаблівай павагі

Юлія Шарова, Менск Беларусы не шануюць свае грошы – беларускія купюры хутка зношваюцца й робяцца непрыдатнымі, канстатуюць у Нацбанку. Пакуль істотнай праблемы з забесьпячэньнем краіны новымі банкнотамі няма, аднак у галоўнай фінансавай установе Беларусі ўсё ж хацелі б, каб насельніцтва больш ахайна карысталася грашыма.
Існуюць пэўныя нарматыўныя тэрміны службы банкнотаў. Напрыклад, для разьменных купюраў – маюцца на ўвазе дробныя купюры вартасьцю да тысячы рублёў – тэрмін службы складае два гады. Але ж рэальна купюры гэтыя зношваюцца менш чым за год. Чаму? Адказ на гэтае пытаньне дае загадчык упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў.

(Драздоў: ) “Асаблівасьць беларускага мэнталітэту палягае ў тым, што мы вельмі абыякава ставімся да сваіх грошай. Таму нашыя купюры выходзяць з абарачэньня раней, чым маглі б – з-за моцнага фізычнага зносу. Бо мы грошы, асабліва дробныя, выкарыстоўваем і як нататнік, і ледзьве ня як сурвэтку. Вельмі кепска ставімся да сваіх грошай”.

Як патлумачыў спадар Драздоў, непрыдатнымі для выкарыстаньня лічацца ня толькі замуляныя ці парваныя купюры. Якраз у гэтым сэнсе беларускія грошы трывалыя. А вось калі вы запішаце асадкай на сторублёвай паперцы тэлефон новага знаёмага, то можаце лічыць, што гэтую купюру вы зьнішчылі. Такія грошы, калі яны трапляюць ва ўстановы Нацбанка, вымаюцца з абарачэньня. Яшчэ горшы эфэкт, як выявілася, маюць надпісы на купюрах простым алоўкам – гэтак любяць рабіць касіры, калі лічаць гатоўку. Прыборы наагул расцэньваюць такія банкноты як фальшыўкі.

З чым зьвязана тое, што беларусы без асаблівай пашаны ставяцца да ўласных грошай? Вось як адказалі на пытаньне “Ці шануеце вы беларускія грошы?” наведнікі сталічнага ГУМа:

(Спадарыня: ) “Грошы заўсёды дастаюцца нялёгкім шляхам, таму да грошай я стаўлюся з павагай. Ну а каб шанаваць беларускія грошы… Для гэтага павінны нешта зрабіць. Няхай неяк расьце пакупніцкая здольнасьць нашага беларускага рубля, і каб у людзей было гэтых грошай дастаткова”.

(Карэспандэнтка:) Як вы ставіцеся да беларускіх грошай?

(Дзяўчына: ) “Нармальна. Лепей трэба да іх ставіцца”.

(Пэнсіянэр: ) “Пакуль нармальна, пакуль яны мяняюцца на даляры, на эўра. А што там трэба яшчэ? Ну а як у нас расейскую адзінай валютай зробяць, тады ўжо ня будзе, напэўна”.

(Спадар: ) “Калі ёсьць любыя грошы ды іх шмат, дык добра – што беларускія, што амэрыканскія, на мой погляд. Лепш мець беларускія грошы ды незалежнасьць, чым расейскія”.

(Спадарыня: ) “Калі грошы ёсьць, то за іх заўсёды купіш. А ў якой яны валюце – гэта бяз розьніцы”.

Магчыма, такое стаўленьне да ўласных грошай можна сапраўды растлумачыць псыхалягічнымі чыньнікамі: на беларускія рублі нібыта мала чаго можна набыць, іх хутка павінны замяніць на расейскія, а таму беларусы ня надта іх шануюць.

Дарэчы, у Нацбанк паступіла ўжо болей як сотня заявак на ўдзел у конкурсе на стварэньне графічнага знаку для беларускай нацыянальнай валюты. Конкурс абвешчаны 1 чэрвеня, і такая колькасьць заявак, атрыманых меней чым за месяц, прадстаўнікоў Нацбанку прыемна зьдзіўляе. Там мяркуюць, што беларускі конкурс можа сабраць столькі ж удзельнікаў, колькі й адпаведна конкурс ува Ўкраіне: там у свой час разглядалі 1.500 праектаў графічнага знаку для грыўны.