Беларусь – суседка Швэцыі

Ганна Сурмач, Прага Вершы дзяўчыны зь Беларусі пахваліў Іосіф Бродзкі, і яна стала швэдзкай пісьменьніцаю. Швэдка са Стакгольму піша кнігі пра беларускае Палесьсе. Сёньня Швэцыя афіцыйна залічыла Беларусь да сваіх суседзяў, як адну з балцкіх краінаў. Прапануем вам сустрэчу зь беларусамі ў Швэцыі, якія плённа працуюць у гэтай краіне дзеля карысьці нашай Бацькаўшчыны. Удзельнікі: Андрэй Катлярчук, Інга Ліна Ліндквіст, Ірына Майбарада.
Зь беларускім навукоўцам Андрэем Катлярчуком, аўтарам кнігі “Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў”, мы ўжо размаўлялі ў адной з нашых перадачаў. Тады Андрэй толькі пачынаў сваю навуковую працу ў Швэцыі. Цяпер ён часова працуе ва Ўнівэрсытэце паўночнага Стакгольма, дзе вядзе дасьледчую працу ў галіне беларуска-швэдзкіх гістарычных стасункаў.

Спадар Катлярчук зьяўляецца адным з каардынатараў адукацыйнага праекту, у рамках якога ў Беларусі быў нядаўна адчынены Скандынаўскі цэнтар.

(Катлярчук: ) “Гэта адукацыйны, абсалютна апалітычны праект. Мэта гэтага Цэнтру – падрыхтаваць скандынавістаў у Беларусі, якіх няма й не было дагэтуль, і якія, я спадзяюся, будуць. Такія самыя цэнтры даўно ўжо існуюць ня толькі ў Маскве, Пецярбургу, Варшаве, але і нават у Пскове і Ноўгарадзе. У Беларусі дагэтуль не было навуковай скандынавістыкі. Галоўная мэта – падрыхтаваць спэцыялістаў, якія будуць ведаць ня толькі швэдзкую мову, бо зараз аднаго веданьня мовы недастаткова, гэта ўжо не прафэсія на Захадзе, але таксама будуць мець грунтоўныя веды, што датычыцца Швэцыі.

Па гэтай праграме вучацца 25 студэнтаў і працуюць 6 выкладчыкаў швэдзкай мовы, зь іх тры швэды. Адзін зь іх на поўную стаўку дасланы Швэдзкім інстытутам, яшчэ двое працуюць у Менску і выкладаюць на грамадзкіх пачатках.

Я зьяўляюся адным з каардынатараў гэтага праекту. Штогод мы дасылаем з Унівэрсытэта паўночнага Стакгольму ў Беларусь 10 выкладчыкаў: пяцёра зь іх выкладаюць швэдзкую гісторыю, а яшчэ пяцёра чытаюць курс па швэдзкім грамадзтве, швэдзкай палітычнай сыстэме і швэдзкай сацыяльнай палітыцы. Я лічу гэта вельмі важным, бо прыклад Швэцыі – сацыял-дэмакратычнай, сацыяльна арыентаванай дзяржавы – гэта вельмі добры прыклад для Беларусі. Краіна мае тыя ж самыя 10 мільёнаў насельніцтва, але пабудавала вельмі добра арганізаванае грамадзтва”.

Некаторыя з навучэнцаў Цэнтра едуць пасьля працягваць адукацыю ў Швэцыю. Напрыклад, Ірына Майбарада зь Менску ўжо два гады вучыцца ў адным са швэдзкіх унівэрсытэтаў.

(Майбарада: ) “Я скончыла факультэт філязофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў 2002 годзе. Швэдзкую мову вывучала ў Скандынаўскім цэнтры. Чаму менавіта швэдзкую? Таму што я да гэтага я працавала ў арганізацыі, якая мае швэдзкіх партнэраў, была ў Швэцыі чатыры разы. Я падала заяўку на стыпэндыю ад Швэдзкага інстытута, а атрымаўшы яе прыехала ў Швэцыю ў жніўні 2002 году. Гэта такое невялікае мястэчка, якое называецца Фалун, тут ёсьць унівэрсытэт (у Цэнтральнай Швэцыі) Я навучаюся ў магістратуры на катэдры палітычных навук, у жніўні заканчваю, павінна атрымаць ступень магістра”.

Ірына паведаміла, што Скандынаўскі цэнтар адкрыў дарогу для адукацыі ў Швэцыі і для ейнай сяброўкі, якая зараз вучыцца ў Стакгольме.

Вернемся да размовы са спадаром Андрэем Катлярчуком. (Сурмач: ) Спадар Андрэй, што яшчэ ўдалося зрабіць?

(Катлярчук: ) “У нашым унівэрсытэце два тыдні таму па-ангельску выдадзены зборнік “Сучасныя зьмены ў Беларусі”. Я лічу гэтае выданьне вельмі важным, бо існуе недахоп інфармацыі пра Беларусь на ангельскай мове. Зборнік складаюць 112 старонак , над ім працавалі 4 аўтары. Пачынаецца зборнік з артыкула вядомага беларусіста з Канады, прафэсара Дэвіда Марплса “Прэзыдэнтура Аляксандра Лукашэнкі і будучыня Беларусі”. Другі аўтар – найбольш вядомы беларусіст у Швэцыі, доктарка Барбара Торнквіст-Плева з Лундскага ўнівэрсытэту. Яна – аўтарка дзьвюх кніг пра Беларусь на швэдзкай мове, надрукавала артыкул “Саюз Беларусі з Расеяй і пабудова беларускай нацыі”. Зусім нядаўна яна падрыхтавала вялікі 40-старонкавы артыкул пра другую сусьветную вайну ў Беларусі, які выйдзе тут на швэдзкай мове ў аўтарытэтным гістарычным часапісе.

Трэці артыкул – “Традыцыі беларускай дзяржаўнасьці і сучасны канфлікт за мінуўшчыну Беларусі” – напісаў я: артыкул прысьвечаны розным інтэрпрэтацыям беларускага мінулага. Чацьвёрты артыкул належыць дасьледчыцы з Будапэшту Ганьне Бржазоўскай, супрацоўніцы Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту. Яна напісала пра тое, як уплывае мэнтальнасьць жыхароў Беларусі на міжнародную арыентацыю Рэспублікі Беларусь”.

(Сурмач: ) Ці трапіць гэтае выданьне ў Беларусь?

(Катлярчук: ) “Я ўжо адаслаў некалькі асобнікаў у беларускія цэнтры на Захадзе – у Лёндан, у ЗША, а калі паеду у Менск, дык, канечне, завязу кніжку ў Нацыянальную і Акадэмічную бібліятэкі. Але ўсё ж галоўная накіраванасьць гэтага зборніка – на заходняга чытача, бо там не хапае інфармацыі, не хапае кніжак”.

(Сурмач: ) Спадар Андрэй, а Вы сам зараз якую канкрэтна дасьледуеце тэму?

(Катлярчук: ) “Я пішу зараз кнігу, якая называецца “Швэцыя і Вялікае Княства Літоўскае ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя”. Думаю, што гэта будзе першая напісаная па-ангельску манаграфія пра Вялікае Княства Літоўскае і пра ягоныя стасункі са Швэцыяй, пра балцкія элемэнты нашай гісторыі. Спадзяюся. што зраблю і баларускамоўнае выданьне”.

(Сурмач: ) Вядома, што Вы зьяўляецеся сябрам швэдзка-беларускай арганізацыі “Беларусь”, якую ўзначальвае вядомая швэдзкая фотажурналістка Марыя Сёдэрбэрг. Зараз яна піша кнігу пра беларускае Палесьсе. Шмат артыкулаў Марыі Сёдэрбэрг на беларускую тэму зьмешчаны і ў Інтэрнэце.

(Катлярчук: ) “Значна пабольшала матэрыялаў на нашым сайце – www.vitryssland.nu. Напрыклад, там ёсьць сэрыя аналітычных артыкулаў “Куды ідзе Беларусь” на швэдзкай і ангельскай мовах розных аўтараў, ёсьць аўтары зь Беларусі й Швэцыі. Як заўсёды арганізуюцца сэмінары, якія праходзяць у Стакгольме, у Народным доме. Апошнія два былі “Сэкс-гандаль і Беларусь” і сустрэча з гарадзенскім журналістам Міколам Маркевічам. Звычайна на гэтыя сэмінары ходзяць у бальшыні швэды.

Працягваецца праца па прэзэнтацыі Беларусі на сусьветным кніжным кірмашы ў Гётэнборгу. Сёлета напрыканцы верасьня там адбудзецца адзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў у сьвеце, дзе зьбяруцца кнігавыдаўцы адусюль. Там ідзе прэзэнтацыя кожнай краіны-ўдзельніцы. Гэта таксама буйнейшы форум інтэлектуалаў, куды прыяжджаюць людзі з розных куткоў сьвету, сустракаюцца, чытаюць лекцыі. Будзе невялікая экспазыцыя прысьвечаная Беларусі – будзем запрашаць гасьцей з Беларусі, 2-3 паэты і пісьменьнікі. Гэта таксама сталася часткаю дзейнасьці арганізацыі “Беларусь”.

Наступны праект – падтрымка таленавітай моладзі й дзяцей. У Пінску ўжо другі раз адбываецца Фэстываль маладзёвай паэзіі. Першая прэмія – паездка ў Швэцыю. Зараз прайшоў другі Фэстываль, ён ужо выйшаў за межы Пінску, гэтыя паэтычныя спаборніцтвы адбываліся і ў Лунінцы, Давыд-Гарадку. Швэдзкія паэты й пісьменьнікі прыяжджаюць у Пінск, а таксама прыяжджаюць беларускія паэты і пісьменьнікі. Абавязкова прысутнічаюць студэнты Скандынаўскага цэнтра з Менску. Напрыклад, адна з актыўных удзельніцаў – швэдзкая паэтка Інга Ліна Ліндквіст, яна досыць вядомая тут у Швэцыі, яе кніжкі выдаюць вядомыя, буйнейшыя выдавецтвы. Інга прыяжджала ў Пінск, Менск, у сваёй асобе яна прэзэнтуе швэдзка-беларускія паэтычныя кантакты”.

Інга Ліна Ліндквіст наведвае Беларусь не выпадкова. Нарадзілася яна ў Вільні, 4-месячным дзіцём бацькі прывезьлі яе ў Беларусь, і да 15 гадоў яна жыла ў горадзе Барысаве. У 1979 годзе Інга разам з маці выехала ў Швэцыю. Па-беларуску спадарыня Інга чытае добра, але размаўляць ужо не атрымоўваецца. Цяпер яна – швэдзкая пісьменьніцца, і піша свае кнігі па-швэдзку, а з намі размаўляе па-расейску.

(Ліндквіст: ) “Я калі прыехала сюды, пачала вучыць швэдзкую мову. Спачатку хадзіла ў падрыхтоўчы кляс, а потым пайшла ў школу. Каб лепш вучыць мову, пачала перакладаць раман з расейскай мовы на швэдзкую і так вывучыла мову.

На першым часе так, канешне , было цяжка без мовы. Я пра гэта напісала ў маёй кнізе, якая выйшла нядаўна, яна называецца "Аддзел растрачаных рэчаў". Гэта не ўспаміны, гэта мастацкая кніга, але яна грунтуецца на рэальнасьці, як гэта было.

Па-швэдзку я пішу з 1994 году. Пішу кнігі, пішу артыкулы, дзіцячыя кнігі, п’есы. Мая шостая па ліку кніга выходзіць у жніўні. Першыя дзьве мае кніжкі былі зборнікі вершаў”.

(Сурмач: ) “Як усё ж Вам удалося дабіцца посьпеху ў чужой краіне?”

(Ліндквіст: ) “Мне проста шанцавала ад самага пачатку. Так атрымалася, што адна мая добрая сяброўка паказала мае вершы Іосіфу Бродзкаму, калі ён быў тут у Стакгольме. Яму спадабалася, і ён пра гэта сказаў свайму швэдзкаму перакладчыку. Пасьля таго неяк усё пайшло. З выдавецтва мне пазванілі і спыталі, ці не хачу я ў іх выдавацца.

Потым праблема была з перакладам, бо тыя вершы былі па-расейску. Але, муж мне сказаў: “Давай сама гэта рабі, я табе дапамагу”. І сапраўды, ён мне дапамог.

Потым я пачала пісаць прозу, а зусім нядаўна – дзіцячыя кніжкі. Мая першая дзіцячая кніга вельмі добра прадалася, зараз выходзіць другая”.

Першыя чытачы спадарыні Інгі – муж Пэр і іхныя тры сыны. Сям’я жыве на Поўначы Швэцыі , на выспе Альнэ. Пэр Ліндквіст працуе там сьвятаром у пратэстанцкай царкве.

(Сурмач: ) Спадарыня Інга, як з выданьнем кніг, наколькі гэта складана для аўтара?

(Ліндквіст: ) “У Швэцыі ёсьць выдавецтвы, якія выдаюць кнігі, я атрымліваю за гэта грошы. Гэта іх справа – выдаваць кнігі, а мая справа іх пісаць. Я прадаю свой прадукт, і яны мне плацяць. Потым яны робяць кнігу, прадаюць яе, возяць на розныя ярмаркі й спрабуюць прадаць у іншыя краіны. Яны вельмі шмат працуюць, каб прадаць у замежжа. Мая пакуль што выйшла толькі ў Даніі”.

(Сурмач: ) Вы не траціце сувязі з Беларусьсю, ці цікавіць вас тамтэйшае літаратурнае жыцьцё, ці самі Вы пішаце нешта пра Беларусь?

(Ліндквіст: ) “Я імкнуся паводле магчымасьці чытаць кнігі, якія там выходзяць. У мяне цётка жыве ў Менску, кнігі прывозіць. Мінулы раз я там была ў рамках эўрапейскага праекту “Літаратурны экспрэс”.

Натхненьне на мае апошнія кнігі я атрымала ў Беларусі. Асабліва, калі я ў “Літаратурным экспрэсе” пазнаёмілася зь беларускімі пісьменьнікамі, то цікавасьць яшчэ больш узрасла. Я ўвесь час пішу пра Беларусь, і ў сваіх кнігах і артыкулах я часта закранаю беларускую тэму.

У Пінску кожны год праводзіцца швэдзка-беларускі фэстываль паэзіі. У мінулым годзе я там была, а ў гэтым годзе іншая швэдзкая паэтка паехала. Кожны год нехта са Швэцыі едзе туды. Сувязі падтрымліваюцца ўвесь час”.

Працягнем далей размову са спадаром Андрэем Катлярчуком.

(Сурмач: ) Спадар Андрэй, відаць, што Швэцыя сёньня мае цікавасьць да Беларусі. У чым тут прычына?

(Катлярчук: ) “Па-першае, Беларусь уключаная ў сьпіс балтыйскіх краінаў, бо дзьве найбуйнейшыя ракі Беларусі, Нёман і Дзьвіна, усё ж нясуць свае воды ў Балтыйскае мора. Беларусь, такім чынам, зьяўляецца суседкаю Швэцыі.

Па-другое, у пэрспэктыве швэдзкі бізнэс прыйдзе ў Беларусь, і я спадзяюся, што тут спатрэбяцца нашыя студэнты, якіх мы падрыхтавалі. Са сваім веданьнем швэдзкай мовы і зь веданьнем Швэцыі яны знойдуць добрую працу.

Швэцыя – гэта даволі ўнікальная краіна, прыклад малой краіны з глябальным бізнэсам, сусьветным бізнэсам. Швэдзкія кампаніі вядуць бізнэс па ўсім сьвеце. Усе ведаюць такія кампаніі, як ІКЕА, Вольва, Сканія. Таму ў швэдаў ёсьць зацікаўленасьць атрымаць веды пра тое, як жывуць іншыя краіны сьвету. Швэдзкі бізнэс лічыцца адным з найлепш арганізаваных, некарумпаваных і прававых бізнэсаў у сьвеце”.

(Сурмач: ) “Вядома, што Швэцыя сёньня вабіць шмат каго зь беларускіх палітычных уцекачоў. Ці ёсьць нейкая статыстыка, колькі ўсяго беларусаў там зараз жыве?”

(Катлярчук: ) “Наколькі мне вядома, дык паводле статыстычных зьвестак сёньня па ўсёй Швэцыі жыве каля 800 беларусаў. У 2003 годзе зь Беларусі ў Швэцыю прыехала 799 беларускіх грамадзянаў, уцекачоў, якія папрасілі прытулку – зь іх засталіся толькі шэсьць. Усіх астатніх швэдзкі ўрад адправіў назад.

На маю думку, трэба, каб сюды прыяжджалі не ўцекачы, а прафэсіяналы-кампутаршчыкі, лекары, выкладчыкі. Прафэсіянал, які валодае ангельскай моваю, можа знайсьці мейсца працы. Я гляджу на гэта з пункту гледжаньня карысьці для Беларусі. Звычайна тыя, хто мае тут сацыяльны статус, працуюць ва ўнівэрсытэтах, банках, газэтах – напрыклад, людзі з Польшчы якраз тут кіруюць працэсамі падтрымкі польскай эканомікі, польскага бізнэсу, польскай дзяржавы”.

(Сурмач: ) Скажыце, калі ласка, ці ёсьць нейкая новая інфармацыя адносна расьсьледаваньня той справы аб забойстве двух беларускіх уцекачоў каля Стакгольму? Апошняе, што перадавала наша радыё, – гэта тое, што быў затрыманы адзін швэдзкі грамадзянін.

(Катлярчук: ) “Швэдзкія газэты сочаць за гэтай падзеяй. Таго швэда, якога затрымалі напачатку, выпусьцілі, бо ён аказаўся невінаватым. Паліцыя выйшла на праўдзівы сьлед: гэтых хлопцаў забіла крымінальная групоўка ў складзе 4 чалавек, адзін зь іх ужо арыштаваны. Нацыянальная прыналежнасьць дакладна невядомая, але вядома, што гэта выхадцы з былога СССР”.

На разьвітаньне спадар Андрэй выказаў сваё бачаньне таго, як больш эфэктыўна можна дапамагчы працэсу дэмакратызацыі Беларусі, у тым ліку і з дапамогаю замежжа.

(Катлярчук: ) “Трэба рабіць справы, бо часам беларусы вельмі любяць зьбірацца, піць піва ці яшчэ што, размаўляць пра злую долю Бацькаўшчыны, але няма справаў. Трэба шукаць пазытыўныя шляхі дапамогі Беларусі, рабіць канкрэтныя, магчымыя ў гэтых умовах справы.

Беларусь мяняецца, і ня трэба казаць, што там зусім кепска і што заўтра будзе горш. Там жывуць людзі, краіна жыве. Людзі, якія жывуць у Беларусі, чакаюць пазытыўнага, яны жадаюць жыць у нармальнай, дэмакратычнай эўрапейскай краіне, і галоўнае – яны будуюць яе. Трэба ім дапамагаць, ня трэба ставіць крыж на Беларусі, бо Беларусь – вельмі аптымістычная краіна. Тут працуе не палітыка, а геаграфія. Беларусь знаходзіцца ў Эўропе і мяжуе з эўрапейскімі краінамі. Гэта азначае, што геаграфія зробіць сваё, і Беларусь будзе часткаю эўрапейскай цывілізацыі. Жыцьцё будзе рухацца да лепшага, я ў гэтым упэўнены. Трэба прыцягваць навукоўцаў: цяпер у беларускіх навукоўцаў ёсьць магчымасьць прыяжджаць у Швэцыю, ёсьць квоты для Беларусі – шкада толькі, што карыстаюцца яны гэтай магчымасьцю вельмі квола, прыяжджаюць усяго 2-3 навукоўцы”.