У Наваполацку працягваецца палітычная галадоўка

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Галадоўку ў Наваполацку, якая пачалася 12 чэрвеня, трымаюць старшыня гарадзкой суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Цярэнцьеў ды намесьнік старшыні суполкі Ігар Сухарукаў. Трэці яе ўдзельнік, прадпрымальнік Ўладзімер Цыбульскі, галадоўку спыніў.

Ладзіцца гэтая палітычная акцыя ў кватэры спадара Цярэнцьева па адрасе вул. Дзяржынскага, 8, кватэра 38, і ўжо шосты дзень галадоўнікі практычна не пакідаюць кватэры. Стан іхнага здароўя здавальняючы, аднак апошнімі днямі даецца ў знакі галавакружэньне. Паводле спадара Цярэнцьева, ім на кватэру часьцяком тэлефануюць аднадумцы зь Менску і Віцебску, выказваючы падтрымку.

Даводзіцца, аднак, канстатаваць, што згаданая акцыя не атрымала адпаведнага інфармацыйнага забесьпячэньня, і толькі сёньня зьявіліся ўлёткі з адпаведнай інфармацыяй. Адначасова актывісты партыяў, што ўваходзяць у кааліцыю “5+”, разгарнулі кампанію збору подпісаў навапалачанаў пад патрабаваньнем перагляду Выбарчага кодэксу.