Расейскае піва будзе пастаўляцца ў Беларусь без абмежаваньняў

Ігар Карней, Менск
Беларускі ўрад ухваліў прапанову канцэрну “Белдзяржхарчпрам” скасаваць ад 1 ліпеня ліцэнзіі на ўвоз соладавага піва з Расеі. Абмежаваньні былі ўведзеныя два гады таму як адзін з захадаў дзеля аховы ўнутранага рынку. У выніку істотна зьнізіўся экспарт расейскага піва ў Беларусь.

Мы ўжо паведамлялі пра нэгатыўнае стаўленьне беларускіх вытворцаў піва да новага рашэньня ўраду, бо цяпер пастаўшчыкі больш канкурэнтаздольнага расейскага прадукту атрымаюць фактычна неабмежаваны доступ на беларускі рынак і змогуць тут дэмпінгаваць. Паводле кіраўнікоў мясцовых бровараў, расейцам не складзе ніякіх цяжкасьцяў выраўнаць кошты зь беларускім півам, а то нават і зрабіць яго таньнейшым. Многія беларускія піўзаводы, якія і так перажываюць глыбокі крызыс, наўрад ці змогуць выжыць ва ўмовах піўной экспансіі з усходу.

Паведамляецца, што цяпер замест адмысловых ліцэнзіяў на пастаўку расейскага піва, кошт якіх складаў каля 18 тысяч даляраў, будзе ажыцьцяўляцца авансавы плацёж, сума якога будзе залежаць ад аб’ёму партыі.